Падпіска: юрысты спрачаюцца з “Белпоштай” і Мінэканомікі
Як можна аказаць паслугу “прыём падпіскі” без уключэння выдання ў падпісны каталог?
Каб апраўдаць адмовы распаўсюднікаў супрацоўнічаць з незалежнымі СМІ, дзяржаўныя ведамствы займаюцца слоўнай эквілібрыстыкай, сцвярджаючы, што адмова ўключыць выданні ў падпісныя каталогі не парушае антыманапольнага заканадаўства.
“РУП “Белпошта” ўключана ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках… па таварнай пазіцыі “спецыяльная паштовая сувязь: паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасаванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі”, – гаворыцца ў лісце дырэктара дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі І. Фаміна рэдакцыі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай”.
“Уключэнне друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў падпісны каталог не адносіцца да паслугаў спецыяльнай паштовай сувязі, паслуг па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасаванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі”, – сцвярджае чыноўнік.
У чэрвені г.г. газета звярталася да ведамства з просьбай разабрацца, ці не злоўжывае “Белпошта” сваім становішчам. Як паведамлялася раней, прадпрыемства пастаянна адмаўляе недзяржаўным выданням (і не толькі “Газеце Слонімскай”) у заключэнні дамоваў на распаўсюд, спасылаючыся на “немэтазгоднасць”.
З аргументам пра тое, што ўключэнне ў падпісныя каталогі, маўляў, не зяўляецца манапольным правам “Белпошты”, незалежныя СМІ ўжо сустракаліся. У прыватнасці, яго прыводзіла першая намесніца генеральнага дырэктара Алена Скрыпчык у перапісцы з Выдавецкім домам “Інтэкс-прэс”.
Юрысты ў галіне СМІ лічаць, што такі падыход дзяржаўных ведамстваў не грунтуецца на заканадаўстве.
– У задачы Дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі як антыманапольнага органа ўваходзіць выяўленне парушэння антыманапольнага заканадаўства, захады па супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці, нядобрасумленнай канкурэнцыі, іншым парушэнням антыманапольнага заканадаўства дзяржаўнымі органамі, гаспадарчымі суб’ектамі і фізічнымі асобамі, якія не адносяцца да гаспадарчых суб’ектаў, – нагадвае юрыст Вольга Сяховіч.
– Відавочна, што супрацоўнікі Дэпартамента, якія рыхтавалі адказ на зварот «Газеты Слонімскай» (як і шэрагу іншых выданняў раней) не пажадалі разабрацца ў сітуацыі.
У самым адказе з Дэпартамента прыводзіцца вызначэнне, ШТО з’яўляецца паслугамі, якія аказвае «Белпошта» ў адпаведнасці з Правіламі прыёму падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і іх дастаўкі, зацверджанымі Пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь 17 верасня 2007 г. № 32:
Прыём падпіскі – гэта комплекс тэхналагічных аперацый, які складаецца з афармлення абанемента, фармавання заказаў на выпісаныя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і накіравання іх адпаведным распаўсюднікам, рэдакцыям Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў.
Паўнамоцтвам Дэпартамента ў рамках ўскладзеных на яго функцый з’яўляецца аналіз дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на адпаведным таварным рынку (арт. 9 Закона «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі»). Такім чынам, ён павінен быў высветліць, у чым заключаецца аказанне паслугі па прыёме падпіскі.
Дачытаўшы да канца згаданыя вышэй Правілы, з главы 2 «ПАРАДАК АРГАНІЗАЦЫІ І АФАРМЛЕННЯ ПАДПIСКI НА ДРУКАВАНЫЯ СРОДКI МАСАВАЙ IНФАРМАЦЫI» можна даведацца наступнае:
Аператар паштовай сувязі прысвойвае друкаваным сродкам масавай інфармацыі падпісныя індэксы і выдае каталог з указаннем індэксаў, назваў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, перыядычнасці іх выхаду, падпіснога кошту (пункт 5).
Аператар паштовай сувязі ажыццяўляе прыём падпіскі на друкаваны сродак масавай інфармацыі на падставе запоўненага абанемента. Работнік аператара паштовай сувязі правярае дакладнасць пазначэння падпісчыкам ў абанеменце індэксу і назвы друкаванага сродку масавай інфармацыі, падпіснога перыяду і кошту. Аператар паштовай сувязі вызваляецца ад адказнасці пры скажэнні падпісчыкам адрасу атрымальніка ў абанеменце (пункт 10).
Звярнуўшыся ў аддзяленне «Белпошты» або вывучыўшы раздзел «Паслугі» на сайце «Белпошты», можна яшчэ раз пераканацца, што для афармлення абанементу або заключэння тыпавой дамовы па падпісцы на друкаваны СМІ грамадзянін або арганізацыя павінныя абавязкова пазначыць падпісны індэкс выдання, які прысвойвае «Белпошта» ў якасці выдаўца падпіснога каталога.
Такім чынам, уключэнне ў падпісны каталог з прысваеннем падпіснога індэксу з’яўляецца неабходным элементам прыёму падпіскі на тое ці іншае друкаванае выданне. Калі б у Дэпартамента паўсталі сумневы на гэты конт, ён мог бы абавязаць «Белпошту» патлумачыць, якім чынам аказваецца паслуга па прыёме падпіскі без уключэння ў падпісны каталог.