• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Публічнае абмеркаванне зменаў у заканадаўства аб СМІ: Мы — жабка, якой падаграюць ваду. А яна не адчувае, што хутка зварыцца

    Беларуская асацыяцыя журналістаў зладзіла круглы стол па тэме: “Папраўкі ў заканадаўства аб СМІ: ацэнка і магчымасці паўплываць на змены”. У сустрэчы ўдзельнічалі юрысты, прадстаўнікі медыя, рэдактары.

    На пачатку сустрэчы старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец яшчэ раз акрэсліў асноўныя змены, якія прапануюць унесці ў заканадаўства аб СМІ.

    “Змены ў заканадаўства не з’яўляюцца нечым сфармуляваным распрацоўшчыкамі закона паводле сваіх меркаванняў. Відавочна, вышэшыя органы ўлады паставілі задачу ўзмацніць кантроль за сферай медыя. Ёсць адчуванне, што мы — як тая жабка, якой пакрыху падаграюць ваду. І яна не адчувае, што хутка зварыцца. Змены ўносяцца не толькі ў Закон аб СМІ, але і ў Адміністрацыйны кодэкс — прапануецца ўвесці новыя склады правапарушэнняў, якія сфармуляваныя невычарпальна, таму ў дзяржаўных органаў з’яўляюцца дадатковыя магчымасці прыцягваць рэдакцыі і журналістаў да адказнасці. У прыватнасці, ідзе размова пра распаўсюд забароненай інфармацыі.

    Таксама вельмі паказальна, што пратаколы за распаўсюд інфармацыі і парушэнне Закона аб СМІ будуць складаць супрацоўнікі ўнутраных органаў.

    Яшчэ адзін важны пункт — рэгістрацыя сеткавых СМІ. Інтэрнэт-выданні атрымліваюць тыя ж правы, што і традыцыйныя медыя. Але працэдура рэгістрацыі СМІ застаецца вельмі складанай. Увесь час мы казалі пра складаны працэс рэгістрацыі СМІ ў Беларусі. І замест таго, каб яе спрасціць, улады гэтую практыку распаўсюджваюць на інтэрнэт-выданні: неабходнасць ствараць  юрыдычную асобу, мець юрыдычны адрас, рэдактар сеткавага медыя мусіць мець пяцігадовы стаж на кіруючых пасадах у сферы СМІ.

    Таксама паказальна, што ствараецца асаблівы парадак для закрыцця сеткавых СМІ. У адрозненні ад звычайных выданняў, дзейнасць сеткавага выдання можа быць спынена шляхам пазасудовага блакавання. І гэта не можа быць абскарджана ў судзе.

    Таксама шмат пытанняў узнікае з ідэнтыфікацыяй каментатараў”, — пералічыў асноўныя негатыўныя моманты плануемых новаўвядзенняў старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

    Злева — старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец

    “У нас няма эйфарыі, але паказальна, што мы загадзя атрымалі прапанаваныя папраўкі. У 2014 годзе ўсё прымалася ў сакрэце”, — згадала ранейшыя працэдуры зменаў ў заканадаўстве сябра праўлення ГА “БАЖ” Жанна Літвіна.

    Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі заўважыў, што размова ідзе пра добраахвотную рэгістрацыю ў якасці СМІ. Прадстаўнікі сеткавых  выданняў змогуць называцца журналістамі, але ніхто не дае гарантыі, што тыя ці іншыя органы пачнуць з імі супрацоўнічаць.

    Кіраўнік юрыдычнай службы ГА "БАЖ" Алег Агееў, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі

    Эксперт падкрэслівае, што пакуль выглядае на тое, што ёсць шмат недакладнасцяў адносна рэгістрацыі сеткавых выданяў, аўтарскіх правоў, кіравання сайтам і гэтак далей.

    Таксама для многіх інтэрнэт-выданняў можа паўстаць сур’ёзная праблема наконт таго, дзе ж узяць галоўнага рэдактара з 5‑гадовым стажам у сферы кіравання СМІ, бо прадстаўнікі інтэрнэт-выданняў раней не былі СМІ і іх супрацоўнікі, адпаведна, не маюць такога стажа.

    Невядома, ці пойдзе мінінфарм на нейкія паслабленні ў сувязі з вялікай колькасцю такіх сайтаў і іх магчымымі праблемамі.

    Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі заявіў, што цяпер улады схіляюцца да ідэнтыфікацыі праз sms, але гэта не прапісана ў заканадаўстве. Разам з тым распрацавана канэпцыя Закона аб абароне персанальных дадзеных, якая пакуль не ўнесеная ў парламент. Але там прапісаны правілы захавання персанальнай інфармацыі, якія сайты выданняў вымушаныя будуць выконваць. Як гэта будзе карэлявацца, пакуль незразумела.

    Яшчэ адзін момант новаўвядзенняў— абавязальніцтва для тэлеканалаў мець 30 % кантэнту нацыянальнай вытворчасці. Для дзяржаўных тэлеканалаў гэта не будзе праблемай, але можа стаць праблемай для прыватных кабельных тэлеканалаў.

    Таксама сур’ёзныя апасенні ў законапраекце выклікае адсылка да блакавання выданняў за неналежную рэкламу.

    Жанна Літвіна, Андрэй Бастунец, Барыс Гарэцкі

    “Там, дзе ўжо ёсць зарэгістраванае СМІ, асаблівай патрэбы рэгістраваць сайт у якасці новага СМІ няма. Бо многія сайты зарэгістраваных выданняў юрыдычна аформленыя на прыватных прадпрымальнікаў. Гэта дае магчымасць карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання і з’яўляецца каштоўнасным момантам. Але пакуль да канца незразумела, ці будзе гэта дзейнічаць”, — гаворыць Андрэй Бастунец.

    “У гісторыі прыняцця законаў ёсць практыка, калі законапраекты мяняліся падчас працэдуры абмеркавання. Так было пры падрыхтоўцы ўказа №60, пры прыняцці Закона аб СМІ ў 2008 годзе. Але я не з’яўляюся аптымістам у тым, што цяперашнія папраўкі могуць сур’ёзна змяніцца.

    Я бачу мэтанакіраваныя дзеянні ўладаў, каб унесці пэўныя палажэнні ў заканадаўства. Відавочна, што ўсё зроблена, каб гэтыя папраўкі былі прынятыя менавіта ў такой форме”, — гаворыць Андрэй Бастунец.

    Журналісты Любоў Лунёва, Андрусь Козел, Аляксей Мінчонак

    Важна мець на ўвазе, што папраўкі ў заканадаўства распаўсюджваюцца і на мабільныя праграмы, сацыяльныя сеткі і г. д.

    У прапанаванай новай норме ўладальнік інтэрнэт-рэсурса абавязаны не дапускаць да публікацыі забароненую інфармацыю, недакладную інфармацыю, не дапускаць публікацыі нецэнзурных выразаў. То бок аграмадная адказнасць кладзецца менавіта на рэдакцыі.

    Што ўжо было зроблена і што можна зрабіць.

    — Законапраект знаходзіцца ў парламенцкай камісіі. Мы накіравалі туды заўвагі і прапановы, якія камісія павінна разглядзець. У гэту ж камісію дэпутат Ганна Канапацкая перадала свой законапраект, які датычыць зменаў у закон аб СМІ. Таму на дадзены момант у камісіі знаходзяцца два праекты закона. Вось што прапануе Канапацкая ў законапраекце, распрацаваным сумесна з экспертамі БАЖ: судовы парадак блакіроўкі сайтаў, працэдура абскарджвання рашэнняў Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да СМІ, легальны статус для журналістаў-фрылансераў, новая фармулёўка палажэння аб акрэдытацыі пры дзяржаўных органах, а таксама адмена патрабавання для грамадзянаў Беларусі атрымліваць акрэдытацыю у МЗС для супрацы з замежнымі выданнямі.

    Мы прасілі ўключыць нас у склад рабочай групы, аднак пакуль пасяджэння камісіі не было. Камісія можа або ў аўтарскай рэдакцыі вынесці праект на абмеркаванне парламента, або наогул адхіліліць прапанаваныя папраўкі, або дапрацаваць законапраект. Але, каб дапрацоўваць дакумент, камісія павінна ўзгадніць змены з Адміністрацыяй прэзідэнта і іншымі зацікаўленымі ведамствамі. Таму спадзевы, што будуць унесеныя нейкія змены, вельмі малыя, — патлумачыў кіраўнік юрыдычнай службы ГА “БАЖ” Алег Агееў.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў мае намер прыкладаць усе намаганні, каб законапраект быў дапрацаваны. Калі законапраект будзе прыняты, намаганні экспертнай супольнасці будуць скіраваныя на абмеркаванне падзаконных актаў, якія будуць дапаўняць папраўкі заканадаўства.

    Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што ёсць верагоднасць, што на пасяджэнне камісіі могуць быць запрошаныя зацікаўленыя асобы. Гэта могуць быць прадстаўнікі ГА “БАЖ” ці рэдакцый. І менавіта на гэтай стадыі дакумент можа быць зменены.

    Юрыст Алег Агееў падкрэслівае, што ў ідэале законапраект мусіць быць дапрацаваны да першага чытання.

    Кіраўнік ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец заклікаў прадстаўнікоў медыя да шырокай дыскусіі ў грамадскай прасторы, бо толькі так мы можам далучыць шырокую грамадскасць працэссу.

    Што плануецца зрабіць у гэтай сітуацыі:  

    • ГА “БАЖ” накіруе індывідуальныя звароты да кожнага дэпутата парламента;

    • Плануецца зварот у парламент экспертаў у галіне інтэрнэту;

    • БАЖ звярнуўся да прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ з просьбай распачаць дыялог з беларускімі ўладамі;

    • БАЖ заклікае медыя шырока асвятляць гэтую тэму і даводзіць да грамадзян, прадстаўнікоў рэдакцый, што папраўкі ў заканадаўства закрануць кожнага;

    • Трымаць дыскусію па гэтых папраўках у публічнай прасторы;

    • Важна, каб прадстаўнікі галоўных анлайн-медыя выказаліся адносна законапраекта;

    • Плануецца распрацаваць электронную петыцыю, якую кожны зможа падтрымаць.

    Злева — галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці