• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці ёсць у Беларусі медыятрэнды?

    Кантэнт-аналіз беларускіх СМІ за сакавік 2015 г.

    Trend (ад анг. агульны накірунак, тэндэнцыя) у медыяпрасторы, – гэта акцэнт, падзея ці з’ява, актуальная ў дадзены час, якая можа выклікаць розныя меркаванні і інтэрпрэтацыі. Інфармацыйныя трэнды выклікаюць дыскусію і публічную спрэчку. Таму існаванне трэндаў у медыяпрасторы заўсёды на карысць як самім СМІ, так і грамадству.

    Ці былі трэндавыя тэмы ў сакавіку? Ці можна сказаць, што дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя ў Беларусі спрачаюцца па важных пытаннях?

    Аналіз беларускіх медыя за сакавік 2015 г. уключае ў сябе параўнанне кантэнту дзяржаўнага і недзяржаўнага друкаванага выдання, паведамленняў інфармагенцтваў і аналіз загалоўкаў публіцыстычных праграм дзяржаўнага і незалежнага каналаў тэлебачання. У межах даследавання выкарыстаны метад колькаснага і якаснага кантэнт-аналізу. Вынікі праілюстраваныя інфаграмамі. Для вылучэння параўнальных крытэраў былі вызначаныя асноўныя тэматычныя  нагоды, актуальныя ў сакавіку 2015 г.

    Тэматычны адбор: абгрунтаванне.

    Тэмы, якія былі актуальнымі для інфармагенцтваў і друкаваных СМІ ў лютым[i] (храналагічна):

    - Візіт П’етра Параліна з Ватыкана. З 12 па 15 сакавіка Мінск наведаў з афіцыйным візітам Дзяржаўны Сакратар Ватыкана, кардынал П’етра Паралін. Чым адметная гэтая падзея? Па-першае, Мінск не так часта наведваюць афіцыйныя асобы такога ўзроўню, па другое – візіт звярнуў увагу на жыццё Каталіцкай царквы ў Беларусі, а пазітыўныя нагоды, звязаныя з рэлігіяй, у беларускім медыядыскурсе з’яўляюцца не часта. Гэта дазволіла зрабіць дапушчэнне, што СМІ зацікавяцца тэмай і паспрабуюць выкласці на сваіх старонках вынікі яе журналісцкай распрацоўкі.

    - Сустрэча прэзідэнта А. Лукашэнка з прадпрымальнікамі. 17 сакавіка кіраўнік дзяржавы наведаў гандлёва-забаўляльны цэнтр “Экспабел” у Мінску, дзе сустрэўся з прадпрымальнікамі. Нагадаем, што новыя правілы Мытнага Саюза, якія ўступілі ў сілу 1 сакавіка 2015 г., вымусілі многіх прадпрымальнікаў альбо закрыць свой бізнес, альбо цалкам яго перабудаваць. Прэзідэнт даў адтэрміноўку прадпрымальнікам на выкананне нормаў Мытнага Саюза да 1 студзеня 2016 г. Ці знайшла сваё месца на старонках газет такая развязка?

    - Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пасяджэнне адбылося ў Маскве, Расія, 3 сакавіка. Гэта палітычная тэма раней зацікавіла б толькі дзяржаўную прэсу і заняла б сваё месца ў раздзеле “Афіцыйная хроніка”. Аднак зараз, у бягучым геапалітычным кантэксце, з улікам канфліктнай сітуацыі на ўсходзе Украіны, міждзяржаўныя дамовы і сам саюз Беларусі і Расіі як утварэнне набывае новы, больш складаны сэнс. Зроблена дапушчэнне, што тэма Саюзнай дзяржавы ў апошні час значна пашырыла сваю аўдыторыю і з’яўляецца значнай для карыстальнікаў незалежных медыя.

    - Смяротны прысуд у Рэчыцы. 18 сакавіка ў Рэчыцы, Гомельская вобл, суд прызнай вышэйшую меру пакарання — расстрэл. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выконваюцца смяротныя прысуды. Як правіла, такія рашэнні судоў выклікаюць (павінны выклікаць) дыскусію ў публічнай прасторы з шырокім спектрам аргументаў як “за”, так і “супраць” смяротнага пакарання.

    - Дзень Волі. Святкаванне Дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі традыцыйна адзначаецца 25 сакавіка. У Мінску прайшло шэсце, у якім узяло ўдзел каля 1000 чалавек.

    - Крушэнне пасажырскага самалёта ў Францыі. 24 сакавіка самалёт A320 нямецкай авіякампаніі Ger­man­wings, які ляцеў з Барселоны з Дзюсельдорф, разбіўся ў французскіх Альпах. На борце было 144 чалавекі, а таксама 6 членаў экіпажа. Катастрофа і вынікі яе расследавання сталі самай гучнай еўрапейскай непалітычнай навіной месяца. Ці былі матэрыялы на гэтую тэму ў беларускіх СМІ?

    Для аналізу кантэнту дзяржаўных і недзяржаўных друкаваных медыя ў сакавіку былі выбраныя штотыднёвікі “7 дней” і “Наша Ніва”.

    “7 дней”, выданне дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, штотыднёвік. Заснавальнік газеты – Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва». Газета выдаецца накладам каля 28 тыс. асобнікаў. Выходзіць шточацвер у фармаце А3, 32 паласы (газетныя старонкі). За сакавік выйшлі 4 нумары газеты, з №10 (1313) па №13 (1316).

    “Наша Ніва”, выдавец газеты – прыватнае прадпрыемства “Суродзічы”. Фармат выдання – 8 палос фармата А2, 16 газетных старонак выходзіць штосераду. За сакавік выйшла 4 нумары газеты (ад №9 за 4 сакавіка да №12 за 25 сакавіка). Наклад – каля 7 тыс. асобнікаў.

    Паколькі выданні з’яўляюцца штотыднёвікамі, матэрыялы пра падзеі сакавіка могуць з’явіцца ў нумарах, якія пабачылі свет ужо на пачатку красавіка. Таму было вырашана ўключыць у даследванне таксама нумар №13 “Нашай Нівы” за 1 красавіка і нумар №14 “7 дней” за 2 красавіка 2015 г.

    Вывучаліся матэрыялы, размешчаныя на 1–7 старонках.

    Для колькасных замераў выкарыстоўваліся копіі артыкулаў, размешчаныя на афіцыйных сайтах выданняў www.7dney.by і www.nn.by.

    Інфаграма. «НАША НІВА» І «7 ДНЕЙ»: АБЯРЫ ТЭМУ, КАБ ПАРАЎНАЦЬ ПАМЕР АРТЫКУЛАЎ

    «наша ніва» і «7 дней»: выберы тэму, каб параўнаць памер артыкулаў | Cre­ate info­graph­ics
     

    Тэма

    “7 дней”

    Загалоўкі артыкулаў

    Памер (тыс. знакаў)

    “Наша Ніва”

    Загалоўкі артыкулаў

    Памер (тыс. знакаў)

    1. Візіт  П’етра Параліна

    Освящен угловой камень (інфармацыя з сайта БелТА )

    0,5

    Чаго прыязджаў кардынал Паралін?

    2,2 (прыкл.)

    1. Сустрэча прэзідэнта А. Лукашэнкі з прадпрымальнікамі

    Конкуренция в равных условиях

    5,6

    Іпэшнікі атрымалі чарговую адтэрміноўку

    1,5 (прыкл.)

    Белорусские ИП смогут продавать товары легпрома без документов до 1 января 2016 года (інфармацыя з сайта БелТА)

    1,2

    ІП дабіліся магчымасці прадаваць тавары без сертыфікатаў да 2016 года №11 4 паласа.

    0,8 (прыкл.)

    1. Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

    Союзное государство: перспективы развития

    7,4

     

    1. Смяротны прысуд у Рэчыцы

     

    Расстрэл за забойства сяброўкі

    0,9 (прыкл)

    1. Дзень Волі. Святкаванне Дня незалежнасці 25 сакавіка

     

    На дзень Волі масава выйшла моладзь + подпісы пад фотаздымкамі

    1,5 (прыкл)

    1 паласа, інфармацыя пра дату

    0,5 (прыкл)

    1. Крушэнне пасажырскага самалёта ў Францыі

     

    Камікадзэ з Дзюсельдорфа

    3,7

    (прыкл)

     

    Апісанне атрыманых дадзеных

    Загалоўкі і колькасныя дадзеныя сведчаць пра тое, што рэдакцыі абмежаваліся інфармацыйнымі звесткамі і пазбеглі глыбокай журналісцкай распрацоўкі ў вызначаным тэматычным полі.

    Паводле лічбаў, “7 дней” самую вялікую ўвагу ў сакавіку надала тэме “Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”. Артыкул па тэме займае большую частку другой паласы №10 за 5 сакавіка. Пра візіт П’етра Параліна штотыднёвік абмежаваўся інфармацыйнай заметкай “у падвале” (ніжняя частка газетнай паласы), – гэтая тэма мае самы нізкі колькасны паказнік. Інфармацыйных матэрыялаў на тэмы “Смяротны прысуд у Рэчыцы”, “Дзень Волі. Святкаванне Дня незалежнасці 25 сакавіка”, “Крушэнне пасажырскага самалёта ў Францыі” на 1–7 старонках “7 дней” за сакавік не выяўлена.

    “Наша Ніва” больш увагі надала тэме “Крушэнне пасажырскага самалёта ў Францыі”, менш за ўсё тэкставай інфармацыі ў газеце было на тэму “Смяротны прысуд у Рэчыцы”. Матэрыялаў на тэму “Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі” на 1–7 паласе нумароў “Нашай Нівы” за сакавік не выяўлена.

    У цэлым з улікам таго, што напаўненне газетнай паласы тэкставымі матэрыяламі можа складаць ад 4 да 9 тыс. знакаў, можна сцвярджаць, што газеты прысвяцілі вылучаным тэмам мінімум сваёй друкаванай прасторы.

    Пра ж што ж пісалі беларускі штотыднёвікі ў сакавіку? Пры праглядзе нумароў “7 дней” і “Нашай нівы” бачна, што кожнае выданне існавала ў сваім “інфармацыйным свеце” і мела сваю цэнтральную тэму месяца. Для “Нашай Нівы” – гэта выбары прэзідэнта, якія маюць адбыцца гэтай восенню. Выданне звяртаецца да тэмы ў двух з чатырох нумароў за сакавік (№12 і №13).

    Тэмай месяца для “7 Дней” у сакавіку было 70-годдзе Перамогі ў Другой Сусветнай Вайне. Газета прысвячае тэматычным матэрыялам першыя палосы двух (№11 і №13) нумароў з чатырох, шырока анансуе конкурсы і кампаніі БелТА, прысвечаныя юбілею.

     “Наша Ніва” друкуе шмат фотаздымкаў – у прыватнасці, да асвятлення тэмы “Дзень Волі”, тры чвэрці 4‑ай паласы №12 запоўненыя выявамі з акцыі. Фота падрабязна падпісаныя.

    Ніжэй – фота да артыкула ў газеце “7 дней” “Конкуренция в равных условиях”, па тэме “Сустрэча прэзідэнта А. Лукашэнка з прадпрымальнікамі”:

    Як бачна, на фотаздымку не заўважна ніводнага незадаволенага твару. Улічваючы праблемны характар сустрэчы і вастрыню ўсяго канфліктнага кантэксту, у якім яна адбывалася, можна зрабіць выснову, што СМІ, друкуючы такое фота, выкарыстала аднабокі падыход да асвятлення падзеі.

    Высновы

    Аналіз дзяржаўных і недзяржаўных медыя Беларусі за сакавік выявіў значныя разыходжанні ў асвятленні галоўных тэмаў месяца.

    “Наша Ніва” больш роўна асвятляла выбраныя тэмы, аднак памер тэкстаў, – у асноўным гэта памер інфармацыйнай нататкі, – сведчыць пра навінавы характар паведамленняў. Гіпотэза пра цікавасць незалежных СМІ да саюзных дамоваў Беларусі і Расіі ў новым геапалітычным кантэксце не пацвердзілася. Незалежнае выданне ўвогуле праігнаравала тэму. Магчыма, гэта адбываецца таму, што спрацоўвае парадыгма ранейшага, “даканфліктнага”, разумення тэмы. У гэтым выпадку можна казаць пра наяўнасць пэўнай інэртнасці мыслення ўнутры рэдакцыі.

    Прыклад інэртнасці іншага характару ў асвятленні гэтай жа тэмы падае і “7 дней”. Артыкул з назвай “Союзное государство: перспективы развития” можна уявіць у любой дзяржаўнай газеце ў любы час пачынаючы з 2 красавіка 1997 г. (дата падпісання дамовы аб Саюзе Беларусі і Расіі). На жаль, такія метады працы выштурхоўваюць выданне з актуальнай інфармацыйнай прасторы, дзе, па ідэі “7 дней” маглі б быць ключавым гульцом.

    “7 дней” лічыць неістотным для сваёй аўдыторыі такія тэмы, як шэсце ў Мінску з удзелам каля 1000 чалавек 25 сакавіка і вынясенне смяротнага прысуду ў Рэчыцы. Ці важныя гэтыя тэмы для грамадства? Так. Ці характарызуюць трэнд? Так. Ці перспектыўныя ў плане журналісцкай распрацоўкі? Так. Ці дапушчальна іх ігнараваць з журналісцкага пункту погляду? Не. Таму маўчанне “7 дней” у гэтых канкрэтных выпадках можна патлумачыць альбо тым, што стандарты журналісцкай працы ў выданні не з’яўляюцца галоўнымі, альбо наяўнасцю ў рэдакцыі нейкага ўнутранага рэгулятара, які працуе па прынцыпах, адрозных ад базавых прынцыпаў журналісцкай дзейнасці.

    Інфармацыйныя агенцтвы

    Для аналізу паведамленняў інфармагенцтваў у сакавіку 2015 былі выбраныя дзяржаўнае прадпрыемства “Белта. Белорусское телеграфное агентство” і прыватнае інфармацыйнае агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН”. Даследаванне праводзілася метадам падліку паведамленняў па ключавых словах. Такім чынам, для даследавання ўзятыя наступныя тэмы і ключавыя словы да іх:

    - Візіт П’етра Параліна. Ключавыя словы для аналізу выбраныя паводле назвы краіны, якую прадстаўляў візітцёр “Ватикан(а)”, ягонага ўласнага імя “Паролин” і  слова “визит”. Мяркуецца, што аналіз слова “візіт” дасць магчымасць вызначыць, якую частку ад асвятлення ўсіх візітаў у сакавіку заняло асвятленне візіта П’етра Параліна.

    - Сустрэча прэзідэнта А. Лукашэнкі з прадпрымальнікамі. Ключавыя словы – гэта бакі сустрэчы “предприниматели” іЛукашенко”, а таксама месца, дзе адбылася сустрэча — “Экспобел”.

    - Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Ключавыя словы – “союзное госсударство”, “Путин” і “Москва” (месца правядзення пасяджэння).

    - Смяротны прысуд у Рэчыцы. Ключавыя словы – “расстрел(у)” і “смертная казнь”.

    - Дзень Волі. Святкаванне Дня незалежнасці 25 сакавіка. Ключавыя словы да тэмы выбраны паводле назвы падзеі – “День Воли” і фармата правядзення – “шествие”. Яшчэ адно ключавое слова – “акция”: ці выкарыстоўваюць і наколькі інтэнсіўна дзяржаўнае і недзяржаўнае агенцтва яго ў сваіх паведамленнях?

    Інфаграма “ЦІ ПІСАЛА БЕЛТА ПРА ДЗЕНЬ ВОЛІ?” дэманструе прапорцыі ў асвятленні вызначаных галоўных тэмаў паводле частаты ўжывання ключавых словаў у паведамленнях інфармагенцтваў за сакавік 2015.

    Паколькі ў паведамленнях словы не заўсёды сустракаюцца ў назоўным склоне, для замераў выкарыстоўваліся таксама формы ў родным склоне (з канчаткамі). Ключавыя словы выкарыстоўваліся на рускай мове, паколькі асноўныя версіі сайтаў (версіі, якія з’яўляюцца пры загрузцы) www.belapan.by і www.belta.by – рускамоўныя.

    Тэма

    Ключавое слова

    БелаПАН

    колькасць узгадаванняў

    Белта

    колькасць узгадаванняў

    Візіт з Ватыкана

    «Ватикан(а)»

    20

    32

    «Паролин»

    24

    26

    «визит»

    53

    54

    Сустрэча прэзідэнта А.Лукашэнкі з прадпрымальнікамі

    «предприниматели»

    51

    39

    «Экспобел»

    19

    12

    «Лукашенко»

    209

    188

    Пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

    «союзное госсударство»

    4

    9

    «Москва»

    56

    138

    «Путин»

    29

    28

    Смяротны прысуд у Рэчыцы

    «расстрел(у)»

    7

    2

    «смертная казнь»

    6

    2

    Дзень Волі. Святкаванне Дня незалежнасці 25 сакавіка

    «день воли»

    21

    0

    «акция»

    41

    79

    «шествие»

    24

    3

     

    Апісанне атрыманых дадзеных

    Статыстыка ўзгадавання ключавых словаў у асноўным роўная, аднак ёсць і разыходжанні. Самая вялікая колькасная розніца выяўленая ва ўзгадаванні сталіцы Расіі. Дзяржаўнае інфармагенцтва ўзгадвала Маскву ў скававіку амаль у 2,5 разы часцей за незалежнае. Большыя паказнікі – толькі ва ўласнага імя “Лукашэнка”. З улікам таго, што ў месяцы прыкладна 21 працоўны дзень, інфармацыя з назвай сталіцы суседняй дзяржавы на сайце БелТА з’яўлялася прыкладна 6 разоў у дзень.

    БелаПАН ужыў слова “шествие” амаль аднолькавую колькасць разоў са словазлучэннем “День воли”, што дае падставу меркаваць, што слова “шествие” як вызначэнне фармату акцыі 25 сакавіка было ўжытае менавіта ў інфармацыйных паведамленнях пра Дзень Волі. Дзяржаўнае інфармагенцтва словазлучэнне “День Воли” не ўжыло ні разу.

    Па статыстыцы ўжывання слова “акция” незалежнае інфармагенцтва заўважна прайграе дзяржаўнаму. БелТА ужывала гэтае слова амаль у два разы часцей за БелаПАН. Відавочна, што паведамленні БелТА не тычыліся акцыі 25 сакавіка. Можна зрабіць выснову, што інфармагенцтва інтэнсіўна асвятляе іншыя акцыі. Якія? Магчыма, гэта мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне, ініцыяваныя дзяржаўнымі структурамі і самім агенцтвам.

    Інфармагенцтвы амаль аднолькавую колькасць разоў ужылі словы “визит” і “Паролин”. Цікава, што ключавое слова “визит” як адно, так і другое агенцтва ўжылі прыкладна ў два разы больш за імя госця з Ватыкана. Гэта значыць, што палова паведамленняў пра візіты ў сакавіку была звязаная з візітам П’етра Параліна.

    Прэзідэнта А. Лукашэнку Белапан ў сакавіку ўзгадваў часцей, чым БелТА. Розніца на карысць незалежнага інфармагенцтва па гэтым ключавым слове адзначаная ўпершыню ў 2015 годзе. Па слову “Путин” дадзеныя амаль аднолькавыя – беларускія інфармагенцтвы, хутчэй за ўсё, узгадвалі прэзідэнта суседняй дзяржавы толькі ў сувязі з пасяджэннем Вышэйшага савета Саюза Беларусі і Расіі.

    Статыстыка ўзгадавання ключавых словаў па тэме “Сустрэча прэзідэнта А. Лукашэнкі з прадпрымальнікамі” сведчыць пра тое, што БелаПАН прапанаваў сваёй аўдыторыі больш інфармацыі па гэтай тэме. Таксама смяротнаму прысуду, вынесенаму ў Рэчыцы, незалежнае агенцтва надало больш увагі, чым дзяржаўнае.

    Інфаграма “КЛЮЧАВЫЯ СЛОВЫ НА БЕЛАПАН І БЕЛТА Ў САКАВІКУ 2015 г.”

    КЛЮЧАВЫЯ СЛОВЫ НА БЕЛАПАН І БЕЛТА Ў САКАВІКУ 2015 | Cre­ate info­graph­ics

    Высновы

    Дадзеныя па вызначаных ключавых словах выявілі разыходжанні ў падачы тэматычнай інфармацыі дзяржаўным і прыватным інфармагенцтвамі. Розніца ўказвае на асаблівасці інфармацыйных палёў, у якіх функцыянуюць агенцтвы. Тым не менш, блізкія паказнікі сведчаць пра тое, што ў большасці выпадкаў як БелаПАН, так і БелТА карыстаюцца аднымі і тымі ж крыніцамі інфармацыі і звяртаюцца да аднолькавых ньюсмэйкераў, галоўным з якіх застаецца прэзідэнт А. Лукашэнка.

     

    “Клуб рэдактараў” і “Размова дня”: кантэнт-аналіз загалоўкаў тэлевізійных праграм

    Для параўнання кантэнту дзяржаўных і недзяржаўных тэлевізійных медыя ў сакавіку былі выбраныя праграмы:

    Абодва медыяпрадукты з’яўляюцца публіцыстычны па сваім накірунку і маюць за мэту прадставіць гледачу цікавых герояў і абмеркаванне актуальнай тэмы. Апісанне праграмаў:

     

    Клуб редакторов, Першы нацыянальны Тэлеканал.

    Размова дня, Белсат

    Канцэпцыя праграмы

    Паводле афіцыйнага сайта Першага нацыянальнага тэлеканала “Клуб рэдактараў” гэта:

    “Проект Агентства теленовостей — дискуссионная площадка, на которой главные редакторы самых авторитетных белорусских изданий будут вести открытый диалог без купюр о самых важных и актуальных общественно-политических событиях в стране и в мире.”

     

    “Темы для обсуждения в «Клубе редакторов» – самые разнообразные, не исключая и самых острых. Главный критерий – насущность и значимость. Это все то, о чем писали каждую неделю белорусские СМИ и обсуждали их читатели.

     

     

    Вядучы — старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

     

    Паводле сайта Белсата “Размова дня” гэта:

     

    Галоўная размова інфармацыйнага дня каналу. Вострая дыскусія, інтэрв’ю на тэму актуальнай грамадска-палітычнай, эканамічнай, культурнай падзеі ці тэндэнцыі дня.

     

    Вядучыя – рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, палітолаг Уладзімір Мацкевіч, журналіст Максім Жбанкоў.

    Перыядычнасць

    1 раз на тыдзень, 4 праграмы за месяц

     5 разоў на тыдзень

    21 выпуск за месяц (сакавік, 2015)

    Хронаметраж выпуску

    каля 35 хв. (прыкладна)

    каля 15 хв.

    Фармат

    Размова ў студыі вядучага з удзельнікамі праграмы – журналістамі, рэдактарамі, чыноўнікамі. Усяго 4 ці 5 гасцей.

    Размова ў студыі вядучага з героем.

     

    Аўдыторыя. На сайтах тэлеканалаў не вызначаная канкрэтная мэтавага група дадзеных медыяпрадуктаў. Высновы пра аўдыторыю можна зрабіць з размяшчэння праграмаў у эфірнай сетцы, а таксама з сацыялагічных дадзеных.

    Размяшчэнне ў сетцы. Клуб редакторов выходзіць у эфір штосуботу а 9.10, з паўторам у панядзелак а 10.05. Размова дня выходзіць у эфір з панядзелка па пятніцу а 21.25.

    Сацыялагічныя дадзеныя. Першы нацыянальны тэлеканал (“Беларусь 1”) – другі па папулярнасці тэлевізійны канал краіны, аўдыторыя якога складае 38,6% ад агульнай суткавай аўдыторыі. За месяц “Беларусь 1” глядзяць больш за 62%. Рэйтынг даверу Першага нацыянальнага канала (“Беларусь 1”) – амаль 83,3%.

    Гледачоў Першага нацыянальнага тэлеканала (“Беларусь 1”) даследаванне “Медыясфера Беларусі”, (Мн, 2014) апісвае як людзей з “высокім узроставым ідэксам і нізкім індэксам адукацыі”. Згодна даследаванню, аўдыторыя “Беларусь 1”, разам з аўдыторыяй каналаў “Паляванне і рыбалка” і “Беларусь 3” мае найменшы індэкс адукацыі (“Медыясфера Беларусі”, Мн, 2014, с.31–32). Найбольш шматлікая група аўдыторыі дзяржаўных тэлевізійных каналаў – гэта людзі, старэйшыя за 60 гадоў, у асноўным жанчыны (58,8%, “Медыясфера Беларусі”с. 30).

    “Белсату”, паводле “Медыясфера Беларусі”, давяраюць менш за палову (40,6%) яго гледачоў. На сваім афіцыйным сайце “Белсат” прыводзіць дадзеныя пра ўласную аўдыторыю (за 2012 год, паводле дадзеных Цэнтрам сацыялагічных даследаванняў “Зеркало-Инфо”). На той момант аўдыторыя канала складала прыкладна 900 тыс чалавек, (22% ад агульнай аўдыторыі Беларусі). “57 % сталых гледачоў “Белсату” складаюць мужчыны, 75 % – маладыя і працаздольныя людзі, з якіх 45 % – гледачы ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Амаль траціна – людзі з вышэйшай адукацыяй (31 %). Калі казаць пра прафесіі, то гэтая група складаецца збольшага з прадпрымальнікаў (19 %), прадстаўнікоў творчых прафесіяў (15 %), а таксама студэнтаў (14 %) і працаўнікоў сферы паслугаў (12 %)” – сцвярджае “Белсат”.

     Такім чынам, на падставе выкладзеных дадзеных можна скласці прыкладны партрэт тыповага гледача выбраных тэлевізійных прадуктаў:

     

    Партрэт гледача

     

    Размова дня, Белсат

    Клуб редакторов, Першы нацыянальны Тэлеканал

     Мужчына ва ўзросце да 49 гадоў з вышэйшай адукацыяй і сталай працай у недзяржаўнай установе.

    Жанчына пенсійннага ўзросту (пасля 60 гадоў) з нізкім індэксам адукацыі.

    Для правядзення тэматычнага аналізу былі ўзятыя назвы праграмаў, якія выйшлі ў эфір у сакавіку. Дадзеныя паводле афіцыйнага сайта Першага нацыянальнага Тэлеканала і афіцыйнага сайта тэлеканала “Белсат”:

    Клуб редакторов, Першы нацыянальны Тэлеканал. Тэмы для абмеркавання

    Размова дня, Белсат.

    Назвы праграмы

    Эфір,

    дата

     

    Как реформировать легпром, и будут ли ради спасения отрасли ограничивать интернет-шопинг за границей.

     

    Рэстаўрацыя ці навабуд? Як ратаваць архітэктурную спадчыну

    31.03.2015

     

    Гавораць па-беларуску, але не лічаць сябе беларусамі. Хто гэтыя людзі?

    28.03.2015

     

    Ігар Варашкевіч: Мастак павінен быць крыху хворым

    26.03.2015

     

    Андрэй Кім: Сёння супраца з уладай будзе шкоднай найперш для апазіцыі

    26.03.2015

     

    Казакевіч: Чаму трасянка не можа ўжывацца ў публічных выступах?

    25.03.2015

     

     

     

    «Последняя отсрочка», «Пить будут меньше?»

     

    Кто главный враг индивидуального предпринимателя: сертификаты, гипермаркеты или «Али экспресс»? И когда торговля на рынке вырастет из детских штанишек а‑ля «поле чудес» и начнет работать по-взрослому?

     

    Недаплюсы валютнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану

    23.03.2015

     

    Віктар Гарбачоў: «Аляксандр Рыгоравіч, пажывіце са мной»

    20.03.2015

     

    Валер Булгакаў пра знікненне Пуціна і псіхапатычны стан беларускага грамадства

    19.03.2015

     

    Лялькоў: Бабруйск стане «беларускім Севастопалем», калі там з’явяцца расейскія вайскоўцы

    19.03.2015

     

    Сяргей Нікалюк: Мы ў крызісе ўжо амаль сто гадоў

    18.03.2015

     

    «На стене висит ружье…»,

    «Миссия мира»,

    «Страсти рекламные».

    Кризис мультикультурализма в Европе: почему цивилизация бессильна перед варварством? И как становятся религиозными фанатиками в «колыбели демократии»?

     

    Сяргей Чыслаў: Ва Украіне – «кааператыўная вайна»

    17.03.2015

     

    Чаму прадпрымальнікі «не лезуць у палітыку»

    14.03.2015

    «Замарожванне канфлікту на Данбасе – не ідэальны варыянт, але адзін з лепшых»

    13.03.2015

    «Дыскрымінацыя» расейскамоўных аўтараў: пусты скандал ці справядлівае абурэнне?

     

    13.03.2015

    Аляксандр Бухвостаў: Летась з 40 прадпрыемстваў заробкі выраслі толькі на адным

    12.03.2015

     

    «Громкое убийство», «Личное и наличное»

    Шопинг на уикенд за границей — показатель того, что белорусы живут плохо, или наоборот хорошо?

    Как отразятся новые таможенные правила «один телевизор в три года» на благосостоянии людей?

     

     

    Ці выратуе беларускі экспарт у Расею дэвальвацыя ў 30 %?

    11.03.2015

    Андрэй Стрыжак: Дзеці гуляюць на пляцоўцы, каля якой разрываюцца снарады

    09.03.2015

    Медыцына для дзетак

    07.03.2015

    «Чыноўнікі выказваюцца за абмежавання продажу алкаголю, але нічога не робяць»

    05.03.2015

    Балыкін: Скаргі прадпрымальнікаў – скаргі тых, хто гандляваў у 90‑я без канкурэнцыі

     

    04.03.2015

    Анатоль Лябедзька: Нямцоў не хацеў быць «прызначаным» апазіцыянерам Крамля

    03.03.2015

     

    Апісанне дадзеных

    “Размова Дня”. Праграма мае вельмі шырокі ахоп тэмаў. У сакавіку ў эфір выйшлі праграмы на наступную тэматыку:

    - культурніцкая, эфіры ад 31, 28, 26, 25, 18 і 13 сакавіка;

    - эканамічная, эфіры ад 20, 14, 12, 04 сакавіка;

    - палітычная, эфіры ад 26, 23, 19, 11, 03 сакавіка;

    - медыцына, здароўе і бяспека, эфіры ад 09, 07, 05 сакавіка;

    - і нават метафізічныя тэмы ў эфірах ад 19 і 18 сакавіка.

    Такім чынам, тэматычнае размеркаванне праграмы “Белсата” “Размова дня” у сакавіку выглядае наступным чынам:

    Тэматыка

    Колькасць праграмаў

    Эфірны час (агульна)

    Культура

     6 праграмаў

    90 хв

    Палітыка

    5 праграмаў

    75 хв

    Эканоміка

    4 праграмы

    60 хв

    Медыцына і здароўе

    3 праграмы

    45 хв

     

    “Клуб рэдактараў” большасць эфірнага часу прысвяціў абмеркаванню эканамічных праблемаў:

    - канфлікту прадпрымальнікаў з уладай,

    - рэфармаванню эканомікі,

    - новым мытным правілам,

    - інтэрнэт-гандлю і інш.

    Агулам эканамічныя праблемы былі тэматычным стрыжнем 3‑х з 4‑х праграмаў у сакавіку. Адзін з выпускаў, згодна назве, быў прысвечаны знешнепалітычным пытанням і праблемам узрастання рэлігійнага экстрэмізму.

    Клуб редакторов: якасны аналіз загалоўкаў

    Трэба адзначыць, што тэматыка выпускаў “Клуба редакторов не фігуруе ў анонсах і не выкарыстоўваецца каналам для прыцягнення аўдыторыі праграмы. Тэмы пазначаныя на старонцы праграмы на афіцыйным сайце канала, побач з відэазапісам. Іх фармулёўкі не з’яўляюцца брэндавымі ці рэкламнымі маркерамі. Тым не менш, некаторыя з іх вартыя даследчыцкай увагі.

    Напрыклад, назва праграмы аднаго з выпускаў “Клуба редакторов“Кризис мультикультурализма в Европе: почему цивилизация бессильна перед варварством? И как становятся религиозными фанатиками в «колыбели демократии»?”  ўсяго ў двух сказах змяшчае неверагодную колькасць штампаў, якая паходзяць з савецкай журналісцкай традыцыі:

    - “цывілізацыя-варварства” – сэнсавая апазіцыя, якая шырока выкарыстоўвалася ў рускамоўным палітычным дыскурсе мінулага стагоддзя;

    - “рэлігійныя фанатыкі”;

    - “колыбель демократии” штамп савецкай прэсы, якім з’едліва называлі агулам усе краіны заходняй Еўропы і ЗША,

    - “мультыкультуралізм” – навуковы тэрмін, які мае на ўвазе змяшэнне культур дзеля іх узаемнага пранікнення, узбагачэння і развіцця (Палітычны слоўнік, анлайн доступ).

    Ці дапушчальна ў адной назве такая складаная камбінацыя? Магчыма, калі рэдакцыя арыентуецца на аўдыторыю, для якой усе гэтыя словазлучэнні напоўненыя сэнсам. Якая гэта аўдыторыя? Вядома, не моладзь і не людзі сярэдняга пакалення. Гледачы “Клуба рэдактараў” – людзі сталага веку, якія ўсё яшчэ памятаюць Савецкі Саюз. Такая назва тэлевізійнай праграмы гучала б “актуальна” як 50, так і 30 гадоў таму. Навошта сёння яе глядзець? Як прывязаны яе змест да актуальных праблемаў? З назвы гэта не зразумела.

    Іншая назва праграмы – “Когда торговля на рынке вырастет из детских штанишек а‑ля «поле чудес» и начнет работать по-взрослому?” выдае неахайную стылістычную манеру, з якой рэдакцыйны калектыў “Клуба редакторов ставіцца да свайго прадукта.

    Ці адпавядаюць тэлевізійныя прадукты заяўленым канцэпцыям? Высновы.

    Клуб редакторов мае вельмі амбіцыйную канцэпцыю. Аўтары праграмы заяўляюць, што “темы для обсуждения в «Клубе редакторов» – самые разнообразные, не исключая и самых острых. Главный критерий – насущность и значимость”. Аднак аналіз тэмаў за сакавік не выявіў заяўленай разнастайнасці. У разгледжаных выпусках праграмы ўздымаліся ў асноўным эканамічныя пытанні, у прыватнасці, прадпрымальніцкая дзейнасць. Чаму менавіта ў сакавіку гэтае пытанне паўстала настолькі востра? Можна дапусціць, што за тэматычнымі фармулёўкамі хаваецца адна вялікая інфармацыйная нагода, вакол якой і выбудаваны ўвесь тэматычны план “Клуба рэдактараў ”на месяц, а менавіта – сустрэча з прадпрымальнікамі прэзідэнта А. Лукашэнкі ў гандлёвым цэнтры “Экспабел” 17 сакавіка.

    Стваральнікі “Размовы дня заяўляюць пра сваю праграму як пра “галоўную размову інфармацыйнага дня каналу. Вострая дыскусія, інтэрв’ю на тэму актуальнай грамадска-палітычнай, эканамічнай, культурнай падзеі ці тэндэнцыі дня”. Па-першае, фармат інтэрв’ю не прадугледжвае дыскусіі, – дзеля гэтага пратрэбныя як мінімум два героі. Па-другое, згодна канцэпцыі, гледачам у студыі павінны быць прадстаўлены “герой дня” – той, хто вызначыўся менавіта сёння і адметны ў гэты момант і час. Аднак тэмы “Размовы дня” з’яўляюцца “вечназялёнымі”, г. зн., цікавымі, але не прывязанымі да канкрэтнай даты ці падзеі.

    У сакавіку “Размова дня прадставіла сваім гледачам некалькі выпускаў на тэму канфлікта ва Украіне (эфір 17 і 14 сакавіка). Аднак аўтары абышлі ўвагай навіны еўрапейскай палітыкі і тэндэнцыі ў знешняй палітыцы РБ (акрамя эканамічных пытанняў і саюза Беларусі, Расіі і Казахстана). Рэдакцыя канала тэхнічна і канцэптуальна (маецца на ўвазе незалежны статус медыя) мае магчымасць запрашаць англамоўных экспертаў і адмыслоўцаў. Увогуле, магчымасці “Белсата” дзеля асвятлення трэндавых сусветных тэндэнцый непараўнальна большыя, чым у дзяржаўнага ТБ. Чаму б іх не выкарыстаць?

    Пры гэтым незалежнае тэлебачанне працуе на непараўнальна больш разнастайным тэматычным полі, чым дзяржаўнае. Аналіз загалоўкаў “Размовы дня за сакавік сведчыць, што стваральнікі праграмы бачаць грамадства як скаладны механізм. Відавочна, што праграма з такім наборам тэмаў і герояў у студыі значна ўзбагаціла б кантэнт дзяржаўнага тэлебачання.

    Задача журналістаў – не толькі рэагаваць на падзеі, але і прадбачыць іх. Трымаць руку на пульсе і ў той жа час ведаць, дзе б’ецца “сэрца”, якое гоніць кроў па інфармацыйным “целе”. Калі мець на ўвазе прынцыпы функцыянавання публічнай сферы, вылучэнне асобнага героя ці трэнда будзе не самай складанай задачай. Аднак пакуль СМІ – як дзяржаўныя, так і незалежныя – працуюць постфактум. Асноўны тып медыяпрадукта, які яны прапануюць аўдыторыі, – гэта “рэакцыя” і “меркаванні”.

    З аналізу за сакавік 2015 вынікае, што недзяржаўныя медыя ўздымаюць праблемныя тэмы і патэнцыйна праяўляюць гатовасць да дыскусіі, аднак дзяржаўныя СМІ альбо замоўчваюць падзеі, альбо даюць іх аднабаковую інтэрпрэтацыю. Існаванне ў паралельных медыяпрасторах дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі ў гэты перыяд часу могуць пераадолець толькі значныя для ўсіх гульцоў медыйнага поля інфармацыйныя нагоды, якіх у сакавіку 2015 г. не было.

     

     

    [i] На думку аўтара даследвання.

     

    На гэтую ж тэму:

    Люты 2015: як і пра што пісалі і гаварылі ў Беларусі?

    Дзяржаўная і недзяржаўная прэса ў Беларусі: асноўныя тэмы і іх асвятленне. Студзень 2015 г.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці