• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марыя Малевіч пра канферэнцыю ў Інстытуце журналістыкі БДУ: Размова пра медыя без удзелу незалежных СМІ і еўрапейскіх даследчыкаў

    “Думала, будзе горш”, — першае, што захацелася сказаць пасля наведвання Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Журналістыка 2017: стан, праблемы і перспектывы”, якая праходзіла 16 і 17 лістапада ў Інстытуце журналістыкі БДУ…

    Вы заўважалі, што большасць прыемных рэчаў носіць кароткую назву і наадварот, чым даўжэй найменне, тым большая верагоднасць падвоху? Я скончыла ўніверсітэт, падаецца, цэлае жыццё таму, але словы “навукова-практычная канферэнцыя” дагэтуль выклікаюць настойлівае жаданне пазяхаць. У Беларусі любое больш-менш афіцыйнае мерапрыемства быццам бы наўмысна імкнуцца аформіць у максімальна фармалінавай стылістыцы. Аўтаматычна чакаеш чырвоных дыванкоў, пыльных аўдыторый, доўгіх дакладаў. Аднак канферэнцыя ў Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта абышлася, прынамсі, без дыванкоў. Жыццё на “журфаку” ішло сваім шэрагам пакуль у некалькіх аўдыторыях працы прэзентавалі беларускія, расійскія і ўкраінскія даследчыкі. Так мовіць, у працоўнай атмасферы.

    Нягледзячы на тое, што на канферэнцыі было заяўлена каля сотні даследаванняў у адзінаццаці секцыях, умоўна ўсе даклады можна было падзяліць на тыя, што нагадвалі, як было раней, і тыя, што спрабавалі разабрацца, як будзе заўтра.

    Апошніх было больш і гэта радуе. Якой бы каштоўнай для навукі не была інфармацыя пра працу “Савецкай Беларусі” у часы Другой сусветнай вайны, але для паўсядзённай журналістыкі гэтыя веды не нясуць ніякай карысці.

    Куды цікавей было пачуць меркаванні ўсходнееўрапейскіх даследчыкаў пра тое, куды ж гэта ўсё — і мы разам з ім — коціцца. Выявілася, нашы навукоўцы згодныя з заходнімі калегамі і прадракаюць, што, імаверна, нас чакае канец эпохі звыклых СМІ і поўны пераход у сусвет social media.

    Чаму імаверна? Практыка даўно абагнала тэорыю, навукоўцы проста не паспяваюць класіфікаваць, аналізаваць.

    Сёння даследчыкі фактычна не маюць інструментаў, каб апісаць тое, што адбываецца ў сферы медыя.

    Даследчык с Чалябінскага ўніверсітэта Васіль Фёдараў прапанаваў параўнаць паводзіны карыстальнікаў сацсетак з качэўнікамі, пасля якіх і трава не расце. Наколькі новым грамадам хопіць зеляніны беларускіх медыйных палёў? Прагназаваць не можа нават стваральнік тэорыі. Усё няпэўна і незразумела, арыентавацца можна хіба што на дзеянні smm’шчыкаў.

    Як акулы рэагуюць на кроў, так адказныя за сацыяльныя медыя падсвядома рухаюцца ў патрэбным кірунку.

    Кандыдат філалагічных навук і куратар спецыяльнасці “Веб-журналістыка” Інстытута журналістыкі БДУ Аляксандр Градзюшка падчас прэзентацыі сваёй працы “Журналісцкі тэкст ва ўмовах медыятрансфармацыі” прызнаўся, што не ўпэўнены ў тым, што ўсім беларускім СМІ знойдзецца месца пад новым сацсеткавым сонцам. Многія дагэтуль не гатовыя да змены знешняга выгляду сайта, не тое што да новых метадаў распаўсюду інфармацыі. Цікавы факт: падчас свайго даследавання Градзюшка камунікаваў з рэдакцыямі самых папулярных беларускіх сайтаў, сярод якіх і сайт газеты “СБ: Беларусь сегодня”, і незалежная “Наша Ніва”. Падобна на тое, што на шляху ў бездань ідэалагічнае супрацьстаянне губляе сваю вастрыню.

    Пры гэтым традыцыйна ніводнай працы ад прадстаўнікоў незалежных СМІ ці еўрапейскіх універсітэтаў прадстаўлена не было.

    Як звычайна і бывае з мерапрыемствамі з доўгімі назвамі, канферэнцыя “Журналістыка 2017” была ўсё ж больш “навуковай”, чым практычнай. Месцамі было цікава, месцамі не, а месцам так: толькі што некалькі выступоўцаў з розных краін у адзін голас сказалі, што, алярм, калегі, мы ўсе ляцім ў тартарары са сваімі архаічнымі прадстаўленнямі, трэба нешта вырашаць, каб не застацца на ўзбочыне, а то і ў канаве. А потым  прапануюць паслухаць даклад пра поспехі айчыннага тэлеканала “Баларусь 3”.

    Некаторыя рэчы на “журфаку” не зменяцца нават па дарозе ў бездань.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці