• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Там не было лекцый, як у Беларусі. Да нас прыходзілі журналісты-практыкі з французскіх тэлеканалаў…

    Адукацыйны шлях Веранікі Чыгір напачатку ішоў па агульнапрынятых, ужо пратаптаных сцежках: гімназія, універ, якія абралі бацькі, праца па размеркаванні. Але ж дзяўчына не губляла прагі да ведаў і мары, таму своечасова збочыла з яго – і пасля жыццё закруцілася з новай сілай. Вераніка паступіла на магістарскую праграму Еўрапейскага інстытута журналістыкі ў Марсэлі, прайшла практыку на Карыбскім радыё і вярнулася ў Беларусь, каб працягнуць шлях да сваёй мэты. Які і куды ён накіроўваецца? Як адукацыя за мяжой дапамагла Вераніцы ўвасобіць яго ў рэальнасць? Пра гэта і шмат-шмат іншае мы пагутарылі з гэтай мэтанакіраванай рудавалосай дзяўчынай.

    Як і большасць беларускіх студэнтаў, ты паступала ва ўніверсітэт, калі табе было 17 гадоў. Ты можаш назваць выбар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта свядомым?

    Гэта быў не мой, а бацькоўскі выбар. Падчас вучобы ў гімназіі я ўдзельнічала ў алімпіядзе па французскай мове, заняла прызавое месца на рэспубліканскім узроўні. З французскай мовай складаліся добрыя стасункі, таму бацькі сказалі: «Табе прамая дарога ў гэты ўніверсітэт». Я не хацела, збіралася паступаць на журналістыку ў БДУ. Ціснуў выбар: альбо без нерваў і клопатаў прайсці ў лінгвістычны, або быць няўпэўненай, ці здам я пісьмовы іспыт на журфаку і паступлю. На той момант вырашыла пакінуць у сваіх руках сініцу. Дый бацькі сказалі, што быць перакладчыкам крута: ездзіць па камандзіроўках, перакладаць для розных дэлегацый. Туды — на перакладчыка з ангельскай і французскай моў — я і пайшла. Лінгвістычны мне не падабаўся, бо там не было чаго рабіць. Апроч студэнцкіх тусаў, больш не бачыла сэнсу сваёй вучобы. Я не вучыла французскую мову, а, наадварот, забывала яе. Таму на другім курсе пайшла вучыцца ў Цэнтр франка-беларускіх даследванняў пры французскай амбасадзе. Там прапаноўвалі навучанне па вечарах. Выкладаць паліталогію і еўрапейскія навукі прызджалі з Універсітэту Бардо ў Францыі. У выніку, праз тры гады ты атрымоўваеш дыплом французскага ўніверсітэту па паліталогіі, не выязджаючы з Беларусі. Пасля пайшла ў Беларускі калегіюм. Шукала хоць нейкія магчымасці, каб ураўнаважыць бессэнсоўнасць навучання ў МДЛУ.

    Магчыма, мяне не столькі цікавіла паліталогія, як магчымасць пабачыць іншую сістэму выкладання. Бо надакучвала, што мяне прымушалі вучыць тое, што не патрэбна. Да прыкладу, калі я не падрыхтуюся да экзамена па канспекце і не перакажу яго слова ў слова, а пачну разважаць сама, такі адказ успрымаўся як няправільны — і я атрымоўвала нізкую адзнаку.

    У Цэнтры ж на іспытах задавалі адкрытыя пытанні, на якія я мусіла аргументавана адказаць на чатырох старонках. Я мусіла разважаць.

    Мне гэта прыйшлося даспадобы. Да таго ж, выкладанне ў цэнтры было на французскай, што вельмі падтрымлівала ўзровень. Бо ў лінгвістычным універы я натуральна забывала мову.

    Ты распавядаеш пра свой выбар універсітэта, і пакуль гэта выглядае як агульнапрыняты ГОСТаўскі шлях: школа — універ — адпрацоўка — праца па спецыяльнасці да скону вякоў. Чаму ты вырашыла збочыць з яго і пайсці вучыцца далей?

    Я люблю французскую мову. Праца перакладчыка даволі прэстыжная і цікавая. Але мне заўсёды падабалася пісаць. Па-сучаснаму кажучы, пісала не ў стол, а ў тэчку з вордаўскімі файламі. Па размеркаванні я працавала перакладчыкам у Чырвоным Крыжы. Тады пачала пісаць нешта для іх сайту. Потым звязалася з «зялёнымі», але спачатку працавала не журналістам — памочнікам мэнэджара праекта. Пасля зразумела, што прагну крыху большага. Тыя, хто чытаў мае тэксты, казалі, што ў мяне няблага атрымоўваецца.

    Таму пайшла ў Калегіюм на адзяленне журналістыкі. Там пазнаёмілася са многімі знакавымі людзьмі, якія далі мне подых, упэўненасць, што сваю працу можна рабіць цікава.

    А пасля выпадкова я ўбачыла праграму навучання ў Еўрапейскім інстытуце журналістыкі і зразумела, што гэта тое, пра што мару. Знайшла стыпендыю ESSYB. Падавалася на яе першы раз — не атрымалася. Але наступны год стаў шчаслівым. Абставіны і рэчы ў асабістым жыцці склаліся так, што гэта памкнула мяне нешта мяняць. Сам, мабыць, Сусвет падкінуў мне гэтую ідэю. Я шмат чытала, глядзела, як вучацца мясцовыя студэнты, што яны робяць. Тады дакладна адчула, што хачу на гэтую праграму.

    Каб паступіць, я паехала ў аддзяленне ўніверсітэту ў Парыжы. Былі іспыты і сумоўе, але ў адказ я атрымала наступнае: мяне не могуць узяць з‑за недахопу журналісцкай адукацыі — дыплому бакалаўра. Запрашалі ў бакалаўрыят, але ж стыпендыя была разлічана менавіта на магістратуру. Змірыўшыся, прыехала дадому.

    Пасля, калі вярнулася ў Беларусь, мне патэлефанаваў дырэктар марсэльскага аддзялення і сказаў: «Калі хочаш, прыязжай да мяне, я гатовы ўзяць цябе на магістарскую праграму». Ён паглядзеў на маё СV, убачыў там досвед журналісцкай працы, прачытаў эсэ, якое я пісала пры паступленні і сказаў наступнае: «Мне спадабалася, як вы гэта зрабілі. Калі жадаеце, прыязджайце». Канешне, хачу!

    З чаго складалася паступленне?

    Ведаеш, я нават рада, што так склалася: што паехала вучыцца ў Марсэль, а не ў Парыж. Бо ў парыжскім аддзяленні акцэнт рабіўся на тэлебачанні, мне ж больш пасавала марсэльская праграма — «Паглыбленая журналістыка», то бок пісьмовыя працы, радыё, тэлебачанне, мультымедыі.

    Ітак, спачатку я падавала дакументы на стыпендыю. Стандартны пакет: СV, эсэ, заяўка з персанальнымі дадзенымі. Потым запрасілі на сумоўе ў Вільню. Пасля сказалі, што я атрымала стыпендыю. Але скарыстацца ёй можна толькі ў тым выпадку, калі паступаеш ва ўніверсітэт. Таму я пачала шукаць і выбіраць. Была магчымасць абраць тры ўніверсітэты, але я пазначыла адзін – Еўрапейскі інстытут журналістыкі. Паехала паступаць. Спачатку трэба было даслаць свае дакументы, каб іх разгледзелі. Пасля мяне запрасілі на сумоўе. Плюс экзамен у той жа дзень, які складаўся з некалькіх частак: ангельская мова, 20 пытанняў па апошніх навінах, эсэ на вострую тэму, якая была актуальнай у Францыі на той момант, творчы іспыт. На ўсё было чатыры гадзіны. Я хвалявалася, але ў мяне была моцная ўпэўненасць, што я траплю. Ішла туды, нібы танк. Калі мне сказалі, што я не падыходжу, усё адно не паверыла. Праходзіць тыдзень — і мне тэлефануюць.

    Ты вучылася год па гэтай праграме. Аўдыторнай працы было толькі паўгады. На чым грунтуецца навучанне ў галіне журналістыкі на магістарскай праграме ў тваім універсітэце?

    Выключна на практыцы. Там не было, як прынята ў Беларусі, аўдыторных лекцый. Да нас прыходзілі журналісты-практыкі з французскіх тэлеканалаў, выданняў. На працу з імі было тры дні. Яны распавядалі пра ўласны досвед, а пасля давалі заданні.

    Так, семстр быў адзін, але ён атрымаўся вельмі, вельмі насычаны. Вучыліся мы з 8‑й раніцы да 8‑й вечару.

    Напрыклад, трэба зрабіць рэпартаж і здаць яго да 16‑й гадзіны. Прыходзіць выкладчык і кажа: «У нас у Марсэлі сёння адбываецца вельмі важная падзея». Мы бяром у рукі камеры і ідзем здымаць. На рэпартаж даецца чатыры гадзіны. Пры гэтым ты мусіш зрабіць усё, ад пошуку кантактаў да мантажу. Пасля таго як рэпартаж гатовы, усе збіраюцца і абмяркоўваюць працу, што атрымалася добра, а што — не.

    У маёй групе было 8 чалавек, з іх дзве дзяўчыны (ў Францыі журналістыка — у большай ступені мужчынская прафесія). З замежнікаў была толькі я.

    Калі падсумаваць. Навучанне ва ўніверсітэце ў Марсэлі — гэта мінімум тэорыі, выкладчыкі, якія не распавядалі касмічныя тэарэтычныя тырады, а паказвалі тыя рэчы, якія яны спрабавалі безліч разоў у сваім прафесійным жыцці. Плюс да яго вы тут жа вучыліся на практыцы, а пасля атрымоўвалі каментары, заўвагі, рэкамендацыі. 

    Абсалютна так. Але ў нас была  яшчэ адна цікавая штука: наша група заўжды была рознымі рэдакцыямі. Сёння мы працуем на радыё, заўтра — на тэлебачанні. У нас былі газета, сайт. То бок кожная падгрупа працавала як СМІ. Універсітэт мае шмат партнёрстваў. Для партнёраў — гэта бясплатнае прома, для нас — трэніроўка. Да прыкладу, мы асвятлялі эканамічны форум, фестываль кіно. Ва ўніверсітэт мы прыходзілі толькі для таго, каб абмеркаваць нешта, параіцца, выкарыстаць апаратуру. Абсталяванне было вельмі класнае: камеры, кампутары, пасля якіх на сваім было вельмі цяжка мантаваць.

    Якасць выкладання была сапраўды крутая. Ты не навучышся журналістыцы, калі будзеш слухаць лекцыі ў аўдыторыі. Патрэбна практыка з дасведчанымі людзьмі, якой яны могуць падзяліцца, і твае ўласныя спробы. Калі гэта спалучыць, то атрымоўваецца класна.

    Вераніка, ты як чалавек, які звык да стандартаў беларускай адукацыйнай сістэмы, аказалася ў зусім іншай. Што цябе здзівіла ў французскай адукацыйнай сістэме, у прыватнасці, на тваёй праграме?

    Асабліва нічога, бо да гэтага ўжо вучылася ў франка-беларускім цэнтры. Самае, пэўна, адметнае адрозненне — добрыя, сяброўскія стасункі паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Табе заўжды дапамогуць. Яны ніколі не ставяць сябе вышэй, чым яны ёсць. Дырэктар мог прыйсці да нас на заняткі, пачаставаць шакаладкай, спытаць: «Ну як вы, мае дзеткі?» Не, ён не ставіўся да нас, як бацька, хутчэй, як старэйшы брат, калега. Спадар Луі сам дасведчаны журналіст. Таму калі я не магла знайсці патрэбныя кантакты, а праз гадзіну ўжо здаваць рэпартаж, дзе пакуль няма ніводнага каментара, я тэлефанаваа яму і казала: «Луі, ратуй!» І ён ратаваў! Ці мог праглядзець маю працу, пракансультаваць, якія кадры могуць не спадабавацца выкладчыку, параіць, як зрабіць лепш. І так было з усімі. Можна сказаць, што нашы выкладчыкі былі яшчэ і нашымі куратарамі, ментарамі. З намі працавалі не зверху ўніз, а на адным узроўні. Іх асяроддзе вельмі сяброўскае. Наогул, у Францыі журналісты па-сяброўску кантактуюць адно з адным, і выкладчыкі прывучалі нас да таго ж.

    Мы звярталіся адзін да аднаго на «ты». Але гэта не азначала панібрацтва. Не. Да нас ставіліся як да калегаў, а не як да няўмелых студэнтаў. Цябе ніколі не стануць прыціскаць, калі ты сказаш тое, чаго ад цябе не чакаюць. Наадварот, не было стандарту мыслення. Кожны індывідуальны. Жывыя стасункі, жывыя дыскусіі — гэта было тое, што мне заўжды падабалася.

    З французской мовай у мяне не было праблем яшчэ з часоў гімназіі. Мову ведала добра, але ва ўніверсітэце пачала яе забываць. Да прыкладу, на іспытах у лінгвістычным ад нас патрабавалі выкарыстоўваць падчас адказу тую лексіку, якую завучылі. Я часта карысталася сваёй, той жа па сэнсе, але мне ставілі «6», бо я казала не тое, што ад мяне не чакалі. Выкладчык сядзеў і лічыў, колькі слоў з канспекту я выкарыстала. Там жа, у Марсэлі, нягледзячы на тое, што ў мяне былі памылкі ў маўленні, выкладчыкі звярталі ўвагу на іншыя рэчы: як я павярнула сюжэт, ці знайшла новы ракурс. Гэта было істотна.

    Ты аказалася ў іншым не толькі моўным асяродку, але і прафесійным. Ці сутыкалася ты са складанасцямі, найперш прафесійнымі, з‑за таго, што ў цябе не было журналісцкай адукацыі на ўзроўні бакалаўрыяту?

    З французскай, на шчасце, у мяне заўжды было ўсё добра, нягледзячы на іняз. Шмат падарожнічала, шмат чытала, шмат займалася. Для вучобы хапала майго ўзроўню.

    А вось з прафесійнага пункту гледжання сапраўды было шмат складанасцей. Насамрэч, у мяне не было вялікага журналісцкага бэкграўнду. Усе мае калегі мелі скончаную ступень бакалаўра, наш фармат навучання накладаўся на іх папярэдні і вельмі падобны досвед.

    Для мяне было цяжка пераладкавацца да таго, што ты пастаянна ў руху, увесь час нешта робіш, вучышся, а не паўдні сядзіш на лекцыі, не ведаючы, што рабіць. Дні былі насычанымі, штаны ніхто не праседжваў.

    Першыя два тыдні я была ў разгубленасці, хацелася дадому. Было складана працаваць з відэа і гукам, бо дагэтуль у мяне не было ніякага досведу мантажу і г.д. Я ніколі не карысталася прафесійнай камерай. Калі маім аднагрупнікам патрэбна было проста ўзяць камеру ды ісці здымаць, я мусіла спачатку з ёй разабрацца і толькі пасля выходзіць у поле. А потым яшчэ мучыцца з мантажом.

    Першы мой рэпартаж быў жахлівым. Я прызналася выкладчыку, што дагэтуль ніколі не мела справы з Adobe Pre­mier. Выкладчык застаўся са мной пасля заняткаў і тлумачыў, што ды як у ім рабіць.

    Пасля я яшчэ сама паразбіралася ў ім, таму далей усё было нармальна. На другіх занятках я адчувала сябе нашмат, нашмат больш упэўнена.

    Дзякуючы чаму ты ўсё здолела? Дзякуючы ўпартасці і ўпэўненасці, што ты хочаш працаваць у журналістыцы? Умець у ёй шмат?

    Дзякуючы мары перш за ўсё. Я верыла, што змагу. Маёй марай не было проста паступіць ва ўнівер у Еўропе і жыць там, не. Гэта было жаданне, імкненне стаць прафесіяналам, які выдатна піша, падарожнічае, размаўляе на французскай і ангельскай.

    Некаторыя мараць пра «як бы скончыць універ, пасля працаваць на добрааплочваемай працы, пабудаваць кватэру ў крэдыт». Гэта не кепска, ні ў якім разе. Проста я зразумела, што гэта не маё. І мне хацелася жыць інакш. Не сядзячы на адным месцы.

    Ты вучылася даволі грунтоўным прыкладным рэчам, якія спатрэбіліся табе ў прафесіі. Якія з іх сталі для цябе найбольш запамінальнымі?

    Самае каштоўнае — мы вучыліся ў прафесіяналаў, якія ведалі сваю працу не ў тэорыі, а на практыцы. А размовы з імі! — гэта насамрэч незабыўна. Я навучылася здымаць доўгія сюжэты, якія рыхтавала не паўмесяцы, а паўдні.

    Аднойчы нас запрасілі на праект «Марсэль, я люблю тебя». Рэжысёры збіралі рэальныя гісторыі ў мясцовых жыхароў, а пасля здымалі па іх фільм. І вось яны прыйшлі ў нашу школу, звярнуліся за дапамогай да студэнтаў. «Вы збіраеце гісторыі, мы абяром лепшыя, па якіх напішам сцэнар». Нас разбілі на групы па 2–3 чалавекі. Я аказалася адна, бо мой калега з’ехаў у падарожжа, а дзяўчынка проста саскочыла. Рабіла сюжэт пра ваду, пра тое, як яна прыйшла ў Марсэль. З усіх сюжэтаў (а іх было каля 200) выбралі 10. Мой стаў адным з іх. Шчыра, была вельмі шчаслівая, бо ўпершыню зрабіла ўсю працу адна, і яна спадабалася рэжысёрам.

    Якім жыццёвым рэчам ты як асоба навучылася?

    Па першае, я зразумела, што чалавек можа ўсё, калі будзе не ныць, а дзейнічаць. Было шмат момантаў, калі я разумела, што магу больш, чым думаю. Па-другое, мая асоба таксама змянілася. Па натуры я інтраверт. Быць журналістам-інтравертам цяжка, калі не немагчыма. Над гэтым я шмат працавала, каб размежаваць сябе як асобу і прафесіянала.

    Хаця ў Беларусі шмат чаго з таго, чаму я навучылася, не дзейнічае. У Францыі, калі табе патрэбен каментар, ты тэлефануеш, пытаешся і атрымоўваеш яго. Журналістаў усе паважаюць. Калі, да прыкладу, на плошчы мусіць выступаць мэр горада, але найперш – невялікая прэс-канферэнцыя для журналістаў, усе на плошчы будуць чакаць, пакуль журналісты паставяць яму свае пытанні, нават калі ты студэнтка і працуеш над сваім невялікім праектам, а не для вялікага СМІ, да прыкладу. Я звыкла да такога. У Беларусі гэта ўтопія, канешне.

    Увесь гэты час я была адна. Было калі-нікалі складана, таму што не ўсе разумелі, навошта я тут, чаму я не магу вучыцца журналістыцы дома. Калі прыехала на Карыбы, там рэдакцыя наогул здзівілася, чаму я тут. Даводзілася шмат займацца культурным асветніцтвам, распавядаць, што такое Беларусь і г.д. Гэта было класна, канешне.

    А Карыбы — гэта такі досвед, які ніколі не забудзецца. Я працавала на радыё. Была журналістам, які выходзіць у поле, збірае каментары, піша ўводзіны і мантуе. Таксама займалася сайтам, пашырала навіны, якія выходзілі на радыё. І пэўна, была адзінай рудой дзяўчынай на гэтых выспах.

    Ці ёсць у цябе пэўныя планы, чым збіраешся займацца далей?

    Хацелася б застацца ў прафесіі, тут, дома.

    Мяне часта пытаюцца, чаму я не з’ехала. Гэтае пытанне, калі шчыра, крыху абражае. Быццам адчуваю сябе вінаватай праз тое, што не знайшла там любую працу, не выйшла замуж і г.д., каб толькі застацца ў Еўропе. Я люблю Францыю, але яна не мая краіна.

    Там пастаянна трэба даказваць, што я маю права там жыць, працаваць, што не забіраю нічыю працу, выплаты ці што яшчэ. Бо да студэнтаў адно стаўленне, а да імігрантаў зусім іншае. У Беларусі маё ўсё: сябры, сям’я, жыццё. Чаму я мушу з’язджаць?

    Вераніка Чыгір: Еду працаваць на Карыбскія выспы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці