Андрэй Бастунец: Пагрозы недзяржаўным СМІ – дэманстрацыя слабасці ўлады
Замест вырашэння «балючых» пытанняў улада шукае вінаватых у «няправільным» цытаванні чыноўнікаў – што гэта, калі не слабасць улады, зазначае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Нагадаем, кіраўнік Мінінфарма Лілія Ананіч заявіла пра гатоўнасць выносіць папярэджанні СМІ за непраўдзівую інфармацыю. Пра гэта яна сказала ў эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» тэлеканала «Беларусь‑1». Гаворка ішла пра цытаванне ў недзяржаўных СМІ выказванняў віцэ-прэм’ера Наталлі Качанавай, якая пра медыкаў сказала, што тыя «як працуюць, так і зарабляюць», а таксама заклікала трэнераў нармальна ўспрымаць заробак у 1,3 мільёна рублей, бо «гасударавы людзі».
Як паведаміў Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, «мусім зрабіць бліжэйшым часам крок у адказ». Ён лічыць заўчасным раскрываць сутнасць кроку, але зазначае, што і БАЖ, і журналісцкая супольнасць паспрабуюць «давесці да тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, да тых, хто быццам бы таксама належыць да нашай супольнасці – маю на ўвазе удзельнікаў «Клуба рэдактароў» – усё ж такі сваё меркаванне».
Паводле Андрэя Бастунца, загадны лад, заклікі да працы на карысць дзяржавы ў цяжкі момант, пагрозы «антыдзяржаўнай» журналістыцы з боку людзей, якія залічваюць сябе таксама да журналістаў – «гэта дэманстрацыя свайго месца ў гэтай дзяржаўнай пірамідзе ці вертыкалі, хутчэй».
«Усё, што яны казалі, мае вельмі ўскоснае дачыненне да журналістыкі. На жаль, тое, што мы зараз пра гэта размаўляем, тое, што гэта абмяркоўваецца ў незалежных медыях, у сацыяльных сетках – гуляе, магчыма, на іх карысць. Бо тую праграму, якую, можа быць, ніхто, акрамя іх саміх, і не глядзеў, зараз хтосьці адмыслова адшукае, каб даведацца пра такі вось уладны пункт гледжання на журналістыку, пра што ж там ідзе гаворка. Хаця, хутчэй, там можна даведацца не пра што ідзе гаворка, а пабачыць, скажам так, «маральнае аблічча сучасніка». Ну, але гэты «плявок у вечнасць» ужо нікуды не дзенецца, застанецца ў гісторыі – ну што ж, праз пэўны час можна будзе вярнуцца да гэтай праграмы і проста запытаць у яе ўдзельнікаў: «Што гэта было?» — зазначае Андрэй Бастунец.
Цытаты з выступу Ліліі Ананіч:
«Інтэрнэт, які прэтэндуе на ролю сродку масавай інфармацыі, спарадзіў вось гэтую з’яву — выхопліваць з кантэксту слова і падаваць яго ў тым соусе, як прадпісана рэдакцыйным заданнем»
«Удумлівае чытанне усяго сказанага павінна быць галоўным у асвятленні тых ці іншых падзей. Але калі журналіст не сумнеючыся, слаба наогул разбіраючыся ў праблемах той ці іншай галіны, спрабуе замяніць гэта кідкім загалоўкам, атрымліваецца такая касая і крывая журналістыка. Гэта не журналістыка, гэта — непрафесійная праца. Гэта — дэструктыўна»
«За недакладную інфармацыю Мінінфарм будзе выносіць папярэджанні»
«Калі гэта жаданне падыграць, распаліць, жаданне заангажаваць адпрацаваць тэму — тады трэба ўжываць ўладу»
«Інтэрнэт прыўнёс у дзейнасць журналісцкай супольнасці вялікі разбуральны складнік. Калі гэтыя рэсурсы становяцца кіраванымі не толькі рэдакцыйнымі калектывамі і непрафесійнымі дзеяннямі журналістаў, а калі яны падхопліваяюцца як сродак дасягнення палітычных мэтаў, нечыіх амбіцый іншага характару, мы і атрымліваем тое, што атрымала Украіна»
У праграме, якую вёў кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька, удзельнічалі таксама галоўныя рэдактары «Звязды» і «Советской Белоруссии», кіраўнік прадзяржаўнага Беларускага саюзу журналістаў.
Ананіч таксама ўзгадала пра нядаўняе збіццё журналіста tut.by Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска.
«Мы афіцыйна дамо адказ на афіцыйны зварот. Самае галоўнае, што мы атрымалі сёння афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сведчыць аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства і ўжыванні законных мер уздзеяння на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту. (…) Журналіст не можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка, значыць, гэта нейкія дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю прафесіі, а не на атрыманне інфармацыі».
Ананіч дала кароткую справаздачу па сваёй дзейнасці ў 2015 годзе. Мінінфарм прыняў 41 рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, вынесена 36 папярэджанняў сродкам масавай інфармацыі.