• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як зрусыфікавалі раённыя газэты

    Як здарылася, што больш за сто раённых газэт Беларусі, якія ў БССР у 90 працэнтах выпадкаў выдаваліся на беларускай мове, за гады кіраваньня Лукашэнкі сталі амаль спрэс расейскамоўнымі? Фармальна яны захавалі свае беларускія назвы, але найчасьцей, апроч назвы, выходных дадзеных ды адной-дзьвюх заметак, па-беларуску вы ў іх нічога ня знойдзеце.

     Рэгіянальныя газэты, архіўнае фота

    Марна шукаць нарматыўныя дакумэнты, зь якіх пачалася русыфікацыя. Ніхто пад прымусам да расейскай мовы нібыта не схіляў. Проста ў сярэдзіне 90‑х гадоў, пасьля сумнапамятнага моўнага рэфэрэндуму 1995 году, калі адбывалася перарэгістрацыя СМІ, заснавальнікі «раёнак» адзін за адным пачалі ўносіць у статутныя дакумэнты зьмены. Была мова выданьня беларуская, сталі — беларуская і расейская. Маўляў, якія могуць быць прэтэнзіі? Усё згодна з генэральнай лініяй і дэкляраваным афіцыйным дзьвюхмоўем. Ну, а далей — як у тым анэкдоце, які любіў расказваць з гэтай нагоды сьветлай памяці Рыгор Іванавіч Барадулін:

    — Што за каўбаса ў вас?

    — Конь з курапаткай.

    — А чаго ў ёй болей, каня ці курапаткі?

    — Ды ўсяго пароўну: адзін конь — адна курапатка.

    У часы БССР нікому не прыходзіла ў галаву выдаваць так званыя «дзьвюхмоўныя» газэты, у якіх адначасова друкаваліся б тэксты і па-расейску, і па-беларуску. Адзінай дзьвюхмоўнай лічылася газэта «Вячэрні Мінск», але ейнае дзьвюхмоўе заключалася ў тым, што адначасова выдаваліся дзьве вэрсіі: беларускамоўная і расейскамоўная. Беларускамоўная была стратная, і кіраўніцтва газэты неяк паспрабавала аспрэчыць мэтазгоднасьць яе існаваньня. Але, як ні дзіўна, атрымала ад партыйнага кіраўніцтва вокрык: пытаньне, маўляў, ідэалягічнае, нельга ўсё зводзіць да адных толькі грошай…

    Мне давялося працаваць у шчучынскай раённай газэце «Савецкая вёска» — адразу пасьля ўнівэрсытэту, у сярэдзіне 80‑х. Моўныя стандарты вытрымліваліся строга: па-беларуску павінны былі друкавацца ўсе матэрыялы, уключна з камэрцыйнымі абвесткамі, нэкралёгамі і віншаваньнямі. Выключэньняў не было ніякіх — апроч хіба што старонкі мясцовага літаб’яднаньня: расейскамоўным паэтам дазвалялася друкавацца на мове арыгіналу.

    Канечне, у астатнім грамадзкім жыцьці райцэнтра панавала расейская мова: школы — абедзьве расейскамоўныя, справаводзтва, грамадзкія сьвяты, гарадзкое асяродзьдзе — усё па-расейску. А вось «раёнка» заставалася рэдкім асяродкам беларушчыны. І так — амаль ва ўсіх райцэнтрах. Выключэньне чамусьці было зроблена толькі для некалькіх буйных гарадоў у заходніх абласьцях — напэўна, зважаючы на тое, што там жыло шмат прыежджых з Расеі.

    Так было да пачатку 90‑х. І ў першыя гады незалежнасьці здавалася, што беларускамоўны друк неўзабаве стане дамінаваць у краіне. І тут дэпутат і рэдактар Ёсіф Паўлавіч Сярэдзіч стварае парлямэнцкую свабодалюбівую «Народную газету», у якой укараняе новы моўны падыход: тэксты друкуюцца часткова па-беларуску, часткова — па-расейску. Газэта, зважаючы на статус Вярхоўнага Савету на пачатку 90‑х, фактычна лічылася галоўнай у дзяржаве. Новую моўную моду зь цягам часу пажадалі пераняць сотні раённых, гарадзкіх і абласных газэт. У рэчаіснасьці для большасьці зь іх гэта быў легальны спосаб паступовай русыфікацыі выданьняў.

    Некалькі разоў я заводзіў пра гэта размову зь Ёсіфам Сярэдзічам. Ён звычайна адказвае: «Ці ж я думаў, што так атрымаецца!» і сам абураецца тым, да якога стану зьведзена так званае дзьвюхмоўе ў цяперашняй «Народнай газеце», «Рэспубліцы» і яшчэ некалькіх сотнях газэт у розных рэгіёнах Беларусі.

    Размаўляў пра гэта і зь некалькімі рэдактарамі раённых газэт. Тыя, хто памятае, як адбываўся пераход на «дзьвюхмоўе», кажуць, што разьлічвалі на сурʼёзны рост накладаў. Спасылкі звычайна такія: «Ну, у нас жа ў раёне буйная вайсковая частка (прадпрыемства, чыгуначны вузел, расейская база). Мы ж павінны былі ўлічваць інтарэсы расейскамоўнай часткі насельніцтва».

    — І што, спраўдзіліся чаканьні?

    У адказ звычайна няпэўна паціскаюць плячыма.

    У Беларусі на сёньня больш за 500 газэт і часопісаў, мовы выданьня якіх, згодна са статутнымі дакумэнтамі, — беларуская і расейская. У рэчаіснасьці абсалютная бальшыня іх — расейскамоўныя. У адказ на скаргі і заўвагі абаронцаў беларускай мовы чыноўнікі і рэдактары даюць стандартны адказ прыблізна такога зьместу:

    «У адпаведнасьці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі не дапускаецца незаконнае ўмяшаньне ў дзейнасьць рэдакцыі. Пытаньні публікацый матэрыялаў на старонках друкаваных СМІ на той ці іншай мове вызначаюцца заснавальнікамі і кіраўніцтвам сродкаў масавай інфармацыі».

    У перакладзе з чыноўніцкай мовы на беларускую гэта азначае: «На якой мове хочам, на такой і друкуем».

    На сёлетняй выставе «СМІ ў Беларусі»
    На сёлетняй выставе «СМІ ў Беларусі»

    Сытуацыю лёгка мог бы выправіць усяго адзін радок у законе аб СМІ — пра тое, што ў зарэгістраваных як дзьвюхмоўныя выданьнях доля тэкстаў на беларускай мове павінна складаць ня менш за 50 працэнтаў. Але хто яе, такую папраўку, унясе і прыме?

    «Чырвоны сцяг», «Чырвоны прамень», «Да новых перамог», «Святло Кастрычніка» і яшчэ некалькі соцень газэт, беларуская мова ў якіх захавалася хіба толькі ў гэтых нягеглых камуністычных назвах, пакуль што выходзяць, дзякуючы пераважна бюджэтнаму фінансаваньню. Амаль ва ўсіх наклады з году ў год толькі скарачаюцца. Расейская мова нікога не ўратавала.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці