• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    7 фактаў, якімі запомнілася Лілія Ананіч на пасадзе міністра інфармацыі

    Лілія Ананіч прабыла на пасадзе міністра інфармацыі з 30 чэрвеня 2014-га па 28 верасьня 2017 году. Прыгадваем, чым яна запомнілася на гэтай пасадзе.

     

    Лічыла, што БТ законна апублікавала праслухоўваньне прыватнай тэлефоннай размовы

    Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец накіраваў тагачаснай міністарцы зварот аб публікацыі тэлеканалам «Беларусь‑1» ягонай тэлефоннай размовы зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам у прапагандысцкім фільме «Звонок другу». Лілія Ананіч адказала, што «Беларусь‑1» не парушала ніякіх законаў, у тым ліку не парушала права на абарону ад умяшаньня ў прыватнае жыцьцё і замах на тайну карэспандэнцыі, бо «самастойна не рабіла захадаў для атрыманьня запісу», брала матэрыялы «ў адкрытым доступе ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі», а таксама матэрыялы, «перададзеныя праваахоўнымі органамі і органамі дзяржаўнай бясьпекі».

     

    Ухваліла прапагандысцкі фільм пра справу «Белага легіёну»

    Лілія Ананіч на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску, 2015 год

    ​«Лічу, што гэта вельмі варты ўвагі грамадзтва фільм, бо грамадзтва павінна ня толькі бачыць сёньняшнія крокі тых, хто імкнецца да дэстабілізацыі, але бачыць і тое, што можа заўтра быць», — сказала Лілія Ананіч карэспандэнту Свабоды.

    Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя па так званай справе «Белага легіёну» ў канцы сакавіка 2017 году. 30 чэрвеня ўсе яны былі вызваленыя, аднак сьледзтва ў гэтай справе працягваецца.

     

    Падтрымала затрыманьне аўтараў Regnum

    «Мы не дапусьцім, каб інфармацыйная прастора нашай сувэрэннай дзяржавы стала арэнай супрацьстаяньня і канфліктаў. Зь якога б вэктару нам ні падкідвалі гэтыя ідэі — ці з Захаду, ці з Усходу», — заявіла Ананіч, маючы на ўвазе аўтараў расейскіх сайтаў: Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі, якія супрацоўнічалі з сайтамі Reg­num, Lenta.ru і Eura­sia Dai­ly. Сьледчы камітэт распачаў супраць затрыманых крымінальныя справы аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

     

    Лічыла, што выданьне кніг Сьвятланы Алексіевіч «неактуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня»

    ​Так Лілія Ананіч адрэагавала на пытаньне, калі кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі будуць выдавацца ў беларускіх выдавецтвах.

    «Ня думаю, што гэтае пытаньне актуальнае ў сьвятле нацыянальнага кнігавыданьня. Беларуская кніга годна прадстаўленая ў сьвеце», — сказала тагачасная міністарка.

    Не заступілася за журналіста Паўла Дабравольскага ў канфлікце

    з МУС«Мы атрымалі афіцыйны адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сьведчыць аб парушэньні працэсуальнага заканадаўства і ўжываньні законных мераў узьдзеяньня на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту, — казала Ананіч. — Журналіст ня можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка, значыць, гэта нейкія дзеяньні, скіраваныя на дыскрэдытацыю прафэсіі, а не на атрыманьне інфармацыі».​

    Павал Дабравольскі сьцьвярджаў, што быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманьні актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка. У яго былі зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

     

    Заблякавала kyky.org

    ​15 чэрвеня 2015 году загадам № 233 абмежавала доступ да сайта kyky.org. Падставай для незадаволенасьці стаў зьмест чатырох артыкулаў: тэкст рэдактара Паўла Сьвярдлова «Парад перамогі над сабой» і тры калёнкі бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча: «Пост дня. Подзьвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага», «Чаму ня трэба хадзіць у царкву», «Мы яшчэ будзем рабіць трактары, але гэта ўсё ўжо будзе без эрэкцыі». На месцы гэтых артыкулаў стаялі «заглушкі».

     

    Выносіла папярэджаньні незалежным выданьням

    У 2015 папярэджаньні атрымалі «Газета Слонімская», Intex-Press, «Ганцавіцкі час». У 2017 — «Наша Ніва» і Tut.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці