• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Погляд праз прыцэл. “Панская” Польшча ў савецкіх карыкатурах 1920–1930‑х гадоў

    З самага пачатку існавання бальшавіцкай Расіі і Другой Рэчы Паспалітай паміж гэтымі краінамі склаліся варожыя адносіны. Прычына простая: у 1920-м Варшава не пусціла войска Тухачэўскага у Еўропу, а пазней прыхапіла Заходнія Украіну і Беларусь. На працягу міжваеннага дваццацігоддзя паміж двума краінамі адбывалася халодная вайна, адной з праявай якой была прапаганда ў СМІ. Савецкія карыкатурысты на старонках газет і часопісаў актыўна выкрывалі “агрэсіўныя намеры” заходняга суседа. Гэтыя графічныя працы — выдатны дакумент, які ілюструе тую эпоху.

    “Сёння Варшава, заўтра ўвесь свет”

    Падчас польска-бальшавіцкай вайны савецкія мастакі стварылі цэлы шэраг знакавых антыпольскіх карыкатур. Адным з мастакоў таго часу быў Дзмітрый Маор (Арлоў), які ў 1920 г. намаляваў знакаміты плакат “Ты запісаўся добраахвотнікам”. За ўзор для гэтага плакату, да слова, быў узяты амерыканскі постэр “Want you for U.S. army”. Малюнак з’явіўся менавіта ў час найбольш вырашальных баёў на савецка-польскім фронце.

    У гэты ж перыяд мастак стварае плакаты “Чырвоны падарунак беламу пану”, якім заклікае хутчэй перамагчы Войска Польскае, адзіную перашкоду для бальшавіцкіх войскаў на шляху ў Еўропу. Іншы савецкі мастак, Віктар Дэні (Дзянісаў) таксама падбадзёрваў чырвонаармейцаў у 1920 г. сваімі малюнкамі “Спеши пана покрепче вздуть, барона тоже не забудь” і “Каждый удар молота — удар по врагу”. На іх прадстаўнікі “першай дзяржавы працоўных і сялян” змагаліся з польскім панам, які ўяўляўся ў выглядзе сярэднявечнага шляхціча ў канфедэратцы і з шабляй.

    У 1920‑я гады “польская тэма” на непрацяглы час адышла на другі план. Некаторы ўсплеск “цікавасці” адзначаўся ў 1927 г., калі ў Польшчы была дэлегалізавана Беларуска сялянска-работніцкая грамада. Так, у газеце “Праўда” быў апублікаваны малюнак Рыгора Разэ “Дом селяніна беларускай “Грамады”, на якім была выява турмы над якой быў надпіс “Заходняя Беларусь”. Ахоўваў будынак жандар…Юзаф Пілсудскі.

    У пачатку 1930‑х гадоў гэты ж мастак зрабіў некалькі прац на “польскую” тэму. На іх польскі вайсковец у рагатыўцы пазіраў на савецкі бок, ці афіцэр Войска Польскага абдымаўся з французскім генералам. Апошні супакойваў калегу: “Не сумневайцеся, пан палкоўнік, Ваш напад на СССР будзе разглядацца як абарончая вайна. Вы будзеце абараняць свае межы 1772 г.”. Дарэчы, гэта бадай адзіная савецкая карыкатура, дзе згадваліся падзелы Рэчы Паспалітай у XVIII ст..

    Іншы савецкі мастак Роберт Чарняк у 1931 г. для газеты “Праўда” стварыў малюнак “Па французскім компасе”, на якім была выява польскага афіцэра, які накіроўвае войска супраць СССР.

     

    Падпісаць пакт аб неагрэсіі

    У газетах БССР таксама з’яўляліся антыпольскія карыкатуры. У іх, у асноўным, “выкрываліся” агрэсіўныя імкненні Польшчы ў дачыненні да Савецкага Саюза, а таксама высмейвалася постаць “начальніка польскай дзяржавы” Юзафа Пілсудскага. Жыццё ў заходніх суседзяў паказвалася ў кепскім свеце, тады як у савецкай Беларусі ўсё было выдатна.

    У 1931 годзе ў Ленінградзе выйшаў з друку альбом малюнкаў «Карыкатура на службе абароны СССР», аўтарам якога быў славуты савецкі карыкатурыст Барыс Яфімаў.

    У прадмове да зборніка ёсць такая фраза: “Цвердалобы фашыст, у тым ліку і маньяк, нягледзячы на атрыманы ўрок, які марыць пра Польшчу ад мора да мора, сацыял-дрэнь (с.д.) (маецца на ўвазе сацыял-дэмакрат), рымскі папа з яго крыжовым паходам, Чан-Кай-Шы з авантурай на КУЧД, французскія імперыялісты». Таварыш Яфімаў указвае на» банкруцтва іх палітыкі”. Дастаецца ў прадмове і “нацыянал-фашысту” Раману Дмоўскаму, а таксама “пілсудчыкам” і іншым “панам”. Што ж тычыцца непасрэдна малюнкаў, то Барыс Яфімаў прысвяціў цэлы раздзел пад назвай “Цуды на Вісле”, сатырычным выявам шматлікіх польскіх палітычных дзеячаў. У гэты час вялікую ўвагу савецкія карыкатурысты надавалі высмейванню збліжэння Польшчы з  дзяржавамі Балтыі (Латвіяй і Эстоніяй), а таксама Румыніяй і Францыяй.

    Такая актыўнасць савецкіх ідэолагаў і карыкатурыстаў на “польскім фронце” была выклікана праблемамі з заключэннем пакту аб ненападзе паміж СССР і Другой Рэччу Паспалітай.

    Нагадаем, у студзені 1926 году паміж краінамі пачаліся перамовы па гэтай справе. “Рыжскі мір” ужо састарэў і з’явілася неабходнасць пацвердзіць тую дамову.  Савецка-польскія перамовы былі перапыненыя ў чэрвені 1927 году, пасля таго як Вялікабрытанія спыніла дыпламатычныя адносіны з СССР, а паўнамоцны прадстаўнік СССР у Польшчы Пётр Войкаў быў забіты ў Варшаве. У 1931 годзе перамовы паміж палякамі і бальшавікамі прадоўжыліся, а 25 ліпеня 1932 года быў падпісаны Пакт аб неагрэсіі (спачатку тэрмінам на 3 гады, але ўжо 5 траўня 1934 года дзеянне дакумента было падоўжана да 31 снежня 1945 года). Па дамове бакі прызнавалі суверэнітэт, узаемныя межы і тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго. Такім чынам, Польшча замацавала тэрытарыяльныя набыцці, атрыманыя пасля вайны з бальшавікамі 1920 года. У верасні 1939 года Масква, парушыць гэты Пакт і ўвядзе свае войскі на тэрыторыю ўсходніх ваяводтсваў Другой Рэчы Паспалітай.

     

    Белоруссия родная, Украина золотая

    Да пачатку Другой Сусветнай вайны польская тэма, у тым ліку, і ў працах савецкіх карыкатурыстаў адышла на другі план. Такая сітуацыя працягвалася да лета 1939 года. У жніўні ўвесь свет з асцярогай назіраў за збліжэннем Масквы і Берліна. Пры ўсёй паслухмянасці савецкага грамадства, яму трэба было растлумачыць, чаму адбываюцца такія метамарфозы ў савецкай палітыцы і самае галоўнае — супраць каго ўсё гэта робіцца.

    7 верасня 1939 года ў часопісе “Прапагандыст і агітатар РСЧА” быў апублікаваны артыкул палкавога камісара М. Восіпава, у якім той адзначаў, што

    “Чырвоная Армія будзе весці вайну за справу ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва супраць эксплуататараў і контррэвалюцыі, а калі будзе патрэба, і папярэдзіць напад агрэсараў”.

    Ідэолаг падкрэсліваў, што СССР будзе весці справядлівую вайну, якая звязана з інтарэсам народа, а таксама будзе выконваць інтэрнацыянальныя задачы. Безумоўна, тут гаворка вялася пра “вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну”, які ўжо рыхтаваўся.

    У нядзелю 17 верасня 1939 года да савецкіх грамадзян звярнуўся наркам замежных спраў Вячаслаў Молатаў і адзначыў, што “СССР працягнуў руку дапамогі беларусам і ўкраінцам, якія насяляюць Польшчу”. З першых дзён “вызваленчага паходу” і да кастрычніка 1939 года ў савецкіх перыядычных выданнях кожны дзень друкаваліся справаздачы пра падзеі “на Захадзе”. У гэтых матэрыялах жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны паказваліся “як бедныя і абяздоленыя сяляне і працоўныя”.

    Не засталіся без працы і савецкія карыкатурысты. № 27 часопіса “Кракадзіл”, падпісаны ў друк 5 кастрычніка 1939 года, быў цалкам прысвечаны падзеям 17 верасня. На старонках часопіса карыкатурысты Ю. Ганф, Н. Радлаў, Д. Дубінскі, Д. Маор “прайшліся” і па Войску Польскім, і па панах і афіцэрах, і па ксяндзах і святарах. Антыпольскія карыкатуры і артыкулы працягвалі з’яўляцца на старонках савецкай перыёдыкі ў 1940 і 1941 гадах. Тады мастакі ў асноўным высмейвалі эмігранцкі польскі ўрад у Парыжу і разбітае польскае войска, якое бегла пад “ударамі” Чырвонай Арміі.

    Цікавая асаблівасць, у альбомах некаторых савецкіх карыкатурыстаў (напрыклад, Барыса Яфімава), якія выходзілі ў 1980‑я гады, польская тэма знікла. Відавочна, яны не хацелі афішыраваць гэты бок сваёй працы для савецкай прапаганды.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці