• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Давыдзька абурыўся свежым нумарам «Нашай Нівы»: «Апазіцыя складае спісы ворагаў народа»

    У чарговым выпуску праграмы «Клуб рэдактараў» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька абурыўся свежай папяровай «Нашай Нівай».

    Цэнтрам нумара стала вялікае дасье пра беларускіх «заходнерусістаў». Гэта і выклікала незадаволенасць Давыдзькі.

    «На дварэ ХХІ стагоддзе, а ў нас зноў заклікаюць да свяшчэннай нянавісці. Гэта не «Праўда», а «Наша Ніва». Цяпер яна друкуе спіс ворагаў народа. З чацвёртай па восьмую старонку артыкул «Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію». Дзясяткі прозвішчаў, якія пасмелі мець іншы пункт гледжання, чым у «Нашай Нівы». Артыкул вытрыманы ў стылі працэсаў 1930-ых гадоў. Газета нават не пасаромелася надзець на сябе кіцель пракурора-абвінаваўцы, запатрабаваўшы ад суда суровага пакарання», — заявіў Давыдзька.

    «Ідэалогія заходнерусізму наўпрост варожая беларускай нацыянальнай ідэі ўвогуле ды ідэі самакаштоўнасці беларускай дзяржаўнасці ў прыватнасці», — вось гэтая выснова абурыла кіраўніка БТ.

    «Ці апраўданая такая жорсткасць у ідэалагічнай барацьбе?» — запытаўся Давыдзька ў іншых удзельнікаў праграмы, але не знайшоў падтрымкі.

    Рэдактар «Савецкай Беларусіі» Павел Якубовіч не ўбачыў у артыкуле жорсткасці. Ён патлумачыў, што «нацыяналістычна арыентаваных публіцыстаў» часам перахлёствае праз іх маладосць. Маўляў, гэта рэакцыя не разумная, але натуральная. Рэальную ж праблему Якубовіч бачыць у дзейнасці прарасійскіх шавінісцкіх рэсурсаў накшталт «Рэгнума».

    Рэдактар «Аргументаў і фактаў» Ігар Сакалоў прапанаваў ставіцца да артыкула «НН» як да дыскусіі ў СМІ.

    Урэшце Давыдзька ўдакладніў, што не згодны з пунктам гледжання заходнерусістаў, як і «Наша Ніва», але, маўляў, не прымае зацятасць барацьбы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці