Альгерд Бахарэвіч: У сацыяльных сетках ёсць жадаючыя залезці ў інтымнае
Пра медыяжыццё, публічнасць і межы прыватнага размаўляем з вядомым беларускім пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам.
— Спадар Альгерд, прысутнасць у сацыяльных сетках патрэбная творчым асобам, альбо гэта толькі перашкаджае канцэнтравацца на сур’ёзным?
— Мы жывем у такі час, што, калі ты не маеш акаўнта ў сацыяльных сетках, калі ты не прысутнічаеш у віртуальнай прасторы, то цябе практычна не існуе. Мне асабіста сацыяльныя сеткі дапамагаюць атрымліваць водгук ад чытачоў, сачыць за іх рэакцыяй на тыя ці іншыя з’явы. Людзі, якія цікавяцца маёй творчасцю, могуць мне напісаць і ў прыват, і публічна пракаментаваць тое, што я раблю.
Таксама сацыяльныя сеткі патрэбныя для рэкламы сваіх выступаў, прэзентацый, мерапрыемстваў. Усе цяпер жывуць у віртуальнай прасторы і ўжо ніколі не збярэш публіку ні на якую прэзентацыю, калі не прарэкламуеш яе ў сацыяльных сетках. Сацсеткі дапамагаюць самому кіраваць гэтым працэсам, а не аддаваць усё журналістам.
— Колькі ў Вас сяброў? Каго “фрэндзіце”, а каго не?
— Я досыць прыдзірліва да гэта стаўлюся, “фрэнджу” далёка не ўсіх. Звычайна я спачатку гляджу, які чалавек мяне хоча дадаць да сяброў, якія ў яго погляды… Калі ён не зусім дэбіл, нават калі я не пагаджаюся з ім, я звычайна дадаю такіх людзей. Сяброў у мяне недзе 2 700, калі б «фрэндзіў» усіх, было б тысяч пяць. Запыты на сяброўства прыходзяць часта, але ў сеціве шмат смецця і я лічу, што ад смецця трэба імкнуцца пазбаўляцца. Людзі, якія дэкларуюць сваю прыхільнасць рускаму свету, альбо нацысцкім , антысеміцкім, антыбеларускім ідэям, не маюць шанцаў патрапіць да мяне ў сябры. Бо мая творчасць на іх і не накіраваная.
— “Фрэндацыды” часта ладзіце?
— Так, канешне. Тая стратэгія, пра якую я толькі што казаў, натуральна працуе не на 100 % — усё роўна нехта праз гэтую сетку пралезе. Чытаеш стужку, расчароўваешся. Але мае “фрэндацыды”, скажу яшчэ раз, накіраваныя на людзей гнюсных, брыдкіх поглядаў, для мяне не прымальных. Альбо на тых, хто дазваляе сабе хамства. Бо раней многія думалі, што віртуальнае жыццё вельмі адрозніваецца ад рэальнага. А цяпер мы бачым, што гэта лухта: тое, што адбываецца анлайн, уплывае і на наша рэальнае жыццё, рэальныя адносіны. Калі чалавек анлайн з кімсьці рассварыўся і адчувае нянавісць ці пагарду, то безумоўна гэта будзе і ў рэальным жыцці.
— А наогул Вы ў спрэчках удзельнічаеце?
— Я вельмі талерантны да любых іншых поглядаў. Але ў любых поглядаў ёсць свае межы. Калі гэта не радыкалізм, калі чалавек умее весці дыскусію і не спавядае нацызм, расізм ці нешта такое, я спакойна стаўлюся да таго, што камусьці не падабаецца мая творчасць.
А сам у дыскусіях удзельнічаю тады, калі нешта вельмі мяне закранае. Альбо ў сацыяльных сетках ёсць такая рэч, як салідарнасць. Калі ты бачыш, што на кагосьці напалі, узнікае жаданне чалавека абараніць, выявіць салідарнасць з чалавекам, якога цкуюць.
— Ці здараюцца нечаканыя развіртуалізацыі?
— Вельмі часта. Ідзеш па вуліцы, асабліва ў цэнтры, а чалавек да цябе падыходзіць і вітаецца. Але гэта датычыць мабыць усіх творчых асобаў, бо я ж не магу ведаць кожнага з маіх чытачоў. А яны ведаюць мяне, мае творы, таму і падыходзяць.
— Ці ёсць нейкія адмоўныя бакі ад такой медыйнай прысутнасці, можа здараліся непрыемныя гісторыі?
— Трэба сказаць, што людзі, якія з варожасцю ставяцца да маёй творчасці, актыўныя не толькі ў віртуальнай прасторы. Нават, напэўна, больш іх у офлайне, таму ў сацыяльных сетках не варта асабліва нечага асцерагацца. Праўда, бывае, што такія людзі чамусьці хутка збіраюцца разам — калі пачынаецца нейкая спрэчка, то іх паўстае адразу легіён.
Мы ж, прадстаўнікі дэмакратычных каштоўнасцяў, звычайна больш раз’яднаныя, звычайна самі па сабе.
Але я разумею, што займаюся літаратурай. А літаратура — гэта занятак, калі твае творы рана ці позна будуць выклікаць шмат крытыкі, скандалы, негатыўныя рэакцыі, цкаванне, часам хамства. Я да гэтага стаўлюся спакойна, бо за апошнія гады развіў у сабе імунітэт.
— Ці даводзілася калі-небудзь выдаляць допісы?
— Апошні раз прыгадваю такое, калі людзі пачалі лезці ў мае асабістае жыццё. Не ў творчасць пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, а ў сям’ю.
— Але, у адрозненні ад некаторых іншых сучасных беларускіх аўтараў, Вы не хаваеце сваё асабістае жыццё ад сацсетак. Не баіцеся залішняй увагі да гэтага?
— Тут ёсць адрозненне ад многіх маіх калегаў, бо мая жонка таксама публічная асоба, паэтка, перакладчыца. Мы абодва займаемся літаратурай, таму нават не ведаю, як пра гэта не пісаць. Калі і муж і жонка літаратары, як ты схаваешся… Але я ўсё ж не так безаглядна стаўлюся да сацыяльных сетак, як некаторыя. Я давяраю публічнай аўдыторыі толькі тыя дозы інфармацыі, якія сам лічу прымальнымі. А вось калі людзі пачынаюць залазіць глыбей, залазіць у нейкае інтымнае, тут звычайна апускаю перад імі браму. Такія ахвочыя ёсць, у тым ліку сярод журналістаў. Напрыклад, “Наша Ніва” любіць гэтым займацца. Ім падаецца, што гэта прыкмета нейкага цывілізаванай журналісцкай працы, калі мусіць быць свецкая хроніка…
— Спадар Альгерд, фанаткі часта Вам пішуць у сацыяльных сетках?
— Я на гэта звычайна не рэагую. Я шчаслівы ў сямейным жыцці чалавек.
— Вернемся да творчасці. Не бярэце прататыпаў для сваіх літаратурных герояў з сацыяльных сетак?
— Я раблю гэта увесь час. У сацыяльных сетках вельмі шмат розных асобаў, і параўноўваць іх з тымі, хто ёсць гэтыя людзі ў рэальнасці, напэўна адна з самых цікавых задач для сучаснай літаратуры.
Сацсеткі — гэта заўсёды нейкае ідэальнае ўяўлення нас пра саміх сябе. Мы больш прыгожыя ў сацыяльных сетках, больш разумныя, незалежныя, свабодныя. Гэта вельмі цікавая тэма для сучаснай літаратуры, і, думаю, сучасныя пісьменнікі будуць усё больш і больш аналізаваць гэту розніцу паміж ідэальным вобразам і рэальным.
Але, думаю, сацыяльныя сеткі, хутка стануць не самым апошнім вынаходніцтвам чалавецтва. Думаю, людзі прыдумаюць яшчэ нешта новае, а сацыяльныя сеткі таксама пачнем успрымаць нечым архаічным.
— Некаторыя наракаюць, што людзі сёння ўжо не чытаюць творы, даўжэйшыя за пост у сацыяльнай сетцы. А некаторыя нават пост да канца дачытаць не могуць :). Вы згодныя з гэтым?
— Так, я думаю, усе, хто займаецца літаратурай, адчуваюць гэта. Думаю, гэта не толькі беларуская з’ява. Толькі я не стаў бы занадта песімістычна на гэта глядзець. Так, кола чытачоў звужаецца. Але менш застаецца выпадковых людзей, чытач робіцца гурманам. Таму перажываць асабліва ня варта.
Фота Радыё Свабода