• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Белавежская пушча: праўда і байкі прэс-тура

    Працяг экалагічнай тэмы.

    У пушчу зборная журналістаў дзякуючы арганізацыі “Экапартнёрства” трапіла на два дні. Назбіралі інфармацыі, як вожыкі лісця.

    Балота Дзікі Нікар – яшчэ не аднавілася. Едзем.

    Спроба аднавіць водны баланс

    Скразной тэмай прэс-тура была вада. У пушчы даведаліся, што тут яе мала. Каля вёскі Белы Лясок  нам паказалі велізарнае паглыбленне ў зямлі. Новая аб’язная шаша некалькі кіламетраў сцелецца роўнаю дугою, перш чым прывесці да другога канца гіганцкай чашы, каля вёскі Роўбіцк. Так далёка наш аўтобус не ездзіў – адразу з горкі на краю паглыблення звярнуў налева і па дамбе павёз да сцяны бярэзніка ў двух кіламетрах. Прагал клінам уразаўся ў яго.  Аказалася: мы едзем па асушаным балоце Дзікі Нікар, якое цяпер… паўторна забалочваюць. Прычына: парушаны водны баланс адмоўна ўплывае на запаведны лес.

    Выходзім у золкі дзень. Захінаемся, хаваем рукі, але інфармацыю ўцягваем, як торф ваду. Яе выдае Віктар Фянчук, эколаг, супрацоўнік арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:

    Эксперт Віктар Фянчук.

    - Дзікі Нікар перасягае межы пушчы. Быў асушаны дзеля патрэбаў сельскай гаспадаркі. Але цяпер пераглядаем шмат якія палажэнні тых часоў, бо страты збыт вялікія. З‑за асушэння з розных часоў, а найбольш з‑за татальнай  меліярацыі 1960‑х гадоў, перасталі існаваць 16 балотаў. Спраставалі 12 рэчак, у тым ліку Нараўку, якая далей цячэ ў Польшчу. У выніку ўзровень грунтовых вод упаў ад 0,5 да  1,5 метраў. Гідралагічны рэжым аказаўся парушаным на трох чвэрцях пушчанскіх тэрыторый.

    Балоты нашмат лепш за азёры прыдатныя, каб змякчаць рэгіянальны клімат, уводзіў нас углыб тэмы эколаг. Возера хутка аддае ваду летам, тэмпературу адкрытая вада таксама трымае нядоўга. Не так балота. Гэта фактычна гіганцкая падушка, набрынялая вільгаццю. Яна трымае мікраклімат  у сваіх ваколіцах, узровень грунтавых вод, а заадно дае прытулак мноству рэдкіх прадстаўнікоў фаўны і флоры.

    Далей мы даведаліся, што ў Дзікім Нікары было раней торфу на таўшчыню да трох метраў. Цяпер месцамі нават пясок выгорваецца. Што вельмі псуем справу суседзям – у польскай частцы аднаўляюць Нараўку, паводле старых фота вырабляюць меандры (звівы). Дык мала таго, што вады нястача тут, дзе яе выток, дык яшчэ торф з нашага боку трапляе з ветрам ў каналізаваную частку і заглейвае рэчышча ў польскай.

    “Балоты з‑за ўмяшальніцтва чалавека страчваюцца беззваротна, – тлумачыў спадар Фянчук. – Прырастаюць яны ў прыродзе па аднаму міліметру ў год, асушаны тарфянік мінералізуецца з хуткасцю адзін сантыметр у год. Але паправіць сітуацыю хоць часткова можна і трэба. Асабліва пасля таго, як у 2013 годзе ахоўваемая тэрыторыя Нацыянальнага парку была павялічана ўдвая. Таму паўторна забалочваем 1100 гектараў.”

    Запаведная частка Белавежскай пушчы.

    Стоп, ёсць міжнародна значная інфармацыя, думаю сабе. Гартаю блакнот, абводжу кругам  запісанае яшчэ ў Мінску, у Цэнтры імя Ёганэса Раў. У 2009 годзе Беларусь вычарпала рэсурс малазатратных сродкаў змяншэння выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу. Засталіся толькі дарагія, якія могуць сабе дазволіць багатыя краіны. Між тым, асушанае балота выкідвае ад 10 да 25 тон СО2 на гектар. Калі загарыцца – выкід ідзе катастрафічны. 235 тысяч тон вуглякіслага газу ў год – такі сумарны выкід на Зямлі ад тарфяных пажараў. А беларускія балоты асушаныя на больш чым 60 адсоткаў, таму гараць ахвотна і рэгулярна. Вільготны ж торф распаліць немагчыма, праўда? Так што вось яшчэ станоўчы эфект ад паўторнага забалочвання!

    Журналістка і дуб.

    Адна з дасціпных дзяўчат дапытваецца, а як выглядае паўторнае забалочванне на практыцы? Як у кампостнай кучы на лецішчы?

    Аказваецца, трэба папросту заваліць чыннік сталага абязводжвання глебы – каналы. Калі была рака – аднавіць, хоць злёгку, петлі. Або проста перастаць чысціць. Прырода сваё возьме, хай сабе і часткова. І не за дорага. Паўторнае забалочванне гектара каштуе  ад 50 да 200 еўра.

    Як водзіцца на балотах, былі і забаўныя моманты. Аказваецца, паўторнае забалочванне праектуе тая самая арганізацыя, якая паўвека таму назад праектавала меліярацыю. Або яшчэ больш крута. У Гродзенскайвобласці на асушаным балоце Дакудаўскае быў праведзены комплекс работ паўторнага забалочвання, а потым урад прыняў рашэнне пазбавіць вялікую частку тэрыторыі ахоўваемага статуса і дазволіў прамысловую распрацоўку  торфа.

    Зразумела, гэтае капанне ўглыб паўторна забівае паўторна ажыўленае балота(!). Прыбілі амаль насмерць, крыху падлячылі і зноў шандарах па галаве. Нават са злачынцамі гэты цыкл карацейшы. Або нават і зусім кароткі. Як было ў Сярэднявеччы:  абарвалася пятля – і асуджаны на страту вольны!

    З Дзікага Нікара нас завезлі ў запаведную частку пушчы. Старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” Дзмітрый Бярнацкі распавёў, як мяняюцца ваколіцы абязводжаных балот. “Калі раней елка ў структуры дрэвастою займала да 11 адсоткаў, то цяпер каля 4‑х. Яе месца займаюць іншыя пароды”.

    Пракаветнасць лесу была нам відавочнаю: на балоцістым з плямамі чароту падсціле мірна гнілі таўшчэзныя камлі. Збольшага дубы. На некаторых заімшэлыя ўжо сляды бензапілы парушалі ілюзію, што мы ў некранутых, рэліктавых  нетрах. “Раней прыбіралі, але даўно ўжо перасталі”, – коратка адказаў пушчанскі эксперт. Згадаліся мае паездкі ў пушчу  два гады таму назад. Правяраў інфармацыю, што там пілуюць дубы. Выйшла: не. След Бамбізы.

     

    Рэха Бамбізы ў Белавежскай пушчы

    Мікалай Бамбіза, былы  Генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, узняў быў высокую хвалю, калі, сапраўды, ушчытную заняўся  тут прамысловым вырабам лесаматэрыялаў. Парубку дубоў пры новым дырэктары мне тады ніхто з мясцовых жыхароў не пацвердзіў, затое амаль кожны распавядаў, як трэслася пушчанская зямля, калі цянюсенькімі, сціплымі тутэйшымі дарогамі магутныя лесавозы цягнулі ў новы тартак даверху нагружаныя бярвеннямі прычэпы. 

    Тая хваля Бамбізу і знесла – за грубыя парушэнні статуса запаведнасці часова было прыпыненае  дзеянне дыплома Савета Еўропы. Пры новым дырэктары адбылося вяртанне да нормаў, але  тое-сёе так і засталося непапраўленым. І гэта не толькі гнілыя бярвенні са слядамі бензапілы ў запаведнай частцы пушчы. Так і не аднавілі на працы кандыдата біялагічных навук Георгія Казульку, які будучы намеснікам дырэктара НП “Белавежская пушча” па навуцы, не пагадзіўся ўключыць у план дзейнасці сістэматычныя рубкі пушчы і быў неадкладна звольнены “гаспадарнікам” Бамбізам.

    У прэсавым туры  падняў інфармацыю, якую потым выменяў на журналісцкім блышыным рынку  на проста-такі народную  навіну. Дык спачатку пра яе. Праверыў: ёсць.

