• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Суд Філіповіча — спроба прыцягнуць да адказнасці чалавека, які стаў упоперак шляху

    Запосціў відэа – атрымаў штраф. У Беларусі за парушэнне заканадаўства аб СМІ сталі прыцягваць актывістаў, якія вядуць стрымы на YouTube і ў сацыяльных сетках.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/jar_7753_gomel_sud_maksim_filipovich_23032017.jpg

    На гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які актыўна асвятляў пратэсты супраць дэкрэту №3 (так званага “дэкрэту аб дармаедах”), склалі пратакол за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. Філіповіча будуць судзіць за 17 ролікаў, а таксама за стрымы, якія ён змясціў на сваім канале “Гарантий нет” на YouTube.

    Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі прыцягваюць да адказнасці за трансляцыі ў інтэрнэце менавіта па гэтым артыкуле. Так, у красавіку валанцёрку аршанскага сацыяльнага праекту “Хрюши против” Юлію Гранкову суд аштрафаваў за стрым у сацсетцы “Аднакласнікі” са спецаўтабазы па адлову сабак. Сацсетку прызналі СМІ, а дзяўчыну – журналісткай, хоць яна ёй не з’яўляецца.

    Наколькі правамоцныя выпадкі прыцягнення да адказнасці за парушэнне закону “Аб СМІ” блогераў і ці бяспечна весці стрымы і пакідаць допісы ў сацсетках? Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца пракаментаваць сітуацыю.

    – Па-першае, я хацеў бы заўважыць, што тая сітуацыя, калі ў нас да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб СМІ прыцягваюць супрацоўнікі міліцыі, якія складаюць пратакол і наўрад ці з гэтым заканадаўствам знаёмыя, ужо даволі паказальная. Міліцыя кантралюе сродкі масавай інфармацыі. Другі момант – гэтыя дзеянні абсурдныя. У нас насамрэч у законе “Аб СМІ” ёсць згадка пра СМІ, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Дарэчы, калі гэтыя змены ўносілі ў закон, БАЖ папярэджвала, што без вызначэння, якія менавіта рэсурсы адносяцца да сродкаў масавай інфармацыі, будзе вельмі незразумела, якую дзейнасць будзе рэгуляваць заканадаўства, але гэта не было прынята да ўвагі. Але ў законе “Аб СМІ” напісана, што інтэрнэт-сродкі масавай інфармацыі не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Таму калі няма прэтэнзій да зместу прадукцыі, якую ў дадзеным выпадку распаўсюджвае блогер, то сам факт распаўсюду гэтай прадукцыі праз інтэрнэт, не залежна ад таго, колькі падпісчыкаў ён мае ў Беларусі, не з’яўляецца парушэннем. Заўважу, што ў Расіі блогеры, наведвальнасць якіх перавышае тры тысячы чалавек за дзень, мусяць выконваць патрабаванні заканадаўства аб СМІ. У Беларусі такога няма. Я лічу, што гэты пераслед заснаваны, у першую чаргу, на шырокай трактоўцы ці неразуменні заканадаўства аб СМІ службовымі асобамі міліцыі.

    – А як вам выснова праваахоўнікаў, якія складалі пратакол на Філіповіча, што з улікам росту папулярнасці свайго каналу “Філіповіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўныя СМІ, у тым ліку па фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзян Беларусі”?

    – Гэта наогул проста глупства і паказвае ўзровень тых асобаў, якія гэта рабілі. У нас свабода меркаванняў прапісана ў Канстытуцыі. І калі чалавек такое піша, ён адназначна парушае канстытуцыйныя гарантыі, спрабуючы прыцягнуць да адказнасці асобу за тое, што яна рэалізуе гарантаваныя ёй правы.

    Дарэчы, адна з першых справаў, якія разглядаў Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі, была справа Уладзіміра Лапцэвіча. Яго прыцягнулі за распаўсюд улётак і патрабавалі іх рэгістрацыі. Тады КПЧ ААН сказаў, што няма неабходнасці ў патрабаванні рэгістрацыі СМІ (нават калі гэта СМІ), бо гэта абмежаванне свабоды выказванняў. Цяпер тое ж адбываецца з інтэрнэтам, хаця насамрэч гэта проста спроба прыцягнуць да адказнасці чалавека, які стаў насуперак шляху дзяржавы.

    – Тэарэтычна ці значыць сітуацыя, якая складваецца, што ўсе блогеры ці карыстальнікі, якія выстаўляюць відэа ці робяць трансляцыі, могуць трапіць пад суд за незаконны выраб прадукцыі СМІ?

    – Я думаю, што не. Мы бачым тут працяг ганебнай практыкі кропкавага прымянення заканадаўства супраць асобных персаналій, тых, хто стаў як костка ў глотцы, і супраць іх прыцягваюць за вушы артыкулы, якія толькі могуць падыйсці. Хаця магчымыя асобныя выпадкі, якія могуць закрануць любога, але справа ў тым, што так быць не павінна. Заканадаўства мусіць абапірацца на Канстытуцыю і міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь, а не на тое, што сёння здалося якому-небудзь падпалкоўніку міліцыі.

    – У сувязі з прыцягненнем блогераў да адказнасці, ці будзе БАЖ зноў спрабаваць ініцыяваць змены ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі?

    – Зразумела. Па-першае, мы звяртаемся да дзяржаўных устаноў і спрабуем выправіць тую прававую практыку, якая складваецца, бо яна нават на дзеючым заканадаўстве не заснавана. Па-другое, мы будзем звяртацца ў Палату прадстаўнікоў са сваімі прапановамі па змене заканадаўства, каб выключыць падобныя выпадкі. Магчыма, у Канстытуцыйны суд будзем звяртацца, каб выправіць канфлікты ў прававых нормах і прабелы ў заканадаўчым рэгуляванні, якія дазваляюць праваахоўным органам трактаваць заканадаўства як заўгодна.

    Фота Івана Ярывановіча, TUT.BY

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці