• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    10 беларускіх плакатаў да 8 сакавіка: жанчына з работніцы ператвараецца ў прыгажуню

    Які вобраз жанчыны прачытваецца на плакатах, прысвечанных 8 сакавіка? Ці мяняўся ён з часам? Хто хутчэй рэагаваў на змены ў грамадстве — плакатысты ці журналісты?

    Летась мы публікавалі агляд выпускаў беларускай прэсы, што выходзілі каля 8 сакавіка, і спрабавалі прасачыць праз іх, як мянялася рыторыка свята ў часы СССР і незалежнай Беларусі. Сёлета паглядзім на візуальны бок. Параўнаем падборку плакатаў да 8 сакавіка з калекцыі Беларускага саюза дызайнераў з выявамі пра абаронцаў Айчыны, апублікаванай 23 лютага.

    Нагадаем, свята 8 сакавіка ўзнікла, па розных версіях, у 1908‑м ці 1910‑м годзе на Захадзе, у СССР святкавалася з 1920‑х у памяць аб пачатку Лютаўскай рэвалюцыі дэманстрацыяй у Петраградзе, а таксама як Міжнародны жаночы дзень. Але свята — не значыць выходны. Непрацоўным днём 8 сакавіка стала ў СССР толькі з 1966 г. Тады ж пачаў паступова сыходзіць палітычны змест дня, і ўжо ў 1980‑х 8 сакавіка ўспрымаецца як Дзень жанчын, прыгажосці, вясны… Чаго заўгодна, толькі не свята міжнароднай салідарнасці ў барацьбе за жаночыя правы.

    Аўтар: Крэйдзік І. Г. 1967 г.

    Даваенных плакатаў захавалася няшмат, па любой тэматыцы. Мала сустракаецца плакатаў, прысвечанных 8 сакавіка, у 1950‑х гадах. У калекцыі Беларускага саюза дызайнераў добра прадстаўленыя 1960‑я. На плакаце Ігара Крэйдзіка 1967 г. — вобраз жанчыны-працаўніцы: яна і ля станка, яна і на палетках, і будаўніца, і касманаўт… А яшчэ — займаецца спортам, носіць сукенку. І атрымлівае «зямны паклон, пашану, любоў і кветкі». Такім чынам, разам з вобразам жанчыны, што працуе, які мог быць актуальным і ў даваенны час, узнікаюць і асабістыя рысы, абмалёўваецца папулярны ў наступныя гады вобраз жанчыны, якую трэба любіць і віншаваць.

    Аўтар: Шматаў В. Ф. 1968 г.

    На плакаце Віктара Шматава 1968 года — мужчына ў святочных клопатах, з кошыкам кветак. У 1960‑х узрос дабрабыт грамадзян СССР агулам і БССР у прыватнасці, таму з’явілася магчымасць пабачыць у жанчыне не толькі працаўніцу, папесціць яе падарункамі. Узрастае роля прыватнай сферы, савецкі чалавек ужо не жыве толькі вытворчымі клопатамі. Па словах супрацоўніка Саюза дызайнераў Паўла Дарохіна, плакаты, створанныя ў 1960‑х, адрозніваюцца геаметрызмам, стылізацыяй, пляскатасцю, лаканічнасцю формаў, звядзеннем гамы да некалькіх колераў. Тэндэнцыі захоўваліся ў першай палове 1970‑х. Паступова выявы становяцца больш натуралістычнымі.

    Аўтар: Радунскі І. І. 1973 г.

    Тэндэнцыя пераходу 8 сакавіка з грамадскай у прыватную сферу працягваецца і нарастае ў 1970‑я. На плакаце Ізраіля Радунскага 1973 года — жанчына-ўдарніца, кветкі займаюць палову фона і толькі палова прысвечана працы, якая, аднак, застаецца даволі суворай: мы бачым будаўнічы кран, трактар, сталеліцейную печ… Сама жанчына выяўленная ў камбінезоне, але пад ім — блузка з вышыўкай у форме геаметрычнага народнага арнаменту. Пра заняткі па-за вытворчасцю, што з’явіліся ў савецкага грамадзяніна, на іншым плакаце Радунскага кажа цытата Леаніда Брэжнева:

    “Вольны час можа лічыцца сапраўдным багаццем, калі ён выкарыстоўваецца ў інтарэсах усебаковага развіцця чалавека”.

    Аўтар: Кальмаева Л. М. 1977 г.

    У вобразе, створанным Людмілай Кальмаевай у 1977‑м, ужо няма нічога ад працаўніцы: мы бачым дзяўчыну з касой і кветкамі, у пяшчотнай блузцы з матузкамі. Подпіс паведамляе пра жаночую любоў і ласку і нічога — пра вытворчыя поспехі, удзел у рэвалюцыйнай барацьбе, вайне ці змаганне за правы. Пытанне, ці можна лічыць гэту выяву канчатковай перамогай “жанчыны” над “працаўніцай” у беларускім савецкім плакаце? Заўважым, што Кальмаева нават мужчынскую тэматыку пра абаронцаў айчыны ўмудралася падаць больш “чалавечна” за плакатыстаў-мужчын.

    Аўтары: Цэслер У. Я., Малішэўскі С. А. 1984 г.

    На плакаце Уладзіміра Цэслера і Сяргея Малішэўскага 1984 г.ода жанчына канчаткова ператвараецца з працаўніцы ў прыгажуню. Праўда, мастакі робяць адсылку да міжнароднага харакатру свята, што на сёння можа падацца і тонкім сцёбам. Выявы зямнога шару сустракаюцца ў сувязі з 8 сакавіка і ў іншых плакатыстаў амаль да канца 1980‑х. У гэтым аспекце плакат, як інструмент агітацыі, выступае больш кансерватыўным за СМІ, адкуль згадкі пра міжнародную значнасць 8 сакавіка знікаюць ужо ў 1970‑х, саступаючы тэме мацярынства. Дарэчы, гэтая тэма, на дзіва, вельмі мала прадстаўленная на плакатах.

    Аўтар: Кальмаева Л. М. 1985 г.

    1985 год. Зноў Людміла Кальмаева. Прыгажуня ў касцы і з кветкамі. Сцёб? Даніна часу? Рэверанс да ранейшых сэнсаў свята?

    Аўтар: Філімонаў В. М. 1987 г.

    1987 год. Ва ўсю ідзе Перабудова. Віктар Філімонаў малюе прыгажуню без аніякіх сувязяў з вытворчасцю, але вырашае дадаць міжнароднага пафасу: на заднім плане — голуб міру.

     Аўтар: Балянок С. В. 1989 г.

    Сяргей Балянок малюе кветку (нават без жанчыны) на плакаце 1989 года. У візуальным афармленні, як і ў апісаннях прэсы, 8 сакавіка канчаткова ператварылася ў “кветкава-цукеркавае” свята, “жаночы дзень” без грамадскага складніка. Да таго ж, кветка на плакаце — яўна самаробная, на заднім плане — прылады для творчасці. Хутчэй за ўсё, гэта кшталт “падарункаў маме”, якія дзеці майго пакалення актыўна рабілі ў садках і малодшай школе. Гэта адна з нешматлікіх і няяўных адсылак да тэмы мацярынства ў беларускім плакаце.

    Аўтар: Васюк У. У. 1989 г.

    Цікавую “этнаграфічную” тэндэнцыю ў графіцы адлюстроўвае плакат 1989 года Уладзіміра Васюка, дарэчы, настаўніка Міхала Анемпадыстава. Жанчына ў традыцыйным строі трымае кветкі, але гэта не тыповыя для 8 сакавіка мімозы, а званочкі і коцікі. Апошнія адсылаюць да перадвелікоднай Вербнай нядзелі. Паварот грамадства да нацыянальнага адраджэння і рэлігійнасці не мог прайсці незаўважаны графікамі.

    Па словах Паўла Дарохіна, яшчэ ў пачатку 1980‑х Васюк разам з Іванам Андрасюком і Уладзімірам Крукоўскім распачалі нацыянальную тэматыку ў плакаце. Савецкасць на такіх выявах спалучаецца з “адраджэнскім” пафасам.

    Аўтар: Кірыльчык М., 2016 г.

    Марыя Кірыльчык на плакаце 2016 года акцэнтуе апошнія гламурныя тэндэнцыі, камерцыялізацыю свята. Абцасы і ружовае, на мой погляд, успрымаюцца як сцёб і як спроба дэканструкцыі сучаснага сэнсу 8 сакавіка. Мастачка працуе з фемінісцкім дыскурсам, падымае гендэрныя праблемы. Яе іншыя працы прысвечанныя барацьбе з гвалтам супраць жанчын, ракам грудзей і за гендэрную роўнасць. Нягледзячы на ўсю спрэчнасць, з якой гендэрная тэматыка ўспрымаецца ў сучаснай патрыярхальнай Беларусі, фемінісцкі плакат стаў трывалай тэндэнцыяй беларускага мастацтва. У гэтым накірунку працуюць таксама Юлія Галавіна і Юрый Тарэеў.

    У параўнанні з вобразам мужчыны, што на плакатах другой паловы ХХ стагоддзя амаль не мяняецца, жанчына выступае ў розных іпастасях: спачатку працаўніцы, прадстаўніцы міжнароднай супольнасці, потым — проста прыгажуні. Савецкія плакаты адлюстроўваюць ідэалагічны складнік святкавання 8 сакавіка больш доўга за СМІ. Апошнія хутчэй рэагуюць на змены ў грамадстве і адгукаюцца на новыя тэндэнцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці