Ілля Гелей: усе людзі розныя і мне падабаецца іх здымаць
Гродзенскі фатограф Ілля Гелей за апошнія пяць год супрацоўнічаў з рознымі беларускімі выданнямі. Асноўным месцам, дзе можна ўбачыць яго фота, з’яўляецца сайт Grodno.in. Па словах Іллі, цяпер ён у асноўным працуе з праектамі або ў студыі, Здымкаў для навін стала менш.
Ілля здымае цяпер на камеру Canon 6D. Аб’ектывы: 17–50mm f4, 70–200mm f2.8, 35mm f1.4.
— Я не сустракаў на сваім жыццёвым шляху ніводнага чалавека, які быў бы падобны на іншага. Кожны чымсьці адрозніваўся. Напэўна, у гэтым і заключаецца вялікая радасць ад зносін з людзьмі. У кожным ты можаш знайсці драматычны сюжэт, нешта з камедыі, з меладрамы. Менавіта гэта і вызначае маё стаўленне да здымкаў. Гэта не проста адна-дзве фатаграфіі. На мой погляд, падобныя здымкі могуць вельмі сцісла раскрыць характар персанажа і дазволіць акунуцца ў глыбіні яго гісторыі.
Паспрабую ўціснуць ўсю маю пазіцыю ў 10 практычных парадаў.
1. Даведайцеся пра чалавека асноўную інфармацыю: хто ён, чым займаецца, чым дыхае.
2. Здымайце ў звыклай для яго абстаноўцы.
3. Перад тым, як прыступіць да здымкаў, пагутарыце, усталюйце асабісты кантакт.
4. Не спяшайцеся.
5. Прыгледзьце месца, што па-мастацку дапаўняла б вашага героя.
6. Прыбярыце або дадайце нейкія элементы ў кадр.
7. Не саромейцеся рабіць шмат дубляў.
8. Папрасіце героя зрабіць нейкія маніпуляцыі з прадметамі, дадайце ў кадр дынамікі.
9. Пакажыце герою зыходныя варыянты здымкаў, няхай ён выкажа сваё меркаванне і пакажа на тыя фатаграфіі, дзе ён лічыць, што найбольш падобны на сябе сапраўднага.
10. Адбярыце фатаграфіі, грунтуючыся на сваіх ўражаннях і на парадах вашага героя. Гэта найбольш дакладны спосаб не згубіць важную інфармацыя, што змагла б раскрыць на фатаграфіі суразмоўцу.
Здымайце больш, расказвайце свае гісторыі і атрымлівайце асалоду ад кантактаў з добрымі людзьмі, чаго і сабе жадаю.