• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Эксперт: “Мадэль асвятлення гэтых выбараў пазбаўляе людзей выбару”

    Днямі Лілія Ананіч пагрозліва выказалася на адрас «асобных інтэрнэт-рэсурсаў», якія публікуюць заклікі да байкоту выбараў, парушаючы тым самым выбарчае заканадаўства.

    «Наўрад ці можна не заўважаць, што ў асобных сродкаў масавай інфармацыі, хутчэй гэта адносіцца да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў большай ступені зарэгістраваныя за межамі краіны, у гэтай выбарчай кампаніі былі свае спецыфічныя задачы», – заявіла міністр.

    Па яе словах, праца такіх медыяў адсочваецца («такая аналітычная праца ў Міністэрстве інфармацыі вядзецца, вядзецца ўсімі структурамі»), але не адказала на пытанне, ці будзе міністэрства рэагаваць.

    Ці заўважыла група маніторынгу ГА «БАЖ», якая аналізуе асвятленне гэтай выбарчай кампаніі ў СМІ, згаданую міністрам тэндэнцыю?

    «Мы не заўважылі, каб недзяржаўныя медыя заклікалі да байкоту, – заўважыў кіраўнік групы Алесь Анціпенка, прэзентуючы вынікі чарговага этапу даследавання. – Можа быць, у тых СМІ, якія не трапляюць у поле нашай увагі, ёсць такія заклілкі. Але я не магу пра іх казаць».

    Аб’ектамі маніторынгу, нагадаем, з’яўляюцца наступныя праграмы і СМІ: навінная праграма “Панарама” (“Беларусь 1”); навінная праграма “Наши новости” (ОНТ); штотыднёвая праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”); праграма ”Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё); праграма “Навіны-рэгіён” (ТРК “Магілёў”); Абласное радыё (ТРК “Магілеў”); інтэрнэт-рэсурсы www.naviny.by і www.belta.by; друкаваныя СМІБеларусь сегодня”, “Народная воля”, “7 дней”, “Наша Ніва”, “Комсомольская правда в Белоруссии” (“таўстушка”), “Могилёвская Правда”.

    Між тым, на выказванне Ліліі Ананіч адрэагаваў сайт «Хартыя’97». «Варта адзначыць, што адзіным сайтам, які паслядоўна выступае за байкот “выбараў”, з’яўляецца charter97.org. Таму ясна, каму пагражае Лілія Ананіч», – робіць выснову рэсурс.

    Чым прадыктаваная нервовая рэакцыя ўладаў на агітацыю за байкот менавіта цяпер?

    “Існуючая мадэль асвятлення выбарчай кампаніі фактычна пазбаўляе людзей выбару, – лічыць Алесь Анціпенка. – А яўка выбарцаў – патрэбная”.

    Нагадаем, што галоўная выснова маніторцаў ГА “БАЖ” на гэты момант – мадэль асвятлення сёлетняй выбарчай кампаніі дзяржаўнымі медыя робіць прамоцыю толькі аднаму прэтэндэнту на вышэйшую пасаду, дэпалітызуе выбарчы працэс, стрымлівае канкурэнтную барацьбу палітычных ідэй і платформ, маргіналізуе апанентаў дзеючай улады і рытуалізуе працэс галасавання, г. зн. ператварае яго не больш як у “выкананне выбаршчыкамі свайго пачэснага грамадзянскага абавязку”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці