• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Размеркаванне “на раён”: прысуд ці шчаслівы выпадак?

    Непрыемнае пакалванне ў вобласці сэрца — менавіта такімі адчуваннямі ў многіх студэнтаў журфака суправаджаецца слова “размеркаванне”. Складана думаць пра размеркаванне “ў раён”, калі ўжо паспеў зведаць смак сталічных прэс-канферэнцый, банкетаў і тусовак. Але будзем шчырымі: стэрэатыпныя “ўдоі-надоі”, “малацьба-дажынкі” і “апухлы твар галоўнага рэдактара” сустракаюцца далёка не ва ўсіх раёнках.

    У “Чачэрскім Весніку” маладому стыль-рэдактару не дазволілі прымяняць у тэкстах некаторыя новыя правілы беларускай пунктуацыі, бо “так заўсёды пісалі”. А ў “Ляхавіцкім весніку” практыкантцы пасля 2 курса дазволілі поўнасцю памяняць стыль і вёрстку выдання. У газеце “Сельская праўда” (Жабінкаўскі раён) не захацелі прапускаць матэрыял практыканткі пра арганізатара футбольнага матчу для дзетак-сірот (рэдакцыя ўгледзела тут “антыдзяржаўныя” ноткі). А ў тым жа “Ляхавіцкім весніку” прапусцілі крытычны матэрыял пра адсутнасць культурных месцаў адпачынку ў горадзе.

    “Хойнікамі і Брагінам” студэнтаў пужаюць з першага курса. Пазней “страшылкі” трансфармуюцца. Студэнтаў пужаюць міністрам інфармацыі, якая нібыта прыходзіць на размеркаванне са спісам раёнаў і гаворыць: “Выбірай любы”. А свае “паперкі-запыты” з салідных выданняў застаецца толькі з’есці ад роспачы. Але год на год не трапляе, таму кожны курс мае сваю гісторыю размеркавання. Усе студэнты жывуць надзеяй на перамены.

    Кадраў у раёнках яўна не хапае, таму пра маладых спецыялістаў клапоцяцца яшчэ тады, калі тыя лічацца абітурыентамі. Ахвотныя  могуць заключыць дамову, паводле якой яны абавязаныя адпрацаваць у роднай раёнцы пяць гадоў. Пры паступленні прахадны бал у такіх абітурыентаў значна ніжэйшы за асноўны.

    А ці баяцца раёнак самі студэнты, якім у наступным годзе давядзецца развітацца з родным факультэтам?

    Вольга:

    – Пасля ўніверсітэта я абавязаная адпрацаваць пяць гадоў ва Ушацкай раённай газеце “Патрыёт”. І я абсалютна не камплексую. Па-першае, гэта гарантаванае месца працы. Па-другое, там мяне чакае добры і малады калектыў. Па-трэцяе, заробкі там “мінскія”. Па-чацвёртае, я перакананая, што не абавязкова працаваць у вялікім горадзе, каб вырабляць якасны прадукт. Урэшце, там даволі лёгка рэалізаваць уласны журналісцкі праект. Да таго ж, у невялікай рэдакцыі супрацоўнік з’яўляецца больш важнай “дэталлю”, чым у буйной. Пасля супрацоўніцтва з мінскімі прыватнымі медыя я зразумела, што не варта прагнуць застацца ў іх на доўгі час. Хаця такі досвед і патрэбны. Абавязковае размеркаванне не азначае, што з першых курсаў не трэба шукаць сабе рэдакцыю. Я не буду лічыць размеркаванне ў раённую рэдакцыю прысудам, з улікам цяперашняй сітуацыі на медыярынку краіны і падвойнага выпуску спецыялістаў у 2017 годзе.

    Эльвіра:

    – Каб не расчаравацца сваім размеркаваннем, я проста нічога не чакаю. Жыву сённяшнім днём, з унутранай упэўненасцю, што буду менавіта там, дзе мне трэба быць. У жыцці нічога не адбываецца проста так. Натуральна, я супрацоўнічаю з пэўнымі друкаванымі і электроннымі выданнямі. Але ў той жа час я атрымліваю асалоду ад студэнцкага жыцця. А пра сваё жыццё пасля атрымання дыплома не думаю, бо ўпэўненая, што яно будзе цудоўным – незалежна ад таго, куды мяне размяркуюць.

    Аляксандра:

    – Ехаць па размеркаванні ў рэгіён я не жадаю. Па-першае, я ўжо другі год працую ў тэатры, дзе хачу застацца. І зараз раблю ўсё магчымае, каб гэта і адбылося. Па-другое, пераезд у рэгіён ускладняе жыццё. Сама я з Мінска, і ў рэгіёне мне давядзецца шукаць кватэру – пры тым такую, дзе дазволілі б трымаць майго сабаку. Па-трэцяе, у тэатры я займаюся яшчэ і стварэннем бутафорыі. Безумоўна, яе транспартыроўка ў Мінск будзе праблематычнай. Але, калі раптам мяне накіруюць у раён, гэта не будзе крахам майго жыцця. У любой сітуацыі я знайду плюсы – хаця б свежае незагазаванае паветра! 

    Яўген:

    Пасля заканчэння ўніверсітэта я буду праходзіць размеркаванне ў газеце “Віцьбічы” ў Віцебску. З гэтым выданнем я супрацоўнічаў яшчэ ў школе, праходзіў там усе практыкі, мяне там чакаюць. Не магу сказаць, што мне ўсё падабаецца ў “Віцьбічах”. Але я ўжо знаёмы з калектывам, што значна ўсё спрашчае. Натуральна, мне будзе складана разлічваць на высокі заробак, але, калі з’явяцца досвед, навыкі і стаж, я спадзяюся атрымліваць больш за сваю працу.

    Алеся:

    – Калі мы думаем пра размеркаванне, то, вядома, робімся крыху эгаістычнымі. Усе мараць пра тое месца, дзе сапраўды захочацца працаваць. Але, з іншага боку, марыць пра ідэальнае някепска – калі журналісту нешта навязваць, то і якасць яго працы будзе нізкая. А на такія рэчы, як добры настрой і натхненне, увогуле прыйдзецца забыцца. Я не хачу апынуцца ў раённай газеце, бо ніколі не жыла ў раёне. Думаю, наша размеркаванне ў раён можна параўнаць з войскам у хлопцаў, калі тыя спрабуюць ад яго “адкасіць”. А зачапіцца ў тым жа Мінску вельмі складана – нават калі ты праходзіш усе свае практыкі ў адным выданні, або калі цябе хваляць выкладчыкі. У тых, хто нас размяркоўвае, зусім іншыя інтарэсы, якія не супадаюць з нашымі. Шкада, бо разам мы б змаглі падняць узровень прэсы ў Беларусі значна хутчэй.

    Надзея:

    У год, калі я скончу ўніверсітэт, факультэт выпускае адразу два курсы. Таму кожны зараз жыве ў невядомасці: чаго чакаць ад размеркавання? Каму пашанцуе больш – тым, хто адвучыўся пяць гадоў, або тым, хто адвучыўся чатыры? Я мяркую, баяцца размеркавання не трэба. Калі ты ўжо з кімсьці супрацоўнічаеш, ёсць вялікая верагоднасць, што цябе туды і размяркуюць у будучым. Іншая рэч — зусім нічога не рабіць і спадзявацца, што пра тваю будучыню паклапоціцца дзяржава. Не варта баяцца размеркавання ў раёнку. Напрыклад, падчас сваёй першай практыкі (я праходзіла яе ў сваёй Мядзельскай раёнцы) я шмат чаму навучылася. Калектыў там добры, таму я была б не супраць адпрацаваць з імі свае два гады…

    Не ўсіх студэнтаў палохае перспектыва двухгадовай перспектывы паездкі “на раён”. Хтосьці мэтанакіравана вучыцца пяць гадоў ва ўніверсітэце, каб вярнуцца падымаць родную газету. Стрэсу ў такіх маладых спецыялістаў будзе значна менш, бо стадыі адапатацыі ў новым калектыве проста не будзе. Але ёсць і такія, хто не збіраецца мірыцца з перспектывай застацца “на раёне”, бо лічыць, што ў рэгіёнах развівацца журналісту даволі складана. А бывае, што, правучыўшыся на журфаку некалькі гадоў, студэнт зразумеў, што хоча займацца зусім іншымі рэчамі.

    Я ўсё ж трымаюся пазіцыі, што “ў жыцці нічога не бывае проста так”. Варта зрабіць усё магчымае, каб твая мара здзейснілася. Але таго, што ад цябе не залежыць, не пазбегнеш. Так разважала і адна мая знаёмая, якую накіравалі па размеркаванні ў адзін з раёнаў Магілёўскай вобласці. Яна прытрымліваецца гэтай пазіцыі і цяпер, калыхаючы на другім годзе адпрацоўкі дзіцё і гатуючы для мужа, з якім пазнаёмілася ў раёнцы. Таму раён, які спачатку можа падацца прысудам, з цягам часу можа апынуцца для кагосьці са студэнтаў і шчаслівым выпадкам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці