• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Global Media Forum у Боне — актуальныя тэмы і магчымасці для камунікацый

    Ключавымі тэмамі Глабальнага медыяфорума (Global Media Forum), які адбыўся ў Боне (Германія), сёлета былі: лічбавая няроўнасць, уключэнне сацыяльных груп, асвятленне тэрарызму, манетызацыя медыя. Медыяфорум форум ужо ў адзінадцаты раз сабраў журналістаў, блогераў, медыяактывістаў, спецыялістаў у галіне менеджменту СМІ са 120 краінаў свету.

    Агулам у Форуме ўдзельнічалі больш за 1 000 прадстаўнікоў медыясектару.

    Адкрыццё Deutsche Welle Global Media Forum 2018. Peter Limbourg вітае ўдзельнікаў медыяфоруму.

    Актуальнае ў цяперашніх рэаліях пытанне для медыясупольнасці: як перадаваць інфармацыю пра тэрор і яго наступствы? Як увогуле зацікавіць людзей драматычнымі навінамі, якія не закранюць іх штодзённае жыццё? Чаму факты тэрору замоўчваюцца ў СМІ? Чаму салідарнасць у сучасным свеце на нізкім узроўні?

    Пра гэта разважалі журналісты і блогеры, якія жывуць і працуюць у гарачых кропках: Афра Насер (Afrah Nass­er) Швецыя-Емен, Рэйнхард Баўмгартнер (Rein­hard Baum­garten) Германія, Малам Тудун Вада (Malam Umar Sa’id Tudun Wada), Нігерыя. Выступоўцы пагадзіліся, што непрафесійнае асвятленне тэмаў тэрору, злачыннасці можа паспрыяць жорсткасці і большай колькасці ахвяр.

    Кіраўнік Deutsche Welle Пітэр Лімборг

    Кіраўнік Deutsche Welle Пітэр Лімбург адказаў на пытанні ўдзельнікаў форума.

    Трэба адзначыць што Deutsche Welle — гэта вялікі холдынг які ўключае — акадэмію, тэлебачанне і вытворчасць відэапрадукцыі, а таксама інфармацыйны сервіс на 30 мовах. Рэдакцыя медыя займае цэлы квартал Бона і змяшчаецца ў прыгожым месцы на беразе Рэйна.

    Напрыклад, у адказ на пытанне, ці можа Deutsche Welle неяк паспрыяць свабодзе слова ў Іране сп. Лімбург адказаў, што паміж Іранам і Deutsche Welle цяпер вельмі складаныя адносіны. «Урад гэтай краіны заблакаваў  Deutsche Welle. Мы дасяжныя толькі праз спецыяльны дадатак, які быў створаны адмыслова, каб забяспечыць доступ да медыя. Я лічу што гэта несяброўскі крок. Калі б я быў іранскім прэзідэнтам я б сказаў «Сome on! Лепш камунікаваць, чым блакаваць». Мы адкрыты да кааперацыі, але толькі тады, калі гэтая блакада цалкам скончыцца. Блакада СМІ — непрымальная з’ява», — сказаў Пітэр Лімбург.

    Цытаты Пітэра Лімбурга, дырэктара Deutsche Welle:

    • «Журналістыка ўключае ў сябе крытыку. У тым ліку і крытыку нашага ўрада».

    • «Нас не хвалюе, што думаюць урады і кіраўніцтва краінаў пра нашую працу. Мы перадаем пазіцыю і ўрадаў, і думкі апазіцыі».

    • «Мы не павінны пазбаўляцца ад палітыкі, але і не павінны быць толькі палітыкай» .

    •  «У нас ёсць 200 карэспандэнтаў у Афрыцы, і гэтага ніколі не будзе дастаткова».

    • «У Deutsche Welle працуе Медыяакадэмія. Мы робім шмат у стратэгічным кансалтынгу для медыярынка, рэалізуем праграмы супраць прапаганды і фальшывых навінаў, працуем для большай медыйнай пісьменнасці і іншае. Але, маё асабістае перакананне, мы павінны рабіць яшчэ больш у сферы адукацыі».

     

    Досвед філіпінскага медыя Rappler

    Журналістка філіпінскага медыя Rap­pler Наташа Гуціераз (Natasha Gutier­rez) распавяла пра інструменты, якія выкарыстоўвае рэдакцыя, каб паспяхова працаваць на медыярынку.

    Паводле слоў Гуціераз, стваральніца партала Марыя Рэсса (Maria Ressa) адмыслова наймала на працу блогераў, «бо разумела, што блогеры вельмі хутка вучацца».

    За тры гады Rap­pler стаў самым масавым незалежным СМІ ў Філіпінах. Rap­pler не звязаны ні з сямейнымі бізнесамі, ні з палітычнымі коламі.

    «8 дзяржаўных агенцтваў аказвалі ціск і спрабавалі зачыніць нас. Аднак не атрымалася», — распавяла журналістка.

    Фота з пленарнага паседжання.  Фота Марыі Савушкінай

    Як зарабляе Rap­pler?

    Журналіска Наташа Гуціераз назвала чатыры інструменты манетызацыі, якія цяпер прыносяць даход:

    • Brand­ed con­tent, ці тое, што ў нас называецца «партнёрскія артыкулы». Медыя пагаджаецца размяшчаць на сваёй пляцоўцы аплочаныя тэксты і матэрыялы, выгодныя для кампаній і бізнэсаў.

    • Гранты. Rap­pler карыстаецца дапамогай фондаў, якія фінансуюць сацыяльную і некамерцыйную дзейнасць, напрыклад US AID.

    • Правядзенне офлайн мерапрыемстваў. Выданне запрашае модных спікераў, якіх людзі хочуць пачуць і пабачыць, і зарабляе з продажу квіткоў, падтрымкі спонсараў. У Беларусі, напрыклад, гэты від манетызацыі ўжо некалькі год паспяхова практыкуе probusines.io

    • Краўдфандынг.

     

    Асабістыя ўражанні ад наведвання глабальнага Медыя Форуму

    Праца, якая была зробленая камандай арганізатараў, проста неверагодная. Усё па-нямецку дакладна. Бэйджы, якія ўдзельнікі атрымалі пры рэгістрацыі служылі праязднымі дакументамі ў гарадскім транспарце на час канферэнцыі.

    Канферэнцыя адбывалася ў Сусветным Канферэнц-цэнтры, дзе адначасова праходзіла да 30 паседжанняў!

    Увесь расклад з аўдыторыямі быў распісаны ў спецыяльнай брашуры, якую атрымаў кожны ўдзельнік. Інфаграфіка накіроўвала ў патрэбную аўдыторыю, а дадатак для смартфона перадаваў паведамленні, актуальныя навіны і інфармацыю. Праз дадатак таксама можна было атрымаць спіс усіх удзельнікаў і спікераў, паглядзець іх профілі. Плюс кароткае апісанне ўсіх паседжанняў, фотаздымкі, інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі — усё гэта працавала на 10 балаў.

    Месца. Сусветны Канферэнц-цэнтр у Бонне — сапраўдны шэдэўр сучаснай архітэктурнай думкі. Лагістыка памяшкання прадуманая да дробязяў, будынак здольны прыняць адразу больш за 1 000 чалавек. Творы мастацтва робяць будынак цікавым і густоўным. Нічога лішняга, усяго менавіта столькі, колькі трэба, і не больш.

    Музыка. Канферэнцыя была шчодра аздобленая класнымі музычнымі перформансамі.

    Пасля аднаго з пленарных паседжанняў нечакана група ўдзельнікаў з прэзідыума пачала спяваць «Оду да радасці» Бетховена, да іх далучылася група з залі, затым з балкона, з правага, з левага … І ўрэшце ўвесь зал па нотах, якія трансляваліся на экранах, спяваў. Перформанс падрыхтавалі ўдзельнікі хору супрацоўнікаў Deutsche Welle.

    Вялікі Людвіг Ван Бетховен нарадзіўся ў Боне ў 1770 годзе, чым мясцовыя жыхары вельмі ганарацца.

    Перад удзельнікамі форума выступалі індыйская спявачка Джынні Махі (Gin­ni Mahi) — юная таленавітая дзяўчына, якая мае актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама дуэт музыкаў-эмігрантаў, вядомы ў горадзе саксафаніст ды іншыя.

    У гэтым годзе Беларусь прадставілі 6 чалавек: блогер Антон Матолька, фатограф Таццяна Ткачова, эканамічны журналіст Надзея Коўш, медыя-актывіст Мікалай Анціпін, журналістка Вольга Данішэвіч, і, уласна, аўтарка гэтага тэксту — Марыя Савушкіна

    Тэмы паседжанняў, некаторыя матэрыялы можна знайсці па спасылцы.

    Наступны Глабальны медыяфорум у Боне адбудзецца 27–29 траўня 2019 года.

    Сёлета інфармацыю пра магчымасці паўдзельнічаць у працы Глабальнага медыяфорума ў Боне рассылала прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падпісацца на рассылку ГА «БАЖ» можна ТУТ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці