Лябедзька: Я заўсёды чытаю тэксты пяці-шасці беларускіх журналістаў
Сайт ГА "БАЖ" працягвае спецыяльную летнюю серыю публікацый "Медыйныя асобы пра журналістаў". У гэтай серыі людзі, з якімі рэгулярна працуюць нашы калегі, распавядаюць пра свой досвед кантактавання з журналістамі. Сённяшні суразмоўца — старшыня «Аб'яднанай грамадзянскай партыі», палітык Анатоль Лябедзька:
Стаўленне да журналістаў
Чалавек, які займаецца палітыкай, мусіць прызнаваць журналістыку як важную частку сваёй працы. Паспяховая палітыка не можа існаваць без прафесійных стасункаў з журналісцкай супольнасцю, бо гэта сродак камунікацыі з самым галоўным чалавекам — выбаршчыкам, грамадзянінам. Таму выбару няма, але для мяне гэта не стварае нейкіх псіхалагічных праблем. Мне ў прынцыпе падабаецца быць у камунікацыях з людзьмі.
Колькі я ў палітыцы, у мяне на 99,99 % пазітыўныя, нармальныя працоўныя стасункі з журналісцкай супольнасцю. Я маю на ўвазе незалежную і замежную журналістыку.
Беларуская незалежная журналістыка шматгранная. Нягледзячы на адносіны дзяржавы да незалежнай журналістыкі, яна развіваецца, у гэтай сферы працуе багата людзей. Узровень іх падрыхтоўкі розны, але ў цэлым з замежнымі журналістамі вялікага разрыву, на мой погляд, няма. Ёсць беларускія журналісты, якія сталі высокімі прафесіяналамі. Яны не згубіліся б нідзе, нават выконваючы свае прафесійныя абавязкі ў якой-небудзь Германіі, Чэхіі ці Польшчы.
Замежныя журналісты, з якімі мне даводзілася камунікаваць, маюць высокі прафесійны ўзровень, добра абазнаныя ў знешняй палітыцы. Ніхто не паблытае «Еўрапейскі саюз» і «Раду Еўропы», як гэта яшчэ часам здараецца ў нас. І тая частка міжнароднай журналістыкі — вядомыя медыі. Яны ўжо прайшлі праз многія сітуацыі, паказваюць высокі прафесіяналізм у падачы матэрыялаў: там дакладная інфармацыя і няма ляпаў.
Пра камунікацыю з журналістамі
Журналісты ведаюць, што я адкрыты для прэсы на 24 гадзіны ў суткі. Ёсць, канешне, тое, што больш ці менш камфортна для мяне. Але, напрыклад, калі званок вельмі позна ці вельмі рана, я разумею, што такое для журналіста навіна. Яна добрая тады, калі актуальная. Як піражкі: смачныя пакуль гарачыя.
Вельмі-вельмі рэдка адмаўляю журналістам у інтэв’ю. Узгадаць? Хіба што пасля забойства Паўла Шарамета да мяне прыязжалі журналісты з нейкага расійскага тэлеканала. А у беларускім сегменце сацыяльных сетак пайшла салідарнасць, маўляў: «Мы не гаворым пра Шарамета з расійскімі медыямі». Я тады падтрымаў кампанію.
Нават дзяржаўным медыям я даю каментары. І лічу добрай адзнакай, што мае інтэрв’ю не выходзяць у эфір. Гэта значыць, трэба працаваць над сабою і даваць інтэрв’ю так, каб дзяржаўнае тэлебачанне нічога з яго не выразала.
Прынцып мой такі: я адкрыты на 24 гадзіны ў суткі фактычна для ўсіх медыяў. Проста трэба ведаць, з кім і як гаварыць. З незалежнай прэсай я магу быць раслаблены. І, дарэчы, фактычна ніколі не стаўлю ўмову, каб мне дасылалі матэрыялы на вычытку. Бо ёсць давер, які склаўся за доўгія гады.
Ляпы і пазітыў
Ляпы са мною? Бывалі. Напрыклад, загаловак артыкула абсалютна не адпавядаў таму, пра што мы гаварылі. Я разумею, журналістаў вучаць, што загалоўкі мусяць прыцягваць увагу. Цяпер многія ўвогуле чытаюць толькі загаловак і першыя некалькі радкоў артыкула. Але ў пагоні за тым, каб зрабіць цікавым загаловак, часам не перадаецца ні сэнс кантэнта, ні пасланне. А можа і супярэчыць таму, пра што ты гаварыў у артыкуле. У такіх сітуацыях я спрабую камунікаваць з журналістам ці кіраўніком рэдакцыі, палюбоўна паразмаўляць і знайсці пэўны кампраміс.
Бывае, медыі блытаюць нават «Раду Еўропы» і «Еўрапейскі звяз», не гаворачы ўжо пра Парламенцкую асамблею АБСЕ, якая праходзіла ў нас. Пішуць: «Сессія ПА АБСЕ прыняла рэзалюцыю…», хаця насамрэч гэта разглядаў камітэт. Ці «Пастаянны камітэт асамблеі…» або сама «Асамблея не ўключыла…» Быццам бы дробязь, але, па сутнасці, гэта паказвае, што журналіст не вельмі пагружаны ў міжнародную праблематыку, спецыфіку гэтай арганізацыі. Відаць, масавы чытач не столькі звяртае на гэта ўвагі. Але мне рэжа вока. Мне падаецца, што добрая журналістыка — яна вельмі дакладная.
Яшчэ. Часам журналісты апісваюць нейкую падзею, але з артыкула не вынікае, хто праводзіў мерапрыемства. А для структуры, арганізацыі ці чалавека, якія ладзілі імпрэзу, гэта можа быць вельмі важным.
Сярод пазітыўных прыкладаў беларускай журналістыкі я магу адзначаць і журналістаў з «Беларускіх навін», з Tut.by. «Радыё Свабода». Там больш аналітыкі. Я заўсёды чытаю пул з 5–6 журналістаў. Быць можа, мы разыходзімся з аўтарам у ацэнках. Але гэта цікава. І прыемна, калі журналісцкі матэрыял перасякаецца з тваім аналізам.
Пра давер да СМІ
Я, напрыклад, не чытаю дзяржаўныя медыі і некаторыя СМІ, якія пазыцыянуюць сябе як апазіцыйныя. Бо для мяне там няма нічога новага. Я не ведаю, што канкрэтна сёння напісана ў «СБ. Беларусь сегодня», але калі трэба назваць тэмы нумара, я буду вельмі блізкі. Яшчэ я не чытаю «Хартыю». Там будзе прыкладна тое ж самае, толькі выкручанае наадварот. Там няма нічога новага, цікавага, таго, што мне патрэбна як палітыку.
У цэлым, незалежным медыям я, канешне, давяраю. Яны даносяць да людзей альтэрнатыўную інфармацыію. І альтэрнатыва гэтая люстэркавая. У нас медыі не прывязаныя да алігархічных груп, як у той жа Украіне. У нас журналістыка ў цэлым чорна-белая, бо незалежная імкнецца гаварыць пра тое, пра што не гаворыць беларуская ўлада. І на іх не ўплывае спецыфіка таго, што ты належыш да нейкага клану, у якога ёсць свае эканамічныя інтарэсы, інтарэсы ва ўладзе.
Яшчэ ў незалежнай беларускай журналістыкі ёсць самацэнзура. Бо яна працуе ў вельмі спецыфічных умовах. І тут пытанне толькі ў тым, дзе палягае мяжа самацэнзуры.