Як даць інтэрв’ю і не аблажацца?
Калі на вечарынцы ты ў піўным запале яскрава распавядаеш знаёмаму журналюгу пра ўнутраныя канфлікты ў сваёй кампаніі — рыхтуйся неўзабаве прачытаць свой «экспертны каментар» у медыйнай стужцы. Мы клапоцімся пра твой імідж, таму склалі гэтыя простыя правілы бяспекі ў гутарках з «акуламі пяра».
Разумей, каму і што ты расказваеш
Журналіст не твой псіхатэрапеўт. Не трэба яму спавядацца, асабліва калі ты не хочаш, каб тваё адкрыццё прачыталі тысячы. Не бывае сказанага журналісту «не пад запіс». Не бывае сказанага журналісту «ў прыватнай гутарцы», нават калі гэта твой сябар/сяброўка.
Medium is the message, як казаў Маклюэн
Трэба дакладна даведацца, у якім кантэксце будзе выкарыстаны твой каментар. Адныя і тыя ж словы, надрукаваныя ў «СБ» і на «Хартыі», набываюць зусім розныя адценні. Калі не маеш упэўненасці ў так званай рэдакцыйнай палітыцы выдання, лепей адразу адмовіцца ад інтэрв’ю, чым потым ірваць валасы, спрабуючы давесці астатнім, што ты насамрэч меў(-ла) на ўвазе.
Да таго ж высветлі, ты выступаеш у артыкуле як эксперт(-ка) ці як шараговы(-ая) удзельнік(-ца) апытання — гэта таксама паўплывае на важкасць прамоўленага табой.
Журналіст нічога табе не вінны
Хоць фармальна той, хто бярэ інтэрв’ю, і той, хто яго дае, лічацца суаўтарамі. На практыцы журналіст — гэта аўтар інтэрв’ю, які «творча апрацоўвае» інфармацыю і валодае ўсімі адпаведнымі правамі на свой прадукт. Дарэчы, літаратурная апрацоўка можа сыграць табе на руку, калі ты не маеш навыку дакладна і ёміста фармуляваць свае думкі ў вуснай гаворцы.
Журналіст не абавязаны ўзгадняць з табой артыкул
Самае большае, пра што ты можаш папрасіць, — даслаць на вычытку свае цытаты, але не артыкул цалкам. Пра гэта варта дамовіцца загадзя. Калі гаворка ідзе пра нейкія тонкія моманты (лічбы / назвы / факты), варта ўпэўніцца, што цябе зразумелі правільна, а дадзеныя адпавядаюць рэчаіснасці.
Не бойся быць жывым(-ою)!
Пасля інтэрв’ю ў цябе можа ўзнікнуць жаданне пазбавіцца вострых вуглоў, простых імгненных эмоцый ці пэўных гісторый у тваім аповедзе. Прыбі яго: нікому не цікава публікаваць і чытаць вылізаныя прэс-рэлізы.
Не крыўдуй на дурныя пытанні
Задаваць іх, правакаваць цябе — праца журналіста. Адзінае, што ты можаш зрабіць, — не весціся на маніпуляцыі. Гні сваю лінію! Успрымай інтэрв’ю як магчымасць данесці сваё меркаванне нягледзячы ні на што.
Не перабольшвай сваю значнасць
Калі нешта няправільна ў апублікаваным артыкуле, не варта адразу ж пісаць у сацыяльных сетках, што «журналіст – лох, а рэдакцыя – лайно». Гэткім чынам ты толькі прыцягнеш непажаданую ўвагу да тэксту. Спачатку звярніся ў рэдакцыю – цалкам магчыма, што яны і самі будуць не супраць выправіць памылкі і недакладнасці. Публічныя разбіральніцтвы пакінь на крайні выпадак, калі вы не дамовіцеся па прынцыповых момантах і табе будзе неабходна пазначыць сваю пазіцыю.
Памятай пра час
Заўтра пра твае словы наўрад ці ўспомніць нехта, акрамя цябе самога(-ой). Take it easy!
Ілюстрацыя by Sheeborshee