    Цяпер людзі скардзяцца ўжо на трох Бамбізаў.  На братоў. А гэта  Генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза, былы Генеральны дырэктар НП “Белавежская пушча” Мікалай  Бамбіза і іхні стрыечны брат Іван Бамбіза. Аказваецца, рака Прыпяць узятая ў арэнду на працягу соцень кіламетраў, “ад Ляскавіч, ад Турава і далей ад Петрыкава” – з усімі, як кажуць, вынікаючымі і пранікаючымі. Паглядзеў у інтэрнэце: і праўда, палешукі – і вяскоўцы, і гарадскія – прагаворваюць у мікрафоны журналістам свае крыўды, маўляў, ні да ракі табе прайсці, ні рыбу павудзіць, а калі нават і можна, то за грошы, ні тое рыбы, бо “злавіў за гадзіну тры малькі”. Ну, калі на Прыпяці такі слабы клёў, то, як кажуць у нас, “нешта ў лесе здохла”! А хутчэй, гэта вынік “прамысловага лову сеткамі” (глядзі папярэднюю публікацыю па Е‑40)

    Але гэта ўсё ж іншая тэма. Дадам хіба, што Сцяпан Бамбіза сядзіць на ранейшай пасадзе Мікалая – да дзесяцігадовай пабыўкі “генералам Белавежскай пушчы” той кіраваў Прыпяцкім нацыянальным запаведнікам. Мікалай Бамбіза пасля звальнення апынуўся на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення інавацыйнага развіцця “Белаграпрамбанка”.  Іван  пасля бытнасці віцэ-прэм’ерам беларускага ўраду (2004 – 2010)  стаў чыноўнікам Саюзнай дзяржавы і старшынёй  Рады нагляду “Белаграпрамбанка”.   І другое. Цяпер у папярэдняй тэме, “водны шлях ад Балтыкі  да Чорнага мора Е‑40”, больш акрэсленасці, ху із ху на палескім абсягу гэтай дарогі  ў нас.

    Што да Белавежскай пушчы, то тут Мікалай Бамбіза пакінуў той своеасаблівы след, што ў ёй з’явіліся… страўсы!

    Гэта было другое пытанне, якое мне задала летась дасціпная  госця-школьніца пасля прыемнага ўвогуле для яе аглядання запаведніка.  Беларускі як-ніяк лес – прычым тут страўсы? Цэлая купа іх у вальеры.

    “Гэта былому дырэктару падаравалі. Ён і пакінуў.  Каб прывабліваць турыстаў”, – патлумачылі ў музеі прыроды.

    Спрэчная эклектыка. Паводле гэтай логікі, наступнымі будуць сланы. І\або: адзін з вальераў будзе паўторна забалочаны, і туды  запусцяць кракадзілаў.  

    А гасцям, натуральна,  падавай зуброў!  Яны тут да месца, яны чаканыя. І нам іх паказалі. Дакладней, волаты нам папазіравалі крыху, здалёк, на вольным выпасе ў полі, зялёным ад руні. Узыйшла сеянка, падкормка гігантам. Іх ужо больш за 460, і асушаныя пушчанскія абсягі даюць замала травы.

    Зубры: мы тут ямо. А вы?

    Згадаў адзін з экспертаў і дыяметральна процілеглы памерамі мясцовы ўнікум, буразубку малую,  Sorex min­u­tus. Гэтая “масесенькая” землярыйка, хоць важыць усяго 3 (тры) грамы,  – але мае невялікі хабаток. Надта рухавая, увішная і мілая. Няшны звярок.

    Крыху паспрачаліся мы наконт сімвалу для Беларусі. Адны настойвалі, каб пакінулі ім зубра, і пакінулі ў спакоі. “Усё. Дыскусія завершаная.” Іншыя казалі пра бабра. Маўляў, працалюбны і ў крыўду сябе не дасць. А некаторыя выказаліся на карысць буразубкі малой. Маўляў, ёй мала трэба, на ейныя 3 (тры) грамы.

    А як вы думаеце?   

     

    Не беларускі асяродак, але і не кітайскі

    Нетутэйшыя калегі захацелі набыць сувеніры. Адна з журналістак дастала з сумкі галаву зубра (маленькую, вядома, сувенірную) мінскага яшчэ паходжання, дала мне пачытаць зваротны бок і выказала меркаванне, што і ў тутэйшым сувенірным шапіку на ўездзе  “ўсё спрэс “мэйд ін Чайна”.  Я адразу засумняваўся, бо ведаю сітуацыю знутры – у нас шмат ІП здабываюць хлеб надзённы вырабам сувеніраў. Паабяцаў: праверу і скажу.

    Пушчанскія сувеніры.

    Ключавы чалавек трымаўся нейкі час, потым махнуў рукой. “Мусім браць, бо дамову маем. Гэтыя дзве нізкі ў кутку кітайскія. Рэшта спрэс мясцовы выраб”. Акурат пад’ехаў прадпрымальнік з Бярозы, прывёз каляровыя алоўкі-сучкі, яшчэ нешта – цэлы легкавік-“абцасік”.

    Паглядзеў на кітайскія вырабы – некаторыя па-беларуску напісаныя. “Штампуюць. Відаць, выгадна ім, калі так напісалі”, – пракаментаваў прадпрымальнік.

    Вырабы нашых майстроў таксама там-сям падпісаныя па-беларуску.

    Гэтая тэма, пагадзіцеся, экалагічнага кшталту. Мовы, зусім як і расліны, жывуць, паміраюць – разам з іх носьбітамі, народамі. 

    Увогуле Белавежская пушча як тэрыторыя не робіць беларускага ўражання. Надпісы спрэс на расейскай (рускай) і англійскай мове. На так званай “царскай” дарозе парэнчы мастоў “аздобленыя”  гербам царскай Расіі, які ўспрымаецца як настойлівы імператыў. І толькі  назоў скансэна прапісаны на нацыянальнай мове: “ХУТАРОК”.  Гэтая ясачка паціху гасне па дарозе да самагоннага бровара, які належыць да скансэна. Гаспадыня па дарозе ні слова па-палеску а ні па-беларуску. Заходзім піць самагонку – на адным з крэслаў павязана размадзелая такая ад крухмалу георгіеўская стужка. Не дзейныя перасцярогі дзяржаўнага галавы, мы самі сабе галава, задураная самагонам.

    Уезд пад вечным прыцэлам.

    Экскурсія сходу на “великом и могучем”.  Я ў глухія савецкія часы, падпрацоўваючы ў Брэсцкай крэпасці да настаўніцкага сціплага заробку экскурсаводам, у перадапошнім зале музея або дзе па дарозе ўстаўляў блок на беларускай мове.  НІ РАЗУ  ніхто не наракаў, наадварот, людзі ажыўляліся і дзякавалі: “Ну хоть услышали белорусский язык!”. Бо гэта асаблівы шыфр. Мы цікавыя іншым сваёй адметнасцю, а не тым, што будзем касіць пад страўса або слана.

    Калі шчыра сказаць, усяго ў пушчы пакрысе. Ёсць і ветлівасць персаналу, сардэчнасць нават, і жаданне грошы зарабіць менавіта за працу, за паслугі (басейн, саўна за смешныя грошы, вуа-ля!). Але адчуванне духоўнай такой савецкай згушчонкі літаральна  сустракае і праважае – ужо на ўездзе, насупраць цэнтральнай брамы. Там залёг кулямётчык. Бетонны. Дбайна пафарбаваны. Напругай волі ўрос ён у станіну зброі і страляе па шашы, па транспартных сродках, па табе, калі ты ідзеш углыб.

    Вам падабаецца, калі па вас шмаляе з нагана, з аўтамата суседскі хлопчык ці хай сабе сын або ўнук?

    Спытаў у гасцініцы. Супрацоўнікі адказваюць стрымана. Маўляў, мы людзі малыя. Але не абвяргаюць: я не першы, хто хоча ведаць, навошта.

    Відаць, згодныя і з тым, што гасцей у запаведнік прыроды як-ніяк пад прыцэл залучыць …ага.

    Іншая крыніца паведаміла: гэта помнік савецкага часу, пастаўлены ў гонар тром загінулым напачатку вайны з фашыстамі салдатам Чырвонай Арміі. Нядаўна яго былі прыбралі, бо не ўсіх такое рашэнне помніка задавальняе.  Пасля рэканструкцыі скульптуры не было. Але потым мусілі вярнуць паводле рашэння суда. Спытаў, хто падаў іск. Але на гэтым “дазволеныя рэчы” закончыліся. 

    Закончыўся і наш час у Белавежскай пушчы. Як бачыце, карціна стракатая. З’явяцца новыя абсягі – напішу яшчэ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці