Сацсеткі саступаюць іншым каналам трафіку ў беларускіх медыя
У большасці беларускіх навінных сайтаў сацыяльныя сеткі застаюцца менш важным каналам трафіку, чым іншыя. У тых рэдакцый, дзе працуюць з сацсеткамі, сітуацыя адрозніваецца.
У сайтах традыцыйных СМІ пакуль не вельмі праявілася агульная сусветная тэндэнцыя перавагі пераходаў з сацыяльных сетак на сайт перад пераходам з пошуку.
У старых медыйных праектах усё яшчэ мае вялікае значэнне лаяльная аўдыторыя, якая набірае адрас сайта ў браўзеры (Direct), і паказчыкі прыходу на сайт па пошуку (Search). Трэцім па важнасці аказваецца канал трафіку спасылкі з іншых сайтаў (Referral) і вельмі нізкія паказчыкі трафіку з сацыяльных сетак (Social).
Між тым, у новых медыя, кшталту Huffington Post, BuzzFeed або Look At Me, загадзя нацэленых на аўдыторыю Facebook і «ВКонтакте», або ў абноўленых традыцыйных СМІ (The New York Times, The Guardian, Gazeta Wyborcza) колькасць пераходаў Social набліжаецца або пераўзыходзіць Search і Direct. Што тычыцца паказчыка Referral, то агульнай тэндэнцыі тут заўважыць не ўдаецца.
Ва ўсіх новых распрацоўках дызайну старонак абавязкова разглядаецца гіпотэза, што новы наведвальнік мог трапіць на любую старонку выдання не з галоўнай старонкі, не набіраючы адрас у браўзеры (Direct). Перад распрацоўшчыкамі ставіцца задача чымсьці чытача зачапіць, каб прымусіць пайсці па спасылках на іншыя публікацыі сайта. Толькі каля 23% выпадковых наведвальнікаў вядуцца на гэтыя прынады, але, як кажуць, і тое хлеб.
Сучасны чалавек сутыкаецца з лавінай інфармацыі і, каб даць рады, узводзіць плаціны або фільтры. Адным з такіх фільтраў выступаюць сацыяльныя сеткі (найперш Facebook) дзе ў фрэндстужцы карыстальнік бачыць папулярныя сярод яго фрэндаў спасылкі на паведамленні, у той час як на сайты СМІ ён пачынае хадзіць значна радзей. The New York Times у сувязі з гэтым актыўна эксперыментуе з прапановай свайго кантэнту па-за межамі сайта (ад Facebook Instant Articles да Apple News і Snapchat).
У жніўні 2015 года даследчая фірма Parse.ly зафіксавала перавагу пераходаў з Facebook на навінныя сайты перад пераходамі з пошуку Google (цяперашні сусветны лідар у гэтай галіне).
Ці ідуць беларускія навінныя рэсурсы ў нагу з часам? Мы паспрабавалі ацаніць агульныя тэндэнцыі з дапамогай сервіса SimilarWeb, які абапіраецца на інфармацыю пра паводзіны 10 мільёнаў панелістаў, найперш карыстальнікаў анлайн-гульняў. Звяртаем увагу, што гаворка ідзе не пра дакладныя лічбы, а толькі пра агульныя тэндэнцыі. На тых рэсурсах, дзе мы маем доступ да справаздач Google Analytics або «Яндекс Метрика» было зафіксавана максімальнае разыходжанне з дадзенымі SimilarWeb на вялікіх паказчыках у 5–6 працэнтных пунктах, на нізкіх — часам пераўзыходзілі памер паказчыка.
Агульнае правіла: чым большы трафік праходзіць праз сайт, тым з большай верагоднасцю тэндэнцыі паказваюцца правільна.
Як бачым на выяве 3, сярэдні паказчык Social 30 беларускіх навінных сайтаў значна саступае ўсім іншым каналам паступлення трафіку – 8,58%. Разам з тым, у рэдакцыях, якія сур’ёзна ставяцца да працы з сацыяльнымі сеткамі і маюць SMM-спецыялістаў (радыё «Свабода», тэлеканал «Белсат»), канал Social робіцца адным з асноўных пастаўшчыкоў трафіку, і само размеркаванне вагі каналаў выглядае больш гарманічным.
З якіх сацыяльных сетак беларускія медыя маюць большую карысць? Калі браць сярэднія паказчыкі, то на першае месца, як і ва ўсім свеце, выходзіць Facebook (38,26 %), а на другое месца — «ВКонтакте» (36,12 %).
Цікава, што ў заходніх медыях вага Facebook па гэтым паказчыку імкнецца да 2/3 усіх пераходаў з сацыяльных сетак. У Беларусі сапраўдную канкурэнцыю Facebook складаюць «ВКонтакте» і «Одноклассники». Другую пазіцыю на Захадзе мае Twitter (у Беларусі — №4), якому на пяткі наступае Reddit (у Беларусі невядомая). Ні тут, ні там YouTube вялікай ролі па прыцягненні трафіку на сайт не адыгрывае.
Пры аналізе перавагаў той або іншай сацыяльнай сеткі для аўдыторыі беларускіх медыяў можна заўважыць наступнае:
- Facebook знаходзіцца на першых пазіцыях у прыватных агульнанацыянальных медыях за выключэннем папулярных парталаў News.TUT.BY і Onliner.by.
- «ВКонтакте» і «Одноклассники» маюць першую пазіцыю ў рэгіянальных выданняў незалежна ад формы ўласнасці і ў агульнанацыянальных дзяржаўных СМІ.
- Паколькі Мінск дае не больш за 1/3 агульнай аўдыторыі, масавыя выданні мусяць зважаць на схільнасці рэгіянальнай публікі.
Цалкам даследаванне даступна па кароткай спасылцы http://bit.ly/1R9is3h ў Google-дыску.