5 гадоў без Юрася Бушлякова, журналіста і мовазнаўца, аўтара кнігі «Жывая мова»
4 чэрвеня 2013 году пайшоў з жыцьця Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.
Ён нарадзіўся 29 траўня 1973 году ў Менску. Быў захоплены беларускім адраджэньнем 1980–1990‑х. Пасьля заканчэньня школы з залатым мэдалём Юрась паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, закончыў яго з чырвоным дыплёмам.
Адначасова сур’ёзна займаўся навуковай дзейнасьцю.
Юрась дасканала вывучыў усё, што было напісана пра беларускую мову, быў адным зь сяброў працоўнай групы для выпрацоўкі нормаў клясычнага правапісу беларускай мовы.
У 2003 годзе Юрась абараніў дысэртацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)». Выкладаў у БДУ, у Нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Менску, у Карлавым унівэрсытэце (Прага).
Аўтар кнігі «Жывая мова», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» ўжо пасьля сьмерці Юрася, адзін з суаўтараў «Беларускага клясычнага правапісу» (2005). Таксама займаўся пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Зьбігнева Гэрбэрта, Яраслава Сэйфэрта.
Апошнія гады жыў і працаваў у Празе. Памёр у Менску ад цяжкой анкалягічнай хваробы. У Юрася засталіся бацькі, сын Янка.
Вячорка: Юрась шчыра любіў беларускую мову
Мовазнаўца Вінцук Вячорка ўспамінае Юрася Бушлякова як прафэсіянала.
Юрась Бушлякоў увасабляе для мяне новае, адкрытае, нарэшце абсалютна несавецкае пакаленьне беларускіх мовазнаўцаў. Меў лінгвістычны талент, а галоўнае — шчыра любіў беларускую мову. Юрась скарыстаў непрацяглае «вакно магчымасьцяў» і ўпершыню ў Беларусі абараніў дысэртацыю пра беларускі моўны пурызм — тэорыю і практыку мабілізацыі ўласных моўных рэсурсаў, дакладней — пра аднаго з найярчэйшых нашых пурыстых, ініцыятара вяртаньня ў мову слова «спадар» Янку Станкевіча, укладаў ягоныя зборы твораў. Фактычна вярнуў у поле зроку «афіцыйнага» мовазнаўства стратэгічна важную для разуменьня лёсу беларускае мовы ў ХХ ст. праблему — без ранейшых ідэалягічных шораў. Аднак у сваёй моўнай практыцы заўсёды быў вытрыманы, аб’ектыўны, зважаў на рэальны моўны стан.
Было надзвычай прыемна працаваць зь Юрасём у лябараторыі сучаснае кадыфікацыі беларускага клясычнага правапісу. Ягоная агульная і лінгвістычная эрудыцыя, моўная памяць, адчуваньне нормы і мяжы магчымых зьменаў (ён імпэт і мой, і іншых нярэдка рацыянальна стрымліваў) — рысы абсалютна канечныя для такое працы.
Заслугі Юрася як пэдагога і «моўнага» журналіста сувымерныя зь ягонымі навукова-тэарэтычнымі зьдзяйсьненьнямі. Кніга «Жывая мова» — мая настольная (і часта зьвяртаюся да аўдыёгутарак на сайце Свабоды, дзе гучыць ягоны непаўторны інтэлігентны і таму пераканаўчы голас). Мяккі стыль ягоных моўных парадаў цалкам пазбаўлены катэгарычнасьці. Ён паказвае перадгісторыю праблемы моўнага выбару і проста раіць. А маючы шырокі лінгвістычны, беларусазнаўчы, наагул культурны кругагляд — падказвае чытачу (калі ня йдзецца пра віавочныя памылкі): хутчэй за ўсё, моўныя працэсы сярод некалькіх варыянтаў выведуць у лідэры вось гэтае слова (форму, выраз). І ўявіце сабе — прагнозы Юрасёвы спраўджваюцца. Прыкладам, слова «зьвяз» упэўнена пашырае сваю нішу коштам пазычанага і ідэалягізаванага «саюзу». Зрэшты, калі гэта самапацьвярджальны прагноз — г. зн. на моўную практыку паўплывала рэкамэндацыя Юрася Бушлякова — дык выдатна, што маем такія сучасныя моўныя аўтарытэты.