• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зураб Аласанія: Мы сёння з жахам чакаем рэваншу мінуўшчыны

    Ва Украіне ўжо колькі месяцаў ідзе працэс стварэння Грамадскага тэлебачання адпаведны закон быў прыняты Вярхоўнай Радай і падпісаны прэзідэнтам Пятром Парашэнкам. Ствараецца Грамадскае тэлебачанне на базе Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны (УТ-1) і, што лагічна, кіруе працэсам гендырэктар гэтай дзяржаўнай тэлекампаніі Зураб Аласанія. Але некалькі тыдняў таму Пленум Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны (НСЖУ) звярнуўся да прэм’ер-міністра Уладзіміра Гройсмана з патрабаваннем звольніць Зураба Аласанію з пасады гендырэктара УТ-1.

    У абарону кіраўніка дзяржаўнай тэлекампаніі выступіла пераважная большасць украінскіх журналістаў. У чым жа прычына канфрантацыі паміж кіраўніцтвам НСЖУ і сябрам гэтай арганізацыі Зурабам Аласанія?

    – Ці стала гэта патрабаванне Пленума НСЖУ да прэм’ер-міністра нечаканасцю для вас?

    – Не. Бо лістоў такога кшталту ўжо было штук шэсць. Проста раней на іх ніхто не звяртаў увагі. А зараз на Пленуме выпадкова апынулася адна журналістка, якая, пачуўшы гэтае патрабаванне, імгненна “выбухнула”… Раней такія лісты былі ад дырэктараў, ад прафсаюзаў – ад усіх, што супраціўляўся гэтай рэформе ў Грамадскае тэлебачанне. І ў прынцыпе я магу гэта зразумець: людзям цяжка мяняцца, яны кансерватыўныя па сваёй прыродзе. І яны спрабавалі па прынцыпе: а раптам атрымаецца – давайце напішам ліст прэзідэнту! А потым – прэм’еру. А потым – у “Спортлато”. Раптам нехта прыслухаецца!” А тут у нас яшчэ і змена ўраду адбылася, таму яны вырашылі паспрабаваць яму напісаць. У іх няма ніякіх паўнамоцтваў кадравых, бюракратычных, афіцыйных ці фармальных – зусім нічога.

    – Што ж так у вашых прапановах па рэфармаванні тэлекампаніі так абурыла людзей?

    – Тут справа не ў маіх прапановах – гэта закон. Закон “Аб грамадскім вяшчанні”, які вось ужо 1,5 гады мы з усім сіл стараемся ажыццявіць, а ён ідзе страшна павольна з‑за розных бюракратычных перашкод. І там усё прапісана: як працаваць, каму працаваць, як аб’ядноўвацца і гэтак далей. У кампаніі, якую я ўзначальваю – УТ‑1 – цяпер ужо 32 прадпрыемствы. І ўсё згодна з законам. І кожны з іх супраціўляецца: раней кожны з іх быў сам сабе гаспадар, наладзілі якія-ніякія кантакты з мясцовымі ўладамі, а тут бац – і рэформа! Ну каму яна патрэбная?! А тут яшчэ і прафсаюзы…

    Яны выдатна разумеюць, што структура з 8 тысячам чалавек на дзяржаўным утрыманні не выжыве, не выплыве самастойна, давядзецца скарачаць. Канешне ж, яны баяцца: “А каго скароцяць, а колькі?..” Абвінавачванні менавіта такія: маўляў, ён на 50% скараціў кампанію. Няпраўда! За паўтара года дзяржава не дала мне скараціць ніводнага чалавека. У нас былі цякучыя звальненні і трэба было прымаць на працу, але скарачэнняў не было ўвогуле. Яны проста гэтага баяцца і агучваюць свае страхі.

    Другое – выдаліў з канала Савіка Шустэра. З ім у канала была дамова, і калі я прыйшоў на канал гендырэктарам, я тую дамову скасоўваць не стаў: дачакаўся, пакуль тэрмін дзеяння яе скончыцца і не стаў яе працягваць. Проста таму, што Савік Шустэр і яго студыя ператварыліся ў машыну для зараблення грошай. Гэта ўжо проста выходзіла за ўсе магчымыя межы. Выдалілі з канала Міхаіла Паплаўскага – гэта самага страшнага выгляду эстрадная музыка. Так, украінская, але вельмі жахлівая. Гэта нават не шансон, а яшчэ горш! З залатымі халатамі на голае цела… Але ён быў страшэнна папулярным сярод людзей. Дарэчы, зараз ён пад крымінальным пераследам за махінацыі ў Інстытуце культуры, дзе выхоўваў такое вось пакаленне эстрады. Але мяне папракаюць: “Чаму вы прыбралі ўсё старое, але наўзамен не далі нічога новага?” Бо мы па-ранейшаму – дзяржаўная кампанія, і ў нас як мінімум да канца бягучага года будзе страшна маленькі бюджэт. Нам яго проста не павялічваюць. Бо мы падпарадкоўваемся, і на нас проста не звяртаюць увагі. Пакуль што…

    – Калі ў законе ўсе дзеянні прапісаныя, то чаму вінаватым робяць вас – таго, хто проста закон выконвае?

    – Ну, нехта ж крайнім павінен быць заўжды! Гэтыя людзі ніколі не кажуць, што яны не хочуць выконваць закон. Наадварот: “Канешне, мы хочам стаць грамадскім вяшчаннем!” Але ж казаць можна адно, а рабіць зусім іншае. Тут вельмі шмат ілжэпатрыятызму і “шараваршчыны”. А гэтыя людзі, што накіравалі патрабаванне Гройсману, – яны ўсе колішнія камсамольскія супрацоўнікі. Яны ўсе “перафарбаваліся” ў жоўта-блакітны нацынальна-патрыятычны колер, але сэнс застаўся ранейшым. Мне падаецца, ім ўвогуле абыякавая ідэалогія – яны проста падладоўваюцца пад актуальныя лозунгі. З‑за вайны патрыятызм тут на ўздыме, і яны зараз на ім гуляюць. Як раней гулялі на ўсёй савецкай прапагандзе, гэтак жа цяпер – на ўкраінскай… НСЖУ заснаваны ў 1959 годзе і на ўтрыманні дзяржавы ўвесь час знаходзіцца…

    – Журналіст і палітык, дэпутат Вярхоўнай Рады Мустафа Наем напісаў у сваім Фэйсбуку, што прычына “наезду” на вас – палітычная. Маўляў, кампанія дзяржаўная, а дазваляе сабе крытыку ўлады. Ёсць у гэтым праўда?

    – Я не бачу тут палітычнага падтэксту. Справа ў тым, што яшчэ паўтары года таму ўлады зразумелі, што нечага ад мяне хацець бессэнсоўна – яны проста чуюць адказ “не!” – і ўсё. А крытычныя праграмы ў нас як ішлі, так і ідуць. Праўда, мы бяром чужыя праграмы, бо самі праводзіць сур’ёзныя расследаванні не можам – тут нізкія заробкі і гэтак далей. Быў у нас у эфіры і апошні “афшорны” скандал. Палітыкі ўспрымаюць гэта па-свойму. Мустафа – мой добры сябра, але ён ужо палітык, а не журналіст. Таму яму падаецца, што наезд менавіта такой маёй пазіцыяй і выкліканы. Але я з ім не згодны. Мы і раней паказвалі значна горшыя для ўлады рэчы – і пра прэзідэнта, і пра прэм’ер-міністра. Там было і пра зямлю, якую яны бралі сабе ў Кіеве, і пра заводы. “Афшорны” скандал на фоне тых сюжэтаў зусім слабы: у Парашэнкі там няшчасныя 3 тысячы долараў і тры афшоры. Смешна для яго ўзроўню. Таму я не думаю, што з гэтым усё звязана. На самой справе, у палітыкаў ёсць выдатны шанец ад мяне пазбавіцца ў канцы года. Зараз я толькі дырэктар канала, а ў канцы года Назіральная Рада будзе абіраць праўленне Грамадскага вяшчання. Тады яны могуць націснуць на Назіральную Рады і абраць іншага дырэктара. Навошта рабіць гэта зараз?

    – Глядзіш, да гэтага дня і не дацягнеце на пасадзе кіраўніка…

    – Клянуся – быў бы шчаслівы, каб так і адбылося! Бо гэтая катарга дастала ўжо! Тут іншае: на маім прыкладзе добра відаць, як ва ўсёй краіне пачаўся адкат… Рэваншам гэта пакуль не назавеш, але кожны дзень нейкія маленькія адкаты ў мінулае… Памятаеце – 1988 год, ліст Ніны Андрэевай “Не магу здраджваць прынцыпам”. Пасля гэта ліста ўсе здрыгануліся, заціхлі, і два дні была цішыня поўная: “Няўжо ўсё пакацілася назад, няўжо перадумалі?” Вось тое ж зараз і ў нас адбываецца. Агучылі гэта патрабаванне, і ўсе здрыгануліся: “Няўжо яны ізноў вярнуцца?”

    У мяне адчуванне, што зараз па ўсёй краіне, асабліва ў рэгіёнах, ідзе напружанае і насцярожанае чаканне рэваншу. Яшчэ і з‑за таго, што і прэзідэнт, і ўся ўлада апошнія два гады патраціла халера ведае на што: няма ніякіх заўважных рэформ. Людзі вельмі моцна незадаволеныя…

    – Па шчырасці, я сумняюся, што дзяржаўны тэлеканал здольны на такія змены, каб вырабляць годны медыяпрадукт…

    – Большасць маіх сяброў-медыйшчыкаў у гэта таксама не вераць і кажуць пра УТ‑1: “Гэта трэба было б проста знішчыць – гэта перарадзіць немагчыма!” Радыкалы з іншага боку кажуць іншае: “Нічога не чапайце, як яно ёсць, так яно хай і працуе – усё выдатна!”

    Пытанне ваша вельмі добрае, але адказаць на яго вельмі складана. Вось зараз я працую на канале і гарантую вам адсутнасць уплыву дзяржавы і ўлады на яго кантэнт. Але з усіх абласных тэлекампаніяй, якія мы зараз аб’ядналі ў сябе, пакуль што толькі адна з 28 гарантавана не робіць заказных матэрыялаў. Ці я б нават сказаў – “паркетных”. Усе астатнія пакуль яшчэ пад гэтым прыгнётам. Па старой звычцы яны раяцца з губернатарамі, мэрамі, з усіх сіл пад іх падладоўваюцца, хаця фармальна ніякіх прычын для гэтага ў іх ужо няма: губернатары іх не прызначаюць – іх прызначаю я. І тым не менш, гэта трэба яшчэ ламаць. І я пакуль не магу гарантаваць, што гэтая сістэма, што мы выбудоўваем, ужо спелая. На вялікі жаль, усё залежыць ад аднаго чалавека – мяне. А я б не хацеў, каб гэта кіравалася “ўручную”. Мара – выбудаваць сістэму, якая была б незваротнай. Але пакуль гэтага няма.

    Бюджэт у кампаніі малы, заробкі – таксама. І як у такіх умовах рабіць добры медыяпрадукт, расіць кадры? Нармальныя журналісты не будуць працаваць у дрэнных умовах і за капейкі…

    – Усё так, але мне падаецца, што пытанне тут больш шырокае і тычыцца яно журналістыкі ўсяго свету. Мы з вамі ў проста губляем сваю прафесію. І не з‑за блогераў – проста таму, што інфармацыя змяняецца, сродкі яе дастаўкі змяняюцца. Аўтарства змяняецца – кожны мінак на вуліцы можа дастаўляць інфармацыю. І плюс платформы, якія раней былі нашым з вамі эксклюзівам, – тэлебачанне ці радыё – цяпер ёсць у кожнага «ў кішэні»…

    Нам трэба пераасэнсоўваць прафесію. Новыя, маладыя, да нас ужо не будуць ісці дакладна. Тэлевізар ужо не ажыве – я гарантую даю, я ў гэтым упэўнены. Будзе новая форма. Якая менавіта – ніхто ў свеце пакуль яшчэ не знайшоў. Буйныя заходнія СМІ гэтак жа “загінаюцца”. Толькі больш павольна і прыгожа, чым мы з вамі. Сёння “кропкі”, адкуль мы “вяшчалі народу”, больш няма. Людзі ўжо вяшчаюць самі сабе. І калі мы ў бліжэйшыя 15–20 гадоў не знойдзем гэтую форму, то якасць медыя цалкам зменіцца. Я не магу сказаць, што будзе, ніхто не можа. Але такімі, як сёння, СМІ ўжо не будуць – я ўпэўнены.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці