• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Барацьба ідэалогій. “Чырвоныя” і “белыя” перыядычныя выданні ў Беларусі ў 1918–1920 гг.

    Гістарычна адной з найбольш уплывовых нацыянальных меншасцяў на беларускіх землях былі палякі. Нічога дзіўнага, што ў часы “абуджэння нацый” на пачатку ХХ ст., польскія грамадскія колы развівалі ў Беларусі свой перыядычны друк.

    У кіпцюрах двухгаловага арла

    Пасля Паўстання 1863–1864 гг. на тэрыторыі беларускіх губерняў Расійскай імперыі не магло ісці нават размовы пра выданне газет і часопісаў на польскай мове. Толькі пасля Рэвалюцыі 1905 года,  якая прывяла да адмены цэнзуры і ўвядзення роўных правоў для ўсіх выданняў, польскія грамадскія колы ў Беларусі атрымалі магчымасць выдаваць свае газеты. Тады перыядычныя выданні па-польску з’явіліся ў Мінску і Вільні.

    Чарговым этапам развіцца польскай прэсы ў Беларусі стаў перыяд Першай Сусветнай вайны. У выніку адступлення Рускага імператарскага войска ва ўсходняй Беларусі і ў этнічна рускіх губернях аказалася значная колькасць польскіх бежанцаў. У 1915 годзе ў Мінску пачаў выходзіць “Новы літоўскі кур’ер”, які стварылі журналісты, якія эвакуіраваліся з акупаванай кайзераўскімі войскамі Вільні. Амаль адначасова выйшаў і першы нумар грамадска-літаратурнага штотыднёвіка “Пагоня”. Як пазначалася, выданне было прысвечанае падзеям на Міншчыне і Магілёўшчыне. Вялікі ўплыў на працу іх рэдакцый аказвалі мясцовыя землеўласнікі, сярод якіх распаўсюджваліся сімпатыі да Германіі і антырускія настроі.

    Лютаўская рэвалюцыя 1917 года прывяла да павялічэння колькасці перыядычных выданняў, што выдаваліся не на расійскай мове.

    У гэты час у Расіі выходзіла каля 90 польскамоўных выданняў. У Мінску Польская рада мінскай зямлі пачала выдаваць штотыднёвікі “Мінскі дзённік” і “Вёска і фальварак”. У гэтых выданнях часта падкрэслівалася неабходнасць падтрымліваць беларускі нацыянальны рух з боку мясцовай шляхты.

    У лістападзе 1917 года ў Беларусі, па ініцыятыве Польскага сацыялістычнага аб’яднання пачала выходзіць газета “Праўда” (пазней “Польская праўда”). Яе рэдактарам быў Стэфан Гельтман. У чэрвені 1917 года ён атрымаў мандат члена гарадскога савета ў Мінску. У студзені 1918 г. Гельтман быў прызначаны камісарам пададдзела па польскіх справах Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Пасля акупацыі ўсходняй Беларусі кайзераўскімі войскамі былы рэдактар “Польскай праўды” знаходзіўся ў лагеры ў Хафельбергу. Пасля вызвалення ў 1919 г. Гельтмана прызначылі намеснікам наркама земляробства і лясной гаспадаркі Літбела. У 1924–1925 гг. ён быў наркамам земляробства, а затым старшынём Дзяржплана БССР. Пазней стаў рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта ў Мінску. У 1930‑я гады працаваў у Наркамаце зернесаўгасаў СССР.

    Адказным рэдактарам выдання быў не меньш вядомы бальшавік Станіслаў Берсан. Гэты чалавек паходзіў з багатай варшаўскай сям’і фінансістаў. У 1917 годзе ён далучыўся да бальшавікоў і хутка стаў намеснікам старшыні Мінскага Савета. Берсан удзельнічаў у падпісанні прэлімінарнай мірнай дамовы з немцамі ў мястэчку Солы. У лютым 1919 года ён быў прызначаны наркамам дзяржкантролю Літоўска-Беларускай ССР, аднах хутка пасля гэтага трапіў у палон польскіх войскаў на станцыі Новая-Вільня і ў мястэчку Рудаміна быў растраляны.

    “Польская праўда” крытычна ставілася да “буржуазных” фарміраванняў Першага польскага корпуса і заклікала да стварэння польскіх рэвалюцыйных батальёнаў. У канцы 1917 года ў Мінску з’явілася новае польскае грамадска-літаратурнае выданне “Будучыня”, якое імкнулася супрацьстаяць рэвалюцыйным уплывам сярод моладзі. У гэты ж час выдавалася і бульварная газета “Пляцуўка”.

    Выданні “доўбурчыкаў”

    Ужо ў ліпені 1917 года ў Беларусі пачала выходзіць газета “Польскі жаўнер”, якую выдаваў Аддзел асветы вайсковага саюза палякаў Заходняга фронта. У Мінску таксама выходзілі “Вайсковыя ведамасці”. Галоўным лейтматывам іх публікацый была ідэя папулярызацыі службы ў польскіх вайсковых частках. Пасля пераезду Польскага галоўнага вайсковага камітэта з Петраграда ў Мінск ў снежні 1917 года “Польскі жаўнер” аб’яднаўся з часопісам “Польскія ўзброеныя сілы”.  

    У час так званага “Мецяжу корпуса Доўбар-Мусніцкага” ў 1918 годзе большасць польскіх выданняў на Беларусі падтрымалі “доўбурчыкаў”. У лютым 1918 года замест спыніўшага выхад “Мінскага дзённіка”, пачала выдавацца газета “Мінскі ганец”. Пасля таго, як у Мінск увайшлі кайзераўскія войскі, амаль усе польскія газеты былі зачыненыя. У друкарні, дзе выпускалася “Польская праўда”, адбыўся ператрус. Рэдакцыі “Пляцуўкі” і “Польскага жаўнера” паспелі пераехаць у Бабруйск. Аднак пасля капітуляцыі Першага польскага корпуса выданні былі вымушаныя зачыніцца.

    Польска-бальшавіцкая барацьба за Беларусь

    У лістападзе 1918 года ў Германіі адбылася рэвалюцыя і кайзераўскія войскі пачалі пакідаць Беларусь. За імі ў рэспубліку вярталіся бальшавікі. Ужо ў снежні 1918 года ў Мінску пачынае выходзіць польская бальшавіцкая газета “Молат”, якая павінна была “падрыхтаваць” народныя масы Польшчы да сацыялістычнай рэвалюцыі. Беларусь для гэтага была выбраная не выпадкова. У рэспубліцы жыло шмат палякаў, якія і мусілі стаць аплотам сацыялістычных змен на Радзіме. Акрамя гэтага, аўтары выдання выступалі за злучэнне Беларусі і Літвы ў адзіную дзяржаву, а калі гэта стала рэчаіснасцю, рэдакцыя “Молата” пераехала ў сталіцу новай рэспублікі — Вільню.

    Аднак пасля пачатку польска-бальшавіцкай вайны журналістам “Молата” давялося пакінуць старажытную сталіцу Вялікага княства Літоўскага і вярнуцца ў Мінск. У гэты час газета стала адыгрываць ролю агітацыйнага рупара, які павінен быў уплываць на светапогляд жаўнераў Пілсудскага. Але фронт хутка рухаўся на ўсход і рэдакцыя “Молата” пераехала ў Смаленск.

    Пасля ўступлення Войска Польскага ў Мінск там быў адноўлены выхад шэрагу польскіх газет. Ізноў стаў выдавацца “Мінскі ганец”, які быў друкаваным органам так званай “Крэсовай стражы”, нацыяналістычнай польскай арганізацыі, якая выступала за далучэнне беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель да Польшчы. На старонках “Ганца” ішла гарачая дыскусія паміж прыхільнікамі федэралізацыі зямель былой Рэчы Паспалітай і тых, хто выступаў за інкарпарацыю ўсходніх ускраін, у тым ліку і Беларусі, у склад адроджанай Польшчы. У сакавіку 1919 года ў Польшчы ўбачыў свет першы нумар часопіса “Польскі жаўнер”, які, па сутнасці, працягваў традыцыі аднайменнай газеты Першага польскага корпуса. Выданне выходзіла штотыдзень, а ў 1930‑я гады да яго з’явіліся дадаткі.

    Пасля таго, як Чырвоная Армія прарвала фронт ды ішло наступленне на Захад, у Мінску бальшавікі пачалі выдаваць газету “Сцяг камунізму” на польскай мове. У ёй працавалі і былыя супрацоўнікі “Молата”. У выданні друкаваліся навіны з фронту і “вызваленых” тэрыторый. Аднак калі фронт у 1920‑м ізноў вярнуўся пад Мінск бальшавіцкія журналісты збеглі ў Смаленск. У лютым 1921 года ў сталіцы савецкай Беларусі аднавіўся выхад газеты “Молат”, яна друкавалася да 1923 года.

    Большасць тых, хто ствараў польскія бальшавіцкія газеты, у канцы 1930‑х гадоў былі рэпрэсаваны НКУС (сярод іншых, ахвярай сталінскіх катаў стаў Стэфан Гельман). Тыя ж, хто верыў у польска-беларускую федэрацыю ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы ўвесну 1921 года канчаткова пазбавіліся не толькі ілюзій, але і сваіх зямельных маёнткаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці