• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Дыялог з Еўрасаюзам ідзе, а праблемы ў сферы свабоды слова не вырашаюцца

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў занепакоенасць тым фактам, што дыялог з Еўрсаюзам у межах праграмы “Усходняе партнёрства” вядзецца, але сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі не змяняецца ў лепшы бок.

    У Мінску прайшла канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства  «Грамадзянская супольнасць Беларусі як стэйкхолдер беларуска-еўрапейскіх адносін: на шляху да практычных вынікаў 2020».

    Падчас  канферэнцыі былі абмеркаваныя  роля, змест і форма ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў разнастайных фарматах і камунікацыйных пляцоўках беларуска-еўрапейскіх стасункаў, іх магчымы ўнѐсак у вырашэнне практычных задач Усходняга партнѐрства.

    Кіраўнік ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, у прыватнасці, закрануў сферу медыя, свабоды слова. Старшыня прафесійнай арганізацыі  адзначыў, што медыйнае пытанне дастаткова сур’ёзна абмяркоўваецца ў рамках Форума грамадзянскай супольнасці, было рэалізавана некалькі супольных праектаў, датычных медыя, апошнія з іх тычыліся расійскай прапаганды. Таксама рабілі ў 2013–2014 гадах Індэкс свабоды медыя ў краінах Усходняга партнёрства. Рэйтынг вымяраў палітыку, заканадаўства ў галіне медыя, развіццё тэлебачання, інтэрнэта, правапрымяненне. І Беларусь цягам тых двух год была стабільнай краінай: кожны раз апыналася на апошнім месцы.

    “Ведаю, што прадстаўнікі Грузіі, Украіны, Малдовы быў дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, каб нешта змяніць. У Беларусі і Азербайджане нічога такога не было.  Гэта ўсё выглядала як два паралельных працэсы. Магчыма, канешне, на сітуацыю ўплываў той факт, што беларускі парламент не быў прадстаўлены ў «Еўранэсце». Але не думаю, што сітуацыя б змянілася, калі б там былі члены беларускага парламента. Нашы парламентарыі ўключаныя ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, але сур’ёзных зменаў ад гэтага не бачна. На жаль, ідуць паралельныя працэсы: абмеркаванне сітуацыі ў галіне правоў чалавека сярод грамадзянскай супольнасці краіны і дзяржаўны працэс, скіраваны найперш на замоўчванне праблем”, — сказаў Бастунец  у сваім выступе падчас канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

    Як прыклад размоў без выніку Бастунец прывёў дыялог па правах чалавека, дзе абмяркоўваюцца і затрыманні журналістаў, і штрафы за працу без акрэдытацыі. Быў перыяд, калі падавалася, што гэтыя размовы маюць плён: з красавіка 2016 па сакавік 2017 года журналістаў не штрафавалі за працу на замежныя медыя без акрэдытацыі. Але з сакавіка 2017 года сітуацыя значна пагоршылася, і за мінулы год колькасць такіх штрафаў перавысіла іх агульную колькасць за папярэднія тры гады.

    “Гэта паказвае, што калі пытанне і стаіць у парадку дня розных перамоў і дыялогаў, гэта ніяк не ўплывае на яго вырашэнне на практыцы. Часта адбываецца так, што дыялог вядуць адны прадстаўнікі дзяржаўных органаў, а рашэнні прымаюць іншыя людзі і ўстановы.

    Як можна паўплываць на гэта?  Гэта адно з палітычных пытанняў да беларускай дзяржавы. Я мушу прызнаць, што пашырэнне кола тэмаў, якія цяпер разглядаюцца паміж ЕС і Беларуссю на розных пляцоўках, звязана з тым, што ўлады гатовыя размаўляць пра многае, але пытанні правоў чалавека, тыя пытанні, якія ёсць для нас адчувальнымі, якраз і хацелі б адсунуць у кут. І нават ад еўрапейскіх чыноўнікаў даводзілася чуць: “Давайце гаварыць з беларускай дзяржавай па тых пытаннях, па якіх яна гатовая. Астатняе будзем мець на ўвазе». Але гэта вельмі сур’ёзная праблема для нашай праваабарончай супольнасці!”, — падкрэсліў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    На гэтую прамову кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын заявіла, што прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці трэба рыхтавацца да кожнага раўнду перамоў і ўздымаць там свае пытанні, але не чакаць хуткіх рашэнняў.

    Андреа Викторин, глава представительства ЕС в Беларуси

    “Зразумела, вы не атрымаеце інфармацыі праз тры месяцы, як таго, можа быць, хацелася б. Няма такога і з іншымі краінамі. Але можаце быць упэўненымі, што недзе ў красавіку гэтага года будзе пасяджэнне каардынацыйнай групы, у чэрвені  — наступны раўнд дыялога па правам чалавека. Можаце ўжо пачынаць рыхтавацца. Прагматычны характар дыялога не абавязкова ёсць нечым негатыўным. Калі мы хочам бачыць прагрэс, трэба размаўляць пра ўсё, пра што гатовыя гаварыць партнёры. А не проста рэагаваць, напрыклад, на парушэнні падчас выбараў нейкімі заявамі. Трэба размаўляць і дамаўляцца, каб дасягнуць выніку”, — сказала спадарыня Віктарын.

    Дыпламат таксама падкрэсліла, што Беларусь — адзіная краіна з Усходняга парнёрства, у дыялогу з якой па правам чалавека прысутнічаюць прадстаўнікі грамадзянскай, праваабарончай супольнасці. І яны маюць магчымасць кантраляваць працэс.

    “У іншых краінах такога няма. З імі проста праводзяць кансультацыі, але яны не з’яўляюцца ўдзельнікамі дыскусіі. Я цалкам згодная з вамі, што касметычныя перамены — гэтага вельмі мала. Але трэба таксама вучыцца ўдзельнічаць у гэтых фарматах супрацоўніцтва”, — заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

    Адзначым, што па выніках сустрэчы была прынятая выніковая рэзалюцыя. У дакуменце таксама акцэнтуецца ўвага і на праблемах у медыясектары Беларусі.

    «Выказваем непрымальнасць фактаў рэгулярнага ціску на незалежныя СМІ і журналістаў. Мы падтрымліваем ацэнкі сітуацыі са свабодай слова ў нашай краіне, прадстаўленыя ў апошніх заявах Беларускай асацыяцыі журналістаў і групы праваабарончых арганізацый аб недапушчальнасці абмежавання доступу грамадзян да сайтаў «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org) і «Хартыя 97» (charter97.org) і заклікаем адмяніць адпаведныя рашэнні Міністэрства інфармацыі і аднавіць свабодны доступ да гэтых сайтаў. Мы таксама заклікаем перагледзець існае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і спыніць практыку палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце, а таксама пераследу журналістаў за вядзенне імі прафесійнай дзейнасці», — заяўляюць удзельнікі канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